род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 200 відаў. Пашыраны ў нетрапічных зонах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 19 відаў. Найб. вядомыя Ш.: вераб’інае, або малое, ці шчаўлюк (R. acetosella), кіслае, або звычайнае (R. acetosa), конскае (R. confertus), кучаравае (R. crispus), лясное (R. sylvestris), пірамідальнае (R. thyrsiflorus). Трапляюцца на лугах, узлесках, травяністых схілах, балотах. Культывуюць садовыя формы і сарты Ш. кіслага і маршчакаватага (R. rugosus).
Адна- і шматгадовыя травяністыя і паўкустовыя расліны выш. да 120 см. Сцёблы прамыя, разгалінаваныя. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, суцэльнае, лінейнае ці стрэлкападобнае. Кветкі дробныя, сабраныя ў мяцёлчатае суквецце. Плод арэшкападобны. Лек., агароднінныя, кармавыя расліны, многія віды — пустазелле.