ГАРО́ШАК (Vicia),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 11 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя гарошкі: валасісты — V. hirsuta, вузкалісты — V. angustifolia, кашубскі — V. cassubica, мышыны — V. cracca, зараснікавы — V. dumetorum, гарохападобны — V. pisiformis, плотавы — V. sepium, лясны — V. sylvatica, танкалісты — V. tenuifolia, чатырохнасенны — V. tetrasperma і 4 інтрадукаваныя (гарошак буйнакветны — V. grandiflora, нарбонскі — V. narbonensis, панонскі — V. pannonica, пацеркападобны, або франц. сачавіца, — V. ervilla) віды. Дзікарослыя віды трапляюцца ў лясах, на лугах, у хмызняках, уздоўж дарог, на пустках, у населеных мясцінах і як пустазелле; інтрадукаваныя вырошчваюць ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі і на доследных дзялянках. Да культ. відаў гарошку адносіцца і віка. Да роду гарошку іншы раз адносяць боб.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны са слабым узыходным, ляжачым, зрэдку прамастойным галінастым сцяблом Лісце парнаперыстаскладанае, з прылісткамі, вусікамі ці шчацінкамі. Кветкі адзіночныя або па 2—3 у пазухах лісця ці ў гронкападобных суквеццях. Вяночак рознага колеру (найчасцей сіні, фіялетавы, блакітны, пурпурны, бэзавы). Плод — струк на ножцы, лінейны ці падоўжаны, шматнасенны. Каштоўныя кармавыя, зернефуражныя, лек. меданосныя і дэкар. расліны, некат. віды – пустазелле.

Гарошак плотавы.

т. 5, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫ́ЧКА (Gentiana),

род кветкавых раслін сям. гарычкавых. Каля 400 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі трапляюцца: гарычка веснавая (G. verna) — вельмі рэдкі сярэднееўрапейскі горны рэліктавы від, адзначаны ў Пухавіцкім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., расце на вільготных лугах; гарычка крыжападобная, або сакаліны пералёт (G. cruciata), — рэліктавы лесастэпавы від, трапляецца рэдка, пераважна ў паўн. раёнах, расце на астэпаваных схілах узгоркаў, сухіх лугах, на лясных палянах і ўзлесках; гарычка лёгачная, або звычайная (G. pneumonanthe), трапляецца зрэдку па ўсёй тэр., расце на лугах, у хмызняках. гарычка веснавая і крыжападобная занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Гарычка лёгачная патрабуе прафілактычнай аховы. У Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі вырошчваюцца 2 інтрадукаваныя віды — гарычка трохкветная (G. tricolor) і тыбецкая (G. tibetika).

Шматгадовыя травяністыя і паўкусцікавыя расліны з голым пустым прамаслойным ці прыўзнятым сцяблом. Лісце суцэльнае, супраціўнае, звычайна падоўжана-ланцэтнае, ніжняе часта ў разетцы. Кветкі адзіночныя або сабраныя ў верхавінкавыя ці пазушныя суквецці, звычайна буйныя, ярка афарбаваныя (сінія, блакітныя, фіялетавыя, радзей пурпуровыя і жоўтыя), 4—5-членныя. Вяночак трубчасты або трубчаста-лейкападобны. Плод — каробачка. Лек. (выкарыстоўваюцца ў афіцыйнай і нар. медыцыне), харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя.

Гарычка: 1 — веснавая; 2 — звычайная.

т. 5, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНА́Т (Punica),

род кветкавых раслін сям. гранатавых. 2 віды. Пашыраны ў Пярэдняй, Сярэдняй і Малой Азіі. Растуць у гарах на сухіх скалістых, друзаватых і гліністых схілах, у далінах рэк. Найб. вядомы гранат звычайны (P. granatum). На Беларусі яго вырошчваюць у аранжарэях.

Лістападныя галінастыя кусты або невял. дрэвы выш. да 5—10 м з шарападобнай кронай і калючымі парасткамі. Лісце скурыстае, вясной афарбавана ў чырв. колер. Кветкі адзіночныя або сабраныя ў пучкі па 3—5 на канцах галінак, ярка-пурпуровыя, аранжава-чырвоныя (зрэдку белыя ці жаўтаватыя, ёсць дэкар. формы з махрыстымі кветкамі). Плод несапраўдны ягадападобны (гранаціна), са скурыстым покрывам (каляплоднікам) і 6—12 гнёздамі, якія напоўнены насеннем з сакавітым вонкавым слоем насеннай лупіны; маса да 800 г (у культ. сартоў) і болей. Размнажаецца вегетатыўна, рэдка насеннем. З даўніх часоў гранат культывуюць у субтрапічных краінах як пладовыя і дэкар. расліны. Вядома больш за 100 сартоў. Плады спажываюць, перапрацоўваюць. Сакаўная абалонка насення мае да 75% соку, багатага вітамінам C. У кары ёсць дубільныя рэчывы (да 32%), алкалоіды і інш., у скурцы пладоў — дубільнікі і фарбавальнікі, выкарыстоўваецца ў медыцыне як процігліставы і проціцынготны сродак.

Г.​У.​Вынаеў.

Гранат.

т. 5, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНО́ЧАК (Campanula),

род кветкавых раслін сям. званочкавых. Каля 400 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 12 дзікарослых: З. балонскі (C. bononiensis), жорсткавалосы, або аленевы (C. cervicaria), крапівалісты (C. trachelium), круглалісты (C. rotundifolia), мучністы (C. farinosa), персікалісты (C. persicifolia), раскідзісты (C. patula), рэпчатападобны, або рапунцэлепадобны (C. rapunculoides), рэпчаты, або рапунцэль (C. rapunculus), сібірскі (C. sibirica) скучаны, або зборны (C. glomecata), шыракалісты (C. latifolia) і 10 інтрадукаваных: бледна-вохрысты (C. ochroleuca), карлацкі (C. carpatica), кропкавы (C. punctata), сармацкі (C. Sarmatica), сярэдні (C. media), узгоркавы (C. collina), часночніцалісты (C. alliarifolium) і інш. відаў. З. рэпчаты, сібірскі і шыракалісты занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным простым ці галінастым сцяблом выш. да 120 см. Лісце амаль сядзячае або на кароткіх чаранках, чаргаванае, суцэльнае, іншы раз у прыкаранёвай разетцы. Кветкі званочкавыя, лейкападобныя. адкрытыя да колападобных, рознага колеру (найчасцей сінія, блакітныя, фіялетавыя, белыя), адзіночныя або ў галінастых суквеццях. Чашачка 5-зубчастая, часта з прыдаткамі паміж зубцамі. Плод — каробачка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Карані і лісце некат. відаў (напр., З. рэпчатага) ядомыя.

Г.​У.​Вынаеў.

Званочак: 1 — зборны; 2 — сібірскі; 3 — персікалісты; 4 — карпацкі.

т. 7, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЮШЫ́НА (Trifolium),

род двухдольных кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях Паўн. паўшар’я, некат. віды ёсць ў гарах Паўд. Амерыкі і трапічнай Афрыкі. На Беларусі 15 дзікарослых. Найб. вядомыя К.: гібрыдная, або ружовая (T. hybridum), лутавая, або чырвоная (T. pratense), паўзучая, або белая (T. repens). 8 інтрадукаваных: К. александрыйская, або егіпецкая, бурсіма (T. alexandrinum), бледна-жоўтая (T. ochroleucum), валасістагаловая (T. trichocephalum), каўказская (T. caucasicum), мяса-чырв. (T. incarnatum) і інш. Растуць на лугах, пашах, у лясах, акультураныя часам дзічэюць. К. лубінавая (T. lupinaster) і чырванаватая (T. rubens) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з узыходнымі, прамастойнымі або распасцёртымі аблісцелымі сцёбламі, стрыжнёвымі, цыліндрычнымі ці верацёнападобна патоўшчанымі каранямі (у некаторых відаў карэнішча). На дробных карэньчыках утвараюцца каранёвыя клубеньчыкі, у якіх месцяцца клубеньчыкавыя бактэрыі, што засвойваюць азот паветра. Лісце чаргаванае, трайчастае ці пальчата-складанае з 5—9 суцэльна-крайнімі лісцікамі з прылісткамі. Кветкі дробныя, двухполыя, зігаморфныя (матыльковага тыпу), рознага колеру, у галоўчатых цыліндрычных, шарападобных і інш. суквеццях. Плод — дробны струк. Кармавая (мае шмат пратэіну), сідэральная (азотфіксавальная — павялічвае ўрадлівасць глебы), лек., меданосная і дэкар. расліна.

Г.​У.​Вынаеў.

Канюшына: 1 — чырванаватая; 2 — лубінавая.

т. 8, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́Ч (Iris),

род кветкавых раслін сям. касачовых. Каля 250 відаў і 30 тыс. сартоў, якія ўзніклі ў выніку скрыжавання шэрагу відаў, аб’яднаных пад назвай К. гібрыднага садовага (I. hybrida hort). Пашыраны ва ўмераных паясах Паўн. паўшар’я. Трапляюцца ў стэпах, утвараюць касачовыя стэпы. На Беларусі 3 дзікарослыя віды К.: бязлісты (I. aphylla); сібірскі (I. sibirica, нар. назвы дзікія агуркі, калацец), абодва занесены ў Чырв. кнігу; жоўты (I. pseudacorus, нар. назвы косіца, кошыц, касарыкі, вужачкі). Трапляюцца па хмызняках у рачной пойме, на заліўных лугах, ускрайках балот. Сарты К. гібрыднага садовага: Крысмес Тайм (белы), Блю Сапфаер (блакітны), Уан Дэзайр (ружовы), Віта Файр (чырв.), Лаймлайт (жоўты), Аметыст Флейм (бэзавы), Вебеш (двухколерны) і інш.

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны з адзіночнымі або некалькімі сцёбламі-кветаносамі выш. 30—150 см. Лісце лінейна- ці ланцэтна-мечападобнае, часта па 5—10 (12) лістоў у веерападобным прыкаранёвым пучку. Кветкі буйныя, правільныя, з доўгай трубкай і 6-раздзельным вяночкападобным яркаафарбаваным адгінам. Для К. характэрна пратэрандрыя. Плод — 3-гранная каробачка. Фарбавальная і лек. расліна. З карэнішчаў некат. К. атрымліваюць духмянае рэчыва ірон для парфумерыі. Адзін з найб. папулярных дэкар. мнагалетнікаў, вядомы ў культуры з пач. 17 ст.

Касачы.

т. 8, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РКВА (Daucus),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Паўд. Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Амерыцы, Афрыцы і Аўстраліі. У культуры вядома з 2 ст. да н.э., у Еўропе — з 14 ст. н.э. На Беларусі 1 дзікарослы від (D. carota) з тонкім неядомым караняплодам зрэдку трапляецца ў хмызняках, на схілах, каля дарог. Культывуецца М. пасяўная (D. sativus).

Двух-, зрэдку адна- і шматгадовыя травы з галінастым сцяблом выш. да 100 см. Караняплоды рознай формы і колеру. Лісце перыста-рассечанае. Дробныя кветкі ў складаным парасоніку. Плод — віслаплоднік. Насенне, асабліва дзікіх відаў, мае спецыфічны пах і багатае эфірнымі алеямі. М. пасяўная — адна з асн. агароднінных раслін, вырошчваецца таксама на корм. У культуры двухгадовая расліна, з патоўшчаным сакавітым караняплодам аранжавага, жоўтага, белага, ружовага і фіялетавага колеру. Аранжавыя карані багатыя правітамінам A — карацінам. Лек., харч., кармавая, меданосная расліна.

Літ.:

Переднев В.П. Как вырастить и сохранить морковь. Мн., 1986;

Переднев В.П., Макаревич А.И. Морковь на грядке, на столе и в народной медицине. Мн., 1998.

У.​П.​Пярэднеў.

Морква: 1 — часткі расліны; 2 — сорт Шантэнэ; 3 — сорт Парыжская карацель 443, 4 — сорт Валерыя; 5 — падвіды ўсходняй (азіяцкай) морквы.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДАНАКВЕ́ТНЫЯ, астравыя (Compositae, або Asteraceae),

сямейства двухдольных раслін парадку астравых. Найб. арганізаваныя прадстаўнікі вышэйшых раслін. Адзін з гал. ачагоў развіцця С. — сухія нагор’і Цэнтр. Мексікі. Удзельнічаюць у фарміраванні расл. покрыва ў паўпустынях, альпійскім поясе тропікаў і інш. Больш за 1 тыс. родаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі каля 250 відаў з 60 родаў. Буйнейшыя — бадзяк, васілёк, дзівасіл, зубнік, крываўнік, палын, пупок, старасцень, чартапалох, ястрабок. У садах і парках, радзей у пакоях культывуюцца каля 20 відаў з 12 родаў (напр., аксаміткі, вяргіня, пірэтрум, рудбекія).

