род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). Каля 50 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных, часткова — ва ўмераных паясах. Радзіма культурнага С. — Афрыка, у Азіі — С. жылкаватае, або гаалян (S. nervosum), вырошчваюцца з 3-га тыс. да н.э., у Еўропе — з 15 ст., Амерыцы — з 17 ст. Культывуюць у Індыі, Кітаі, ЗША, Афрыцы. Найб. пашыраны С.: кармавое, або цукровае (S. saccharatum), якое мае 14—15% цукру ў сцёблах; зерневае, ці хлебнае (S. durra); суданскае, або суданская трава (S. sudanense); тэхнічнае, ці венікавае (S. technicum).
На Беларусі як заносныя віды трапляюцца С. алепскае, або гумай (S. halepense), і суданскае; вырошчваюць С. двухколернае, ці звычайнае (S. bicolor), і С. тэхнічнае.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 4—5 м і болей, з буйной каранёвай сістэмай, знешне падобныя на кукурузу. Сцёблы моцныя, шчыльныя, прамастойныя. Лісце лінейнае, па краі хвалістае. Агульнае суквецце — мяцёлка разнастайнай формы. Плод — зярняўка. Харч., кармавыя і тэхн. расліны.