«СУЗО́Р’Е»,

бел. рок-група. Створана ў 1977 на базе аднайм. камсамольска-маладзёжнай кавярні Мінска, з 1981 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік і гукарэжысёр У.​Пучынскі. З 1983 вак.-інстр. ансамбль пад кіраўніцтвам А.​Несцяровіча. З 1986 аднавіла дзейнасць як «С.». У першым складзе: У.​Пучынскі, Ан.Казлоўскі і В.​Пучынскі (гітара), А.​Філатаў (барабан). У розныя гады ў склад ансамбля ўваходзілі В.​Аліпава, А.​Брынцаў, Н.​Дзянісава, Вольга Нікалаеня (вакалісты), Ал.Казлоўскі (бас-гітара), А.​Растопчын (гітара), А.​Несцяровіч і Вас.Нікалаеня (піяніна). Для «С.» характэрна экспрэсная манера выканання, разгорнутыя аранжыроўкі. Рэпертуар складаўся з уласных твораў, твораў прафес. аўтараў. Упершыню ў бел. поп-музыцы звярнулася да «Полацкага сшытка», паэзіі Міколы Гусоўскага («Песня пра зубра» Несцяровіча і Ан.Казлоўскага). Сярод папулярных песень: «На шляху дзікіх гусей» У.​Будніка, «Стары мост», «Вясенні дзень», «Капітан», «Ва ўсе часы» В.​Пучынскага. Выпусціў магнітаальбом «Рок-тэрапія» (1984), міньён «Сузор’е» (1986), альбом «Вераснёўская рака» (1987). Гран-пры Усесаюз. конкурсу паліт. песні (1978, Рыга), дыпламант Усесаюзнага конкурсу «Крымскія зоры» (1981, Ялта).

Дз.​А.​Падбярэзскі.

Рок-група «Сузор’е» 1978.

т. 15, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)