ЧАЧО́ТКА, карэльская бяроза (Betula pendula var. carelica),
кветкавая расліна сям. бярозавых, разнавіднасць бярозы павіслай. Пашырана ў паўн. і цэнтр.ч. Еўропы. На Беларусі, акрамя паўд.-ўсх. і паўд. раёнаў, расце ўсюды асобнымі дрэвамі, радзей курцінамі ў мяшаных лясах. Бярэзнікі з Ч. ў Боркаўскім і Калінінскім лясніцтвах Івацэвіцкага р-на — помнікі прыроды рэсп. значэння.
Лістападнае дрэва выш. да 25 м або куст. Крона шырокая, раскідзістая, з вілаватым галінаваннем. На ніжняй ч. ствала і галінах утвараюцца наплывы і нарасці розных памераў. Паверхня драўніны пад карой рэльефная, на папярочным зрэзе — характэрны зоркападобны малюнак. Лісце трохвугольна-яйцападобнае. Плод — арэх. Драўніна Ч. жоўтая, вельмі цвёрдая, з прыгожай мармурападобнай тэкстурай, ідзе на выраб мэблі, муз. інструментаў, маст. вырабаў, аддзелку інтэр’ераў.