СТРЭ́МЯ прыстасаванне для ўпору і падтрымкі ног конніка. Прататыпы С. са скуры, вяроўкі і інш. матэрыялаў з’явіліся ў 3—4 ст. З 4—5 ст. ва Усх. Азіі выкарыстоўвалі драўляныя канструкцыі С., якія праз цюркаў трапілі ў Еўропу, адкуль іх, верагодна, запазычылі славяне. У Кітаі ў 3 ст. пачалі адліваць метал. С. дасканалай формы. У слав. старажытнасцях найб. раннімі лічацца жал. С. 9 ст. З 10 ст. іх шырока выкарыстоўвалі на ўсёй тэр. Беларусі. Сярэдневяковыя С. формай дужак і падножак, памерамі адтуліны для путлішча падзяляліся на кольцападобныя і авальныя; з 12 ст. пашыраны арачныя формы з простай падножкай, якімі карысталіся цяжкаўзброеныя дружыннікі. У 14—15 ст. вядомы трапецападобныя С. рыцарскага тыпу. З пераходам у 16 ст. на цвёрдаабцасавы абутак круглаватыя канструкцыі выйшлі з ужытку. У 17 ст. на Беларусі былі папулярныя турэцкія арнаментаваныя С. з шырокай падножкай, часам на даўжыню падэшвы. Раннесярэдневяковыя С. знойдзены ў Браславе, Навагрудку, Брэсце, на гарадзішчы Маскавічы, у Мінску, больш познія — у Віцебску, Дрысвятах, Крычаве, Мсціславе, Гродне і інш.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 15, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)