ЯСНО́ТКАВЫЯ (Lamiales),

парадак двухдольных раслін. 3 сям. — вербенавыя, ясноткавыя і балотнікавыя. Больш за 300 родаў, каля 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 60 дзікарослых і шэраг інтрадукаваных відаў з родаў базілік, вербена, гарлянка, душыца, кадзіла, сардэчнік, шалфей і інш.

Травы, паўкусты, радзей кусты, ліяны і дрэвы. Лісце пераважна супраціўнае, простае, без прылісткаў. Кветкі ў суквеццях, няправільныя, вяночак злучанапялёсткавы, часта двухгубы, адсюль другая назва — губакветныя. Плод — касцянка або 4-арэшак. Большасць Я. эфіраалейныя расліны. Шэраг відаў (лаванда, мята, размарын, шалфей, маяран і інш.) ужываюць як прыправу, выкарыстоўваюць у парфумерыі, медыцыне (мята, сардэчнік), атрымліваюць эфірныя (лаванда, размарын) або тлустыя тэхн. алеі (лялеманцыя, перыла). Харч., тэхн., лек., меданосныя, дэкар. расліны.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5, ч. 2. Цветковые растения. М., 1981.

т. 18, кн. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)