ЦЫТРО́Н (Citrus medica),

кветкавая расліна сям. рутавых. Вядомы толькі ў культуры ў краінах з трапічным і субтрапічным кліматам. Радзіма — Індыя і Кітай. Завезены ў Міжземнамор’е арміяй Аляксандра Македонскага за 300 г. да н.э., у Месапатаміі вядомы за 4 тыс. гадоў да н.э.

Вечназялёны куст або дрэва выш. да 3 м. Галіны з адзіночнымі пазушнымі калючкамі даўж. да 5 см. Лісце буйное, падоўжана-авальнае, шчыльнае. Кветкі белыя з чырванаватым адценнем, буйныя, адзіночныя або ў суквеццях. Лімонна-жоўтыя, радзей аранжавыя плады даўж. да 14 см, масай 1—2 кг, падобныя на вял. лімон, маюць кісла-салодкі, злёгку гаркаваты смак, ідуць на цукаты, мармелад, варэнне. З лісця, кветак і лупін атрымліваюць эфірны алей. Харч., тэхн., дэкар. расліны.

Квітучая галінка і плод цытрону.

т. 17, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)