ЗАЛАЖЭ́ННЕ СХІ́ЛАЎ, залажэнне гарызанталей,

адлегласць паміж дзвюма сумежнымі гарызанталямі на тапаграфічнай карце або плане, што дазваляе вызначыць стромкасць схілаў у патрэбным месцы без назіранняў на мясцовасці. Залежыць ад стромкасці схілаў і прынятай для карты вышыні сячэння. Чым больш стромы схіл на мясцовасці, тым меншая адлегласць паміж гарызанталямі на карце (пры аднолькавай вышыні сячэння).

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́ННЕ,

аперацыя падрыхтоўкі шкуры да дублення ў гарбарнай вытв-сці. Робяць воднымі суспензіямі гашанай вапны з сульфатам натрыю (радзей з інш. рэчывамі) у спец. апаратах (тыпу бетоназмяшальнікаў). У выніку З. раствараюцца волас і эпідэрміс ці аслабляецца іх сувязь з дэрмай, што дазваляе без пашкоджанняў ачысціць шкуру ад воласу. У выніку З. атрымліваюць паўфабрыкат — галлё.

т. 6, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛІ́Ў,

частка акіяна, мора ці возера, якая дастаткова глыбока ўразаецца ў сушу, але мае свабодны водаабмен з асн. вадаёмам. У залежнасці ад прычын узнікнення, памераў, канфігурацыі, звязанасці з асн. вадаёмам адрозніваюць бухты, гафы, лагуны, фіёрды і эстуарыі. Часам З. называюць асобныя ч. Сусветнага ак., якія па сваім гідралагічным рэжыме належаць да мораў (напр., Мексіканскі, Гудзонаў).

т. 6, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМКНЁНАЯ ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

адна- ці шматканальная сістэма прыкладнога тэлебачання, у якой перадавальныя камеры звязаны з прыёмнікамі мясцовымі кабельнымі лініямі сувязі. Кіраванне камерамі дыстанцыйнае або яны працуюць у аўтам. рэжыме. Параметры З.т.с. вызначаюцца яе прызначэннем і могуць адрознівацца ад вяшчальных тэлевізійных стандартаў. Выкарыстоўваецца ў прамысл. тэлебачанні, навуч. установах, ваеннай справе, на транспарце, у медыцыне і інш.

т. 6, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКІ ПРЫБЫ́ТАК,

даход, які атрымліваюць заснавальнікі акцыянернага таварыства пры яго арг-цыі і эмісіі акцый. Складае розніцу паміж сумай, атрыманай ад рэалізацыі акцый гэтага т-ва, і ўкладзеным у яго капіталам. З.п. узнікае або за кошт продажу акцый вышэй іх намінальнай вартасці, або за кошт павелічэння аб’ёму продажу акцый звыш устаноўленага акц. капіталу.

т. 6, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ СІБІ́Р,

заходняя частка Сібіры на У ад Урала да р. Енісей, у Расіі. Пл. каля 3 млн. км². Большая ч. занята Заходне-Сібірскай раўнінай. На ПдУ узнімаюцца горы Алтая, Салаіра і Кузнецкага Алатау. У межах З.С. размешчаны Алтайскі край, Курганская, Цюменская, Омская, Новасібірская, Томская, Кемераўская вобл. і крайнія зах. раёны Краснаярскага краю.

т. 7, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУШЧА́ЛЬНІКІ,

апараты, у якіх адбываецца аддзяленне цвёрдых часцінак рэчыва ад вадкасці. Бываюць гравітацыйныя (часцінкі ападаюць пад дзеяннем сілы цяжару), інерцыйныя (выдаленне часцінак адбываецца за кошт узнікнення сіл інерцыі пры вярчэнні) і фільтрацыйныя (згушчэнне суспензіі адбываецца пры выдаленні часткі вадкасці). Выкарыстоўваюцца пры здабычы карысных выкапняў і высакародных металаў, у вытворчасці паперы і цэлюлозы.

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ЕБЕКА З’Я́ВА,

узнікненне электрарухальнай сілы ў эл. ланцугу, які складаецца з разнародных праваднікоў, калі месцы іх злучэння (кантакты) знаходзяцца пры розных тэмпературах. Выяўлена Т.Л.Зеебекам (1821). Тэрмаэлектрарухальная сіла (тэрмаэрс), што ўзнікае пры гэтым, прапарцыянальная рознасці тэмператур паміж кантактамі праваднікоў і залежыць ад іх прыроды. На З.з. заснавана дзеянне тэрмапары. Гл. таксама Тэрмаэлектрычныя з’явы.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІА́КАЎ,

у Бібліі малодшы з двух сыноў-блізнят Ісака і Рэвекі. Адкупіў у брата Ісава першародства за сачавічную поліўку і хітрасцю атрымаў благаславенне бацькі як першародны сын. Пасля сутычкі з Богам І. атрымаў ад яго другое імя Ізраіль («той, хто змагаецца з Богам»). Яго 12 сыноў («сыны Ізраіля») лічацца родапачынальнікамі 12 ізраільскіх плямён.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГУ́МЕН (ад грэч. hēgumenos літар. вядучы),

настаяцель правасл. манастыра (у жаночых — ігумення). У старажытнасці — настаяцель кожнага манастыра; паводле палажэння 1764 у Рас. імперыі — толькі манастыра 3-га класа. І. буйнейшых манастыроў (пасля 1764 манастыроў 1-га і 2-га класаў) маюць тытул архімандрыт. Тытул І. можа надавацца настаяцелю храма, калі ён манах.

т. 7, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)