СМІТ (Smith) Адам (5.6.1723, Керколды, Вялікабрытанія — 17.7.1790),
шатландскі эканаміст і філосаф; класік эканам. навукі. Вучыўся ва ун-тах Глазга (1737—40) і Оксфарда (1740—46). Праф. логікі (1751), філасофіі (1752—63) ун-та Глазга. Гал. яго праца «Даследаванне аб прыродзе і прычынах багацця народаў» (1776). У аснове вучэння С. было разуменне, што эканам. законы, як і законы прыроды, вызначаюць развіццё грамадства. Адыграў важную ролю ў распрацоўцы тэорыі прац. вартасці. Даказаў, што вартасць стварае не толькі праца ў пэўнай галіне, а ўсякая праца ў кожнай галіне вытв-сці. Упершыню прааналізаваў класавую структуру грамадства; вылучаў 3 класы: землеўладальнікаў, наёмных рабочых і капіталістаў. Распрацаваў тэорыю зямельнай рэнты, у якой нароўні з навук. палажэннямі былі і памылковыя. Супярэчлівай была і яго тэорыя заработнай платы. Абараняў свабодную канкурэнцыю. Лічыў, што функцыі дзяржавы павінны абмяжоўвацца абаронай краіны, барацьбой са злачынствам і ажыццяўленнем тых гасп. мерапрыемстваў у эканам. жыцці, якія не пад сілу прамысл. буржуазіі. Навук. бок вучэння С. значна паўплываў на развіццё паліт. эканоміі ў свеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМО́ЛІЧ Юрый Карнеевіч (8.7.1900, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 26.8.1976),
украінскі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1970). Вучыўся ў Кіеўскім камерцыйным ін-це (1917—18). Друкаваўся з 1917. Пачынальнік прыгодніцкага і навук.-фантаст. жанраў ваўкр. л-ры: раман «Апошні Эйджавуд» (1926), раман-памфлет «Сорак восем гадзін» (1933), зб.апавяд. «Прыгожыя катастрофы» (1935). Аўтар сатыр. кніг «Паўтара чалавека» (1927), «Фальшывая Мельпамена» (1928), «Па той бок сэрца» (1930), аўтабіягр. трылогіі «Дзяцінства», «Нашы тайны», «Васемнаццацігоддзе» (1936—38). У зб-ках апавяд. і нарысаў «Мірныя людзі», «Бітва» (абодва 1943), раманах «Яны не прайшлі» (1946), «Мы разам былі ў баі» (1948) тэма Вял.Айч. вайны. У кнігах «Пасля вайны» (1947), «Дзень пачынаецца рана» (1950), «Аб добрым у людзях» (з М.Рыльскім, 1965) пасляваен. жыццё, раманы «Світанне над морам» (1953), «Мір хацінам, вайна палацам» (1958), «Раве і стогне Днепр шырокі» (1960) пра грамадз. вайну на Украіне. Аўтар мемуараў «Аповед пра непакой...» (кн. 1—3, 1968—72), п’ес.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЕГ,
цвёрдыя ападкі атмасферныя ў выглядзе сняжынак — снежных (ледзяных) крышталёў, разнастайных па форме, але з гексаганальнай асновай (шасцівугольная пласцінка, зорачка і інш.). Пры штылі і т-ры каля 0 °C сняжынкі зліпаюцца і ўтвараюць камякі дыяметрам да некалькіх сантыметраў. Ва ўмераных і высокіх шыротах С. — тыповы зімовы від ападкаў, які ўтварае снегавое покрыва. На Беларусі С. можа выпадаць з канца вер. да мая. У пераходныя месяцы можа спалучацца з дажджом (гл.Мяшаныя ападкі). Сярэдняя колькасць сутак са снегападам (0,1 мм/сут ці больш) складае ад 55 на ПдЗ да 82 на ПнУ і У. Сярэдняя працягласць выпадзення С. 8—9 гадз за суткі на Пд і 10—11 гадз на Пн. На працягу сутак у выглядзе С. звычайна выпадае 2—3 мм ападкаў (у пераліку на слой вады), або 2—3 кг на 1 м². Макс. зарэгістраваная ў 2-й пал. 20 ст. сутачная колькасць сухога С. склала 36,8 мм (18.1.1970, ст. Пружаны). Значны снегапад і асабліва мяцеліца пагаршаюць бачнасць. Вял. снегапады абломліваюць галіны дрэў у лясах і садах, парушаюць рух транспарту. Гл. таксама Снегавое покрыва, Снегазатрыманне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́БІНАЎ Леанід Віталевіч (7.6.1872, г. Яраслаўль, Расія — 14.10.1934),
