ЧАБО́Р (Thymus),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 150 (паводле інш. звестак 400) відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і ў Паўн. Афрыцы. Некалькі відаў, асабліва Ч. звычайны (Tn. vulgaris), вырошчваюць як эфіраалейныя і лек. культуры ў краінах Еўропы і Амерыкі. На Беларусі 3 віды Ч.: блышыны (Th.pulegioides), паўзучы, або звычайны, ці багародская трава (Th. serpyllum, нар. назвы цымбер, цэбрык, калатовічкі), Маршала (Th.marschallianus). Трапляюцца на пясчаных схілах, у хмызняках, узлесках, уздоўж дарог.
Нізкія кусцікі і паўкусцікі з паўзучымі прыўзнятымі дравяністымі сцёбламі. Лісце супраціўнае, суцэльнае, чаранковае або сядзячае. Кветкі дробныя, у несапраўдных кальчаках, сабраныя ў галоўчатыя ці коласападобныя суквецці. Плод — арэшак. З лісця Ч. атрымліваюць эфірны алей, які выкарыстоўваюць у медыцыне, парфумерыі і харч. прам-сці. Лек., тэхн., харч. расліны.
т. 17, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)