СУСВЕ́Т,

бясконцы ў часе і прасторы і бязмежна разнастайны па сваіх формах свет; усё, што існуе. У шырокім сэнсе С. з’яўляецца прадметам вывучэння ўсяго прыродазнаўства, кожная з галін якога даследуе пэўны бок С. У больш вузкім сэнсе навукай пра С. з’яўляецца астраномія. Будову С. як цэлага вывучае касмалогія.

Развіццё ўяўленняў пра С. прайшло некалькі этапаў. У старажытнасці пад С. разумелася населеная частка Зямлі. У Стараж. Грэцыі ўяўленні пра С. звязаны з адкрыццём шарападобнасці Зямлі, аддаленасці нябесных свяціл (Піфагор, Арыстоцель) і гіпотэзай пра рух Зямлі (Філалай, Арыстарх Самоскі). У сярэдневякоўі ўсталявалася геацэнтрычная сістэма свету Пталамея. Пераварот ва ўяўленнях пра С. звязаны з канцэпцыямі М.Каперніка (гл. Геліяцэнтрычная сістэма свету), у якой Зямля разглядалася як звычайнае нябеснае цела, і Дж.Бруна, які прыйшоў да высновы пра бясконцасць зорнага С. З 19 ст. С. даследаваўся як зорная сістэма Млечнага Шляху (Галактыка). Новы этап у развіцці ўяўленняў пра С. звязаны з абгрунтаваннем у 20 ст. існавання інш. галактык і пераходам да вывучэння Метагалактыкі, ажыццяўленнем запуску першых штучных спадарожнікаў Зямлі і асваеннем касм. прасторы.

т. 15, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)