рускі спявак (лірычны тэнар), прадстаўнік рус. класічнай вак. школы. Нар.арт. Рэспублікі (1923). Скончыў юрыд.ф-т Маск. ун-та (1894), муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1897). З 1897 у Вял. т-ры ў Маскве (у 1917—18 і ў 1921 дырэктар). У дасканаласці валодаў мастацтвам італьян. бельканта. У аснове яго мастацтва высокая адухоўленасць, паэтызацыя муз. вобраза, адзінства бездакорнага вак. майстэрства і драм. асэнсаванай ігры. Адзін з лепшых выканаўцаў партый Ленскага («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага) і Лаэнгрына («Лаэнгрын» Р.Вагнера) на сусв. сцэне. З інш. партый: Сінадал («Дэман» А.Рубінштэйна), Берандзей, Ляўко («Снягурачка», «Майская ноч» М.Рымскага-Корсакава), Рудольф («Багема» Дж.Пучыні), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі). Вёў актыўную канцэртную дзейнасць. Прапагандыст рус.вак. лірыкі, тонкі інтэрпрэтатар класічнай камерна-вак. музыкі. Канцэртны рэпертуар складалі творы М.Глінкі, Чайкоўскага, С.Рахманінава, Л.Бетховена, Р.Шумана, Ф.Шуберта, Ш.Гуно.
Літ.:
Л.В.Собинов. Т. 1—2. М., 1970;
Владыкина-Бачинская Н.М. Л.В.Собинов. 3 изд. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́РГА (Sorghum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). Каля 50 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных, часткова — ва ўмераных паясах. Радзіма культурнага С. — Афрыка, у Азіі — С. жылкаватае, або гаалян (S. nervosum), вырошчваюцца з 3-га тыс. да н.э., у Еўропе — з 15 ст., Амерыцы — з 17 ст. Культывуюць у Індыі, Кітаі, ЗША, Афрыцы. Найб. пашыраны С.: кармавое, або цукровае (S. saccharatum), якое мае 14—15% цукру ў сцёблах; зерневае, ці хлебнае (S. durra); суданскае, або суданская трава (S. sudanense); тэхнічнае, ці венікавае (S. technicum).
На Беларусі як заносныя віды трапляюцца С. алепскае, або гумай (S. halepense), і суданскае; вырошчваюць С. двухколернае, ці звычайнае (S. bicolor), і С. тэхнічнае.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 4—5 м і болей, з буйной каранёвай сістэмай, знешне падобныя на кукурузу. Сцёблы моцныя, шчыльныя, прамастойныя. Лісце лінейнае, па краі хвалістае. Агульнае суквецце — мяцёлка разнастайнай формы. Плод — зярняўка. Харч., кармавыя і тэхн. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАТЫГРАФІ́ЧНАЯ ШКАЛА́,
сукупнасць (эталон) стратыграфічных падраздзяленняў (стратонаў), якія адлюстроўваюць паслядоўнасць напластавання геалагічных слаёў у часе. Існуюць С.ш. агульная (міжнар.), рэгіянальныя і мясцовыя. Таксанамічным адзінкам С.ш. (эанатэма, эратэма, сістэма, аддзел, ярус, зона) адпавядаюць адзінкі геахраналагічнай шкалы (эон, эра, перыяд, эпоха, век, фаза; гл.Геахраналогія). Для антрапагенавай (чацвярцічнай) сістэмы прыняты больш дробныя адзінкі С.ш. (раздзел, звяно, ступень) і іх геахраналагічныя эквіваленты: фаза, пара, тэрмахрон, крыяхрон. Гл. таксама Стрататып, Стратыграфія.
