ТРЫГЛІ́Ф (грэч. triglóphōs ад tri- у складаных словах — тры + glyphō рэжу) у архітэктуры, прамавугольная, крыху выцягнутая па вертыкалі пліта з некалькімі жалабкамі. Звычайна Т. размяшчаюцца па восях калон і інтэркалумніяў, на канцах фрыза па вуглах будынка; у выніку чаргавання з метопамі ўтвараюць фрыз у дарычным ордэры. Т. ў камені ўяўляюць сабой арнаментаваныя тарцы бэлек першапачатковага драўлянага перакрыцця. Вядомы ў драўлянай архітэктуры Стараж. Грэцыі. У бел. архітэктуры Т. найб. характэрны для збудаванняў стыляў класіцызму і ампіру (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор). У некат. будынках Т. пад уплывам мясц. нар. традыцый адрозніваўся ад класічнай першаасновы і набываў своеасаблівую трактоўку (Пінскі палац). Матывы дарычных фрызаў з Т. выкарыстаны ў архітэктуры 1950-х г. (порцікі-лоджыі паміж дамамі на пл. