МЕТЭО́РЫ

(ад грэч. meteōra атмасферныя з’явы),

з’явы, што ўзнікаюць у зямной атмасферы пры пранікненні ў яе часцінак касм. рэчыва — метэорных цел. Бел. народная назва М. — знічкі.

Метэорныя целы ўваходзяць у атмасферу Зямлі з адноснымі скорасцямі ад 11 да 73 км/с. Пры ўзаемадзеянні з паветрам кінетычная энергія метэорных цел ідзе на награванне і выпарэнне цел, узбуджэнне і іанізацыю малекул паветра і пары метэорнага рэчыва. Некалькі працэнтаў энергіі пераходзіць у светлавую. Даўжыня шляху М. у атмасферы — каля 100 км, большасць метэорных цел згарае ў атмасферы на вышыні больш за 80 км. Вельмі яркія М. наз. балідамі, часам яны заканчваюцца выпадзеннем на паверхню Зямлі метэарытаў. Маса М. — ад 0,001 г да некалькіх грамаў. На ясным начным небе простым вокам можна бачыць звычайна каля 10 М. за гадзіну. За суткі ў атмасферу Зямлі пранікае некалькі мільярдаў метэорных цел, агульнай масай каля 100 т. Большасць метэорных цел — камяністыя прадукты распаду каметных ядраў, зрэдку — астэроідаў. У міжпланетнай прасторы метэорныя целы каметнага паходжання рухаюцца раямі, расцягнутымі ўздоўж арбіты каметы. Трапляючы ў зямную атмасферу, яны ўтвараюць метэорныя патокі.

Літ.:

Кащеев Б.Л., Лебединец В.Н., Лагутин М.Ф. Метеорные явления в атмосфере Земли. М., 1967;

Цесевич В.П. Что и как наблюдать на небе. 6 изд. М., 1984.

А.А.Шымбалёў.

Галоўныя метэорныя патокі
Назва патоку Сузор’е, у якім знаходзіцца радыянт Дата максімуму Макс. колькасць метэораў за гадз
Квадрантыды На мяжы Валапаса і Дракона 3 студз. 35
Лірыды Ліра 21 крас. 10
γ-Акварыды Вадаліў 4 мая 12
δ-Акварыды (паўд.) Вадаліў 28 ліп. 12
Касіяпеіды Касіяпея 28 ліп. 18
Персеіды Персей 11 жн. 60
Арыяніды Арыён 22 кастр. 45
Андрамедыды Андрамеда 12 ліст. ?
Леаніды Леў 17 ліст. 15
Гемініды Блізняты 13 снеж. 90
Метэор з метэорнага патоку Леаніды. 1966.

т. 10, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)