ЯЗМІ́Н, язмін садовы,

цыбушнік (Philadelphus),

род кветкавых раслін сям. гартэнзіевых. 75 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Растуць у падлеску шыракалістых і мяшаных лясоў, па схілах сярод хмызняку. На Беларусі інтрадукаваны цыбушнікі буйнакветны (P. grandiflorus), венцаносны (P. coronarius), Гордана (P. gordonianus) і інш.; выведзена шмат сартоў і форм.

Лістападныя кусты выш. 2—4 м. Парасткі прамыя, тоўстыя, спачатку зялёныя, потым жаўцеюць. Лісце супраціўнае ад яйцападобнага да ланцэтнага, суцэльнакрайняе або зубчастае. Кветкі дыям. 2—5 см, белыя ці крэмавыя, адзіночныя або па 2—3 у канцавых гронках, часта з моцным пахам. Плод — каробачка. Драўніна цвёрдая, з яе вырабляюць цыбукі (адсюль назва). Кветкі выкарыстоўваюць у парфумерыі. Меданосныя, дэкар. расліны.

Язмін: 1 — садовы (цыбушнік буйнакветны); 2 — лекавы; 3 — адвернуты.

т. 18, кн. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)