1) у тэлефаніі і тэлеграфіі — камутацыйная прылада для злучэння абаненцкіх ліній у аўтаматычных тэлеф. і тэлегр. станцыях і інш. апаратах аўтаматыкі. Мае 1 уваход і некалькі выхадаў, забяспечвае (разам з блокам кіравання) выбар аднаго з выхадаў і далучэння да яго ўваходу. Гл. таксама Камутатар.
2) Ш. пашкоджанняў — прылада для выяўлення месца Пашкоджання ліній электраперадачы (напр., кароткага замыкання ці абрыву правадоў). Прынцып дзеяння звычайна грунтуецца на вымярэнні інтэрвалу часу паміж пасылкай эл. імпульсу і прыёмам імпульсу, адбітага ад месца пашкоджання.
3) Ш. у астраноміі — дапаможная астр. труба, аптычная вось якой паралельная аптычнай восі асн. тэлескопа. Мае большае поле зроку; служыць для хуткага адшукання на небе патрэбнага аб’екта і навядзення на яго тэлескопа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННА-ДЗІ́РАЧНАЯ ВА́ДКАСЦЬ,
кандэнсаваны стан нераўнаважнай электронна-дзірачнай плазмы ў крышт. паўправадніках. Утвараецца, калі канцэнтрацыя электронаў у зоне праводнасці і дзірак у валентнай зоне і/ці эксітонаў перавышае некаторае крытычнае значэнне.
Пры крытычнай канцэнтрацыі электронна-дзірачных пар адбываецца звадкаванне эксітоннага газу, у выніку чаго ўзнікаюць кроплі Э.-дз.в., якія суіснуюць з газам эксітонаў, электронаў і дзірак. Кроплі Э.-дз.в. ўяўляюць сабой «згусткі» ўведзенага ў крышталь узбуджэння. Энергія ўзбуджэння вылучаецца ў працэсе рэкамбінацыі электронаў і дзірак. Утварэнне Э.-дз.в. больш імаверна ў непрамазонным паўправадніку, энергія электронаў (дзірак) якога мае некалькі мінімумаў (максімумаў) пры розных значэннях квазіімпульсу.
Літ.:
Электронно-дырочные капли в полупроводниках. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКО́БІ Барыс Сямёнавіч (21.9.1801, г. Патсдам, Германія — 27.2.1874),
расійскі фізік і электратэхнік, стваральнік гальванатэхнікі. Акад. Пецярбургскай АН (1847, чл.-кар. 1838). Брат К.Г.Я.Якобі. Вучыўся ў Берлінскім і Гётынгенскім ун-тах. З 1835 праф. Дэрпцкага (цяпер Тартускага) ун-та. Вынайшаў электрарухавік (1834) і выкарыстаў яго на судне (1838; электраход Я.). Адкрыў гальванапластыку (1838) і прапанаваў спосабы яе выкарыстання. Даследаваў з Э.Х.Ленцам электрамагніты і прапанаваў методыку іх разліку (1838—44), стварыў некалькі тыпаў тэлеграфных апаратаў (1840—50). Праводзіў даследаванні па ваен. электратэхніцы, эл. вымярэннях і метралогіі. Вялікі залаты медаль на Сусветнай прамысл. выстаўцы ў Парыжы (1867).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭО́РЫ (ад грэч. meteōra атмасферныя з’явы),
з’явы, што ўзнікаюць у зямной атмасферы пры пранікненні ў яе часцінак касм. рэчыва — метэорных цел. Бел. народная назва М. — знічкі.
Метэорныя целы ўваходзяць у атмасферу Зямлі з адноснымі скорасцямі ад 11 да 73 км/с. Пры ўзаемадзеянні з паветрам кінетычная энергія метэорных цел ідзе на награванне і выпарэнне цел, узбуджэнне і іанізацыю малекул паветра і пары метэорнага рэчыва. Некалькі працэнтаў энергіі пераходзіць у светлавую. Даўжыня шляху М. у атмасферы — каля 100 км, большасць метэорных цел згарае ў атмасферы на вышыні больш за 80 км. Вельмі яркія М. наз.балідамі, часам яны заканчваюцца выпадзеннем на паверхню Зямлі метэарытаў. Маса М. — ад 0,001 г да некалькіх грамаў. На ясным начным небе простым вокам можна бачыць звычайна каля 10 М. за гадзіну. За суткі ў атмасферу Зямлі пранікае некалькі мільярдаў метэорных цел, агульнай масай каля 100 т. Большасць метэорных цел — камяністыя прадукты распаду каметных ядраў, зрэдку — астэроідаў. У міжпланетнай прасторы метэорныя целы каметнага паходжання рухаюцца раямі, расцягнутымі ўздоўж арбіты каметы. Трапляючы ў зямную атмасферу, яны ўтвараюць метэорныя патокі.
