род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 1000 (паводле інш. звестак, да 15 тыс.) відаў. Для Я. характэрны апаміксіс і міжвідавая гібрыдызацыя, што прыводзіць да ўтварэння разнастайных форм. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я і гарах тропікаў. На Беларусі каля 50 відаў. Найб. вядомыя Я.: гаёвы (H. sylvularum), лясны (H. sylvestre), ніткападобналісты (H. filifolium), парасоністы (H. umbellatum) і інш. Трапляюцца ў лясах, на ўзлесках, палянах, лугах.
Шматгадовыя травяністыя апушаныя расліны выш. 7—170 см. Сцёблы ад густааблісцелых да амаль бязлістых (лісце ў прыкаранёвай разетцы). Кветкі дробныя, сабраныя ў кошыкі, двухполыя, язычковыя, жоўтыя, радзей аранжавыя. Плод — сямянка. Лек., дэкар. расліны, некат. пустазелле.