Адна- і шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты і дрэвы (у тропіках). Лісце простае, чаргаванае ці супраціўнае без прылісткаў. Для вегетатыўных органаў характэрны млечнікі або смаляныя хады. Трубчастыя кветкі размешчаны ў цэнтры кветаложа, афарбаваныя язычковыя — па краі. Суквецце — кошык, які мае ад аднаго (мардоўнік) да 1 тыс. і больш (сланечнік) кветак. Звычайна кошыкі сабраны ў разнастайныя верхавінкавыя суквецці (мяцёлчатыя, шчыткападобныя і інш.). Плод — сямянка. Сярод С. алейныя (напр., сафлор, сланечнік), агароднінныя (напр., артышок, салата), лек. (напр., календула, піжма, рамонак, палын, дэкар. (напр., астра, вяргіня, хрызантэма) расліны, некат. пустазелле [напр., амброзія, асот, галінзога (амерыканка), лопух, чартапалох].

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНЕ́ЧНІК (Helianthus),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 70 (паводле інш. звестак да 110) відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. і Паўн. Амерыцы. Культывуюцца С. алейны, або аднагадовы (H. annuus), і тапінамбур. У пач. 16 ст. С. завезены ў Еўропу, дзе яго вырошчвалі як дэкар., а пазней агароднінную (насенне) культуру; у Расіі — з канца 17, як алейная — з сярэдзіны 19 ст. На Беларусі вырошчваюць С. алейны як харч., кармавую, меданосную расліну.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты (выш. ад 20 см да 4—6 м) з простымі ці разгалінаванымі ўверсе сцёбламі.

Лісце чаргаванае або супраціўнае, зубчастае, апушанае, чаранковае. Суквецці — адзіночныя кошыкі на верхавінках сцябла і яго бакавых галінак, дыяметрам 4—70 см, маюць да J тыс. кветак. Шэрагу відаў С. ўласцівы геліятрапізм (асобны выпадак фотатрапізму). Плод — сямянка. З насення С. алейнага атрымліваюць сланечнікавы алей, макуха і шрот — высокабялковы корм для жывёл, кошыкі суквеццяў перапрацоўваюцца на муку, разам з зялёнай масай ідуць на сілас. Харч., лек., тэхн., дэкар., кармавыя, меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сланечнік: 1 — агульны выгляд: 2 — спелы кошык; 3 — кошык у разрэзе; 4 — плады сланечніку (а — алейнага; б — прамежкавага; в — грызавога).

т. 14, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДЗЯ́Н (Illicium),

род кветкавых раслін сям. іліцыевых. 42 віды. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, у Паўд. Амерыцы і на ПдУ Паўн. Амерыкі. Найб. вядомы бадзян сапраўдны, або кітайскі, аніс зорчаты (Illicium verum) — вострапахучая расліна. Інтрадукаваны на Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа разам з інш. (амерыканскімі) відамі — бадзяном фларыдскім (Illicium floridanum) і драбнакветкавым (Illicium parviflorum).

Шматгадовазялёныя кусты і дрэвы. Бадзян сапраўдны — дрэва выш. да 10 м са скурыстым падоўжана-эліптычным лісцем з суцэльным краем. Кветкі двухполыя, шматпялёсткавыя, адзіночныя. Плод — цыклічная скурыстая або дравяністая шматлістоўка ў выглядзе своеасаблівай зоркі (адсюль другая назва «аніс зорчаты»). Пашыраны ў Індакітаі, Паўд. Кітаі і інш. раёнах Паўд.-Усх. Азіі. Харч. (плады выкарыстоўваюць як вострую прыправу для араматызацыі лікёраў, вінаў, кандытарскіх вырабаў і інш.), тэхн. і лек. (лісты, плады і алей) расліна. Бадзян анісавы, ці японскі, або японскі зорчаты аніс, так зв. сікімі (Illicium anisatum, або Illicium religiosum) — ядавітая расліна (асабліва плады, якія маюць алкалоід скіміянін). Пашыраны ў Японіі, Карэі, Кітаі. Старажытная культавая расліна (алей выкарыстоўваецца ў храмах як свяцільны сродак, тоўчаныя кара і насенне — для паху). Плады бадзяну японскага вельмі падобныя на плады бадзяну сапраўднага, таму выкарыстоўваюць іх для фальсіфікацыі ў гандлі. З пладоў усіх відаў бадзяну атрымліваюць эфірны алей, у якім да 90% анетолу.

Бадзян анісавы.

т. 2, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)