СНЕГ,

цвёрдыя ападкі атмасферныя ў выглядзе сняжынак — снежных (ледзяных) крышталёў, разнастайных па форме, але з гексаганальнай асновай (шасцівугольная пласцінка, зорачка і інш.). Пры штылі і т-ры каля 0 °C сняжынкі зліпаюцца і ўтвараюць камякі дыяметрам да некалькіх сантыметраў. Ва ўмераных і высокіх шыротах С. — тыповы зімовы від ападкаў, які ўтварае снегавое покрыва. На Беларусі С. можа выпадаць з канца вер. да мая. У пераходныя месяцы можа спалучацца з дажджом (гл. Мяшаныя ападкі). Сярэдняя колькасць сутак са снегападам (0,1 мм/сут ці больш) складае ад 55 на ПдЗ да 82 на ПнУ і У. Сярэдняя працягласць выпадзення С. 8—9 гадз за суткі на Пд і 10—11 гадз на Пн. На працягу сутак у выглядзе С. звычайна выпадае 2—3 мм ападкаў (у пераліку на слой вады), або 2—3 кг на 1 м². Макс. зарэгістраваная ў 2-й пал. 20 ст. сутачная колькасць сухога С. склала 36,8 мм (18.1.1970, ст. Пружаны). Значны снегапад і асабліва мяцеліца пагаршаюць бачнасць. Вял. снегапады абломліваюць галіны дрэў у лясах і садах, парушаюць рух транспарту. Гл. таксама Снегавое покрыва, Снегазатрыманне.

т. 15, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)