Літ.:
Кащеев Б.Л., Лебединец В.Н., Лагутин М.Ф. Метеорные явления в атмосфере Земли. М., 1967;
Цесевич В.П. Что и как наблюдать на небе. 6 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕГНЕТАЭЛЕ́КТРЫКІ, фераэлектрыкі,
дыэлектрычныя і паўправадніковыя крышталі, якія ў пэўным інтэрвале т-р (у сегнетаэлектрычнай фазе) пры адсутнасці знешніх палёў маюць спантанную (самаадвольную) палярызацыю (гл.Палярызацыя дыэлектрыкаў); асобная група піраэлектрыкаў (гл.Піраэлектрычнасць). Палярызацыя С. абумоўлена зрушэннем іонаў крышталічнай рашоткі адносна іх месцазнаходжання ў непалярызаваных крышталях, а таксама ўпарадкаваннем атамных груп, якія маюць эл. дыпольныя моманты.
Характэрныя асаблівасці С. у сегнетаэлектрычнай фазе (наяўнасць даменаў, сегнетаэлектрычнага гістэрэзіса, вял.дыэлектрычнай пранікальнасці, залежнай ад напружанасці эл. поля, і інш.) выяўлены ў сегнетавай солі (адсюль назва). У некат. крышталяў такая фаза назіраецца пры т-рах, меншых за Кюры пункт, вышэй якога С. страчваюць свае спецыфічныя ўласцівасці; існуюць крышталі, дзе яна абмежавана з двух бакоў пунктамі Кюры; некат. крышталі не маюць пункта Кюры і вобласць існавання сегнетаэл. фазы супадае з тэмпературнай вобласцю існавання крышталя; многія крышталі маюць некалькі сегнетаэл. фаз, якія адрозніваюцца рознай арыентацыяй палярызаванасці. Вядома некалькі соцень С., якія класіфікуюць паводле характару фазавага пераходу ў пункце Кюры, сіметрыі крышталёў і інш. З С. найб. вывучаны ніабат літыю, тытанаты барыю і стронцыю і інш. С. выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі для ўзаемнага пераўтварэння гукавых і эл. сігналаў, вымярэння т-ры і ціску, у прыёмніках эл.-магн. хваль і інш.Гл. таксама Сегнетаэлектрычнасць.
На Беларусі даследаванні па фізіцы С. вядуцца з 1950-х г. у Ін-це фізікі Нац.АН пад кіраўніцтвам М.М.Сіраты; з 1960-х г. — таксама ў БДУ, Бел.пед. ун-це, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш. Эксперыментальна даследаваны асаблівасці фіз. уласцівасцей С. паблізу ад фазавых пераходаў, распрацаваны метады вырошчвання новых крышталічных С. і вывучаны залежнасці іх уласцівасцей ад умоў вырошчвання і інш.
Літ.:
Лайнс М., Гласс А. Сегнетоэлектрики и родственные им материалы: Пер. с англ.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́Т КАПІТА́ЛУ,
працэс узнаўлення руху ўсяго авансаванага капіталу, які бясконца паўтараецца. Не супадае з кругаабаротам капіталу. Поўны абарот капіталу адбываецца толькі тады, калі ў грашовай форме вяртаецца авансаваная вартасць асноўнага капіталу і ён аднаўляе сваю матэрыяльную форму. Таму абарот капіталу ахоплівае некалькі кругаабаротаў капіталу. Час, на працягу якога авансаваны ў грашовай форме капітал вяртаецца ў той жа форме да прадпрымальніка, наз. часам абаротам капіталу. Адзінкай вымярэння абароту капіталу служыць год. Хуткасць абароту капіталу вызначаецца па формуле:
, дзе n — колькасць абаротаў, A — адзінка вымярэння, a — час абароту індывід. капіталу. Хуткасць абароту капіталу — паказчык жыццяздольнасці капіталу. На яе ўплываюць час вытв-сці і час абарачэння, а таксама суадносіны асн. і абаротнага капіталу ў авансаваным капітале.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРФАЛАМЕ́ЕЎСКАЯ НОЧ,
масавае знішчэнне гугенотаў католікамі ў Парыжы ў ноч на 24.8.1572 (свята св. Варфаламея). Арганізавана каралевай-маці Кацярынай Медычы і кіраўнікамі католікаў Гізамі, напалоханымі ўмацаваннем пазіцый гугенотаў, уплывам іх кіраўніка адмірала Каліньі на караля Карла IX. У час вяселля Генрыха Наварскага (будучага франц. караля Генрыха IV) з Маргарытай дэ Валуа — сястрой караля, на якое з’ехаліся дваране-гугеноты і іх кіраўнікі, Кацярына Медычы пераканала караля ў змове гугенотаў і дамаглася яго згоды на разню. Было забіта больш як 3 тыс. гугенотаў (у т. л. Каліньі). Генрых Наварскі і прынц Кандэ пазбеглі смерці, спешна перайшоўшы ў каталіцтва. Разня цягнулася некалькі дзён, мела месца і ў інш. гарадах. Варфаламееўская ноч прывяла да аднаўлення рэлігійных войнаў. У пераносным значэнні Варфаламееўская ноч — арганізаванае масавае знішчэнне людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЛАВУ́Х Фелікс Аўгусцінавіч (23.9.1833, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. — ?),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. З 1856 вучыўся ў Маскоўскім, з 1858 у Кіеўскім ун-тах. У 1861 праходзіў вайск. падрыхтоўку ў польск. ваен. школе ў Італіі. Прыхільнік партыі «чырвоных». У пач. паўстання паводле загаду Літ. правінцыяльнага к-та на чале атрада вёў баявыя дзеянні ў Свянцянскім і Ашмянскім пав. 15.2.1863 яго атрад разбіты непадалёку ад мяст. Солы. З канца мая 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Трокскага пав., аб’ядноўваў дзеянні 3 атрадаў. Некалькі месяцаў вёў партыз. барацьбу супраць царскіх карнікаў на Віленшчыне, быў паранены. Паводле некат. звестак, у апошні перыяд паўстання кіраўнік паўстанцкіх узбр. сіл усёй Віленскай губ. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў. У 1869 жыў у Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕГЕЛЬЯ́НСТВА,
філасофская плынь, якая зыходзіць з вучэння Г.Гегеля і развівае яго ідэі. Узнікла ў Германіі ў 1830—40-х г. У спрэчках па рэліг. пытаннях унутры гегелеўскай школы вылучылася некалькі кірункаў. Т. зв. правагегельянства трактавала Гегеля ў духу пратэстанцкай артадоксіі, разглядала яго філас. сістэму як рацыянальную форму багаслоўя (К.Гёшэль, Г.Гінрыхс, Г.Габлер); радыкальнае левае гегельянства (младагегельянства) адмаўляла яго рэліг. матывы, падкрэслівала вырашальную ролю асобаснага, суб’ектыўнага фактару ў гісторыі ў процівагу гегелеўскаму «сусветнаму духу» (А.Руге, Б.Баўэр і інш.). Прамежкавае становішча займала «артадаксальнае» гегельянства, імкнучыся захаваць вучэнне Гегеля ў яго «чысціні» (К.Міхелет, К.Розенкранц і інш.). Адраджэнне цікавасці да Гегеля ў філасофіі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выклікала з’яўленне ў розных краінах плыней, у т. л.неагегельянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНАЯВІ́К, чарнільны грыб,
благушка (Coprinus),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. гнаевіковых. Каля 200 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. Сапратрофы. Растуць на ўгноенай глебе, гнілой драўніне, раслінных рэштках у лясах, садах, парках, агародах, на пашы. Пладаносяць у ліп.—кастрычніку. На Беларусі 15 відаў, найб. вядомыя гнаявік белы (C. comatus), гнаявік чарнільны, ці шэры (C. atramentarica), гнаявік шэры (C. cinereus), гнаявік дамавы (C. domesticus). Гнаявік белы і чарнільны ядомыя ў маладым узросце; чарнільны мае проціалкагольнае рэчыва.
Шапка дыяметрам 1—14 см, яйцападобная, званочкавая, у старых грыбоў шыроказваночкавая ці распасцёртая, з узнятым уверх краем, белая, шэрая, жаўтаватая, часам з камякамі, пры адміранні расплываецца ў чарнільна-чорную вадкасць. Пласцінкі свабодныя, белыя, потым чарнеюць. Споры эліпсоідныя, чорныя. Эфемеры — пладовыя целы існуюць некалькі гадзін ці дзён.