ГЕГЕЛЬЯ́НСТВА,

філасофская плынь, якая зыходзіць з вучэння Г.Гегеля і развівае яго ідэі. Узнікла ў Германіі ў 1830—40-х г. У спрэчках па рэліг. пытаннях унутры гегелеўскай школы вылучылася некалькі кірункаў. Т. зв. правагегельянства трактавала Гегеля ў духу пратэстанцкай артадоксіі, разглядала яго філас. сістэму як рацыянальную форму багаслоўя (К.Гёшэль, Г.Гінрыхс, Г.Габлер); радыкальнае левае гегельянства (младагегельянства) адмаўляла яго рэліг. матывы, падкрэслівала вырашальную ролю асобаснага, суб’ектыўнага фактару ў гісторыі ў процівагу гегелеўскаму «сусветнаму духу» (А.Руге, Б.Баўэр і інш.). Прамежкавае становішча займала «артадаксальнае» гегельянства, імкнучыся захаваць вучэнне Гегеля ў яго «чысціні» (К.Міхелет, К.Розенкранц і інш.). Адраджэнне цікавасці да Гегеля ў філасофіі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выклікала з’яўленне ў розных краінах плыней, у т. л. неагегельянства.

т. 5, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)