Падраздзяленні С.ш. адлюстроўваюць агульныя заканамернасці (этапнасць) развіцця літа- і біясферы ва ўзаемадзеянні паміж сабой і з інш. абалонкамі планеты. Агульныя стратоны ўстанаўліваюцца метадамі: для фанеразою (эратэма — зона) — біястратыграфічным і інш.; для антрапагенавай сістэмы (раздзел—ступень) — біястратыграфічным з кліматастратыграфічным і геамарфалагічным; для дакембрыю — паводле даных геахраналогіі (тэктанічная цыклічнасць, працэсы метамарфізму). Падраздзяленні агульнай С.ш. звязаны з падраздзяленнямі рэгіянальных і мясц. С.ш. і служаць для міжрэгіянальнай, міжкантынент. і планетарнай карэляцыі геал. цел. Асновы С.ш. закладзены ў 1-й пал. 19 ст., калі пры вывучэнні разрэзаў Еўропы палеанталагічным метадам была вылучана большасць геал.сістэм.Міжнар. С.ш. зацвярджаецца на сесіях Міжнар.геал. кангрэса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЭ́МЯ прыстасаванне для ўпору і падтрымкі ног конніка. Прататыпы С. са скуры, вяроўкі і інш. матэрыялаў з’явіліся ў 3—4 ст. З 4—5 ст.ваУсх. Азіі выкарыстоўвалі драўляныя канструкцыі С., якія праз цюркаў трапілі ў Еўропу, адкуль іх, верагодна, запазычылі славяне. У Кітаі ў 3 ст. пачалі адліваць метал. С. дасканалай формы. У слав. старажытнасцях найб. раннімі лічацца жал. С. 9 ст. З 10 ст. іх шырока выкарыстоўвалі на ўсёй тэр. Беларусі. Сярэдневяковыя С. формай дужак і падножак, памерамі адтуліны для путлішча падзяляліся на кольцападобныя і авальныя; з 12 ст. пашыраны арачныя формы з простай падножкай, якімі карысталіся цяжкаўзброеныя дружыннікі. У 14—15 ст. вядомы трапецападобныя С. рыцарскага тыпу. З пераходам у 16 ст. на цвёрдаабцасавы абутак круглаватыя канструкцыі выйшлі з ужытку. У 17 ст. на Беларусі былі папулярныя турэцкія арнаментаваныя С. з шырокай падножкай, часам на даўжыню падэшвы. Раннесярэдневяковыя С. знойдзены ў Браславе, Навагрудку, Брэсце, на гарадзішчы Маскавічы, у Мінску, больш познія — у Віцебску, Дрысвятах, Крычаве, Мсціславе, Гродне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СУЗО́Р’Е»,
бел. рок-група. Створана ў 1977 на базе аднайм. камсамольска-маладзёжнай кавярні Мінска, з 1981 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік і гукарэжысёр У.Пучынскі. З 1983 вак.-інстр. ансамбль пад кіраўніцтвам А.Несцяровіча. З 1986 аднавіла дзейнасць як «С.». У першым складзе: У.Пучынскі, Ан.Казлоўскі і В.Пучынскі (гітара), А.Філатаў (барабан). У розныя гады ў склад ансамбля ўваходзілі В.Аліпава, А.Брынцаў, Н.Дзянісава, Вольга Нікалаеня (вакалісты), Ал.Казлоўскі (бас-гітара), А.Растопчын (гітара), А.Несцяровіч і Вас.Нікалаеня (піяніна). Для «С.» характэрна экспрэсная манера выканання, разгорнутыя аранжыроўкі. Рэпертуар складаўся з уласных твораў, твораў прафес. аўтараў. Упершыню ў бел. поп-музыцы звярнулася да «Полацкага сшытка», паэзіі Міколы Гусоўскага («Песня пра зубра» Несцяровіча і Ан.Казлоўскага). Сярод папулярных песень: «На шляху дзікіх гусей» У.Будніка, «Стары мост», «Вясенні дзень», «Капітан», «Ва ўсе часы» В.Пучынскага. Выпусціў магнітаальбом «Рок-тэрапія» (1984), міньён «Сузор’е» (1986), альбом «Вераснёўская рака» (1987). Гран-пры Усесаюз. конкурсу паліт. песні (1978, Рыга), дыпламант Усесаюзнага конкурсу «Крымскія зоры» (1981, Ялта).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́Т,
бясконцы ў часе і прасторы і бязмежна разнастайны па сваіх формах свет; усё, што існуе. У шырокім сэнсе С. з’яўляецца прадметам вывучэння ўсяго прыродазнаўства, кожная з галін якога даследуе пэўны бок С. У больш вузкім сэнсе навукай пра С. з’яўляецца астраномія. Будову С. як цэлага вывучае касмалогія.
Развіццё ўяўленняў пра С. прайшло некалькі этапаў. У старажытнасці пад С. разумелася населеная частка Зямлі. У Стараж. Грэцыі ўяўленні пра С. звязаны з адкрыццём шарападобнасці Зямлі, аддаленасці нябесных свяціл (Піфагор, Арыстоцель) і гіпотэзай пра рух Зямлі (Філалай, Арыстарх Самоскі). У сярэдневякоўі ўсталявалася геацэнтрычная сістэма свету Пталамея. Пераварот ва ўяўленнях пра С. звязаны з канцэпцыямі М.Каперніка (гл.Геліяцэнтрычная сістэма свету), у якой Зямля разглядалася як звычайнае нябеснае цела, і Дж.Бруна, які прыйшоў да высновы пра бясконцасць зорнага С. З 19 ст. С. даследаваўся як зорная сістэма Млечнага Шляху (Галактыка). Новы этап у развіцці ўяўленняў пра С. звязаны з абгрунтаваннем у 20 ст. існавання інш. галактык і пераходам да вывучэння Метагалактыкі, ажыццяўленнем запуску першых штучных спадарожнікаў Зямлі і асваеннем касм. прасторы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЙБЭ́Й,
горад у Кітаі, на Пн в-ваТайвань. Найбуйнейшы горад, адм. цэнтр прав.Тайвань. 7,7 млн.чал. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. 2 міжнар. аэрапорты; марскі аванпорт — Цзілун (утварае з Т. адзіны прамысл. комплекс). Буйны прамысл.цэнтр.Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд., радыёэлектронная (вытв-сць камп’ютэраў, тэлевізараў, магнітафонаў); металургічная, хім., цэм., дрэваапр., папяровая, лёгкая, харчовая. Ун-ты, навук. ўстановы, музеі.
У пач. 18 ст. на тэр. сучаснага Т. існавалі 3 паселішчы, якія ў сярэдзіне 19 ст. ператварыліся ў гандл.цэнтр. З 1875 горад. Пасля ўтварэння асобнай прав. Тайвань — рэзідэнцыя губернатара, з 1891 — сталіца правінцыі. У час яп.калан. панавання (1895—1945) у Т., перайменаваным у Тайхоку, знаходзілася рэзідэнцыя яп. губернатара. Пасля аднаўлення кіт. суверэнітэту над Тайванем (1945) — цэнтр яго правінцыі. З 1949 у Т. размясціўся ўрад Кіт. Рэспублікі (пасля паражэння ў грамадз. вайне з кіт. камуністамі ў мацерыковым Кітаі), у 1958 афіцыйна абвешчаны месцам яго знаходжання. У 1967 вылучаны ў асобны адм. раён пад кіраваннем цэнтр. ўрада.