СО́БІНАЎ Леанід Віталевіч (7.6.1872, г. Яраслаўль, Расія — 14.10.1934),

рускі спявак (лірычны тэнар), прадстаўнік рус. класічнай вак. школы. Нар. арт. Рэспублікі (1923). Скончыў юрыд. ф-т Маск. ун-та (1894), муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1897). З 1897 у Вял. т-ры ў Маскве (у 1917—18 і ў 1921 дырэктар). У дасканаласці валодаў мастацтвам італьян. бельканта. У аснове яго мастацтва высокая адухоўленасць, паэтызацыя муз. вобраза, адзінства бездакорнага вак. майстэрства і драм. асэнсаванай ігры. Адзін з лепшых выканаўцаў партый Ленскага («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага) і Лаэнгрына («Лаэнгрын» Р.​Вагнера) на сусв. сцэне. З інш. партый: Сінадал («Дэман» А.​Рубінштэйна), Берандзей, Ляўко («Снягурачка», «Майская ноч» М.​Рымскага-Корсакава), Рудольф («Багема» Дж.​Пучыні), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі). Вёў актыўную канцэртную дзейнасць. Прапагандыст рус. вак. лірыкі, тонкі інтэрпрэтатар класічнай камерна-вак. музыкі. Канцэртны рэпертуар складалі творы М.​Глінкі, Чайкоўскага, С.​Рахманінава, Л.​Бетховена, Р.​Шумана, Ф.​Шуберта, Ш.​Гуно.

Літ.:

Л.​В.​Собинов. Т. 1—2. М., 1970;

Владыкина-Бачинская Н.М. Л.​В.​Собинов. 3 изд. М., 1972;

Воспоминания о Л.​В.​Собинове. Ярославль, 1985.

Н.​В.​Сазановіч.

Л.В.Собінаў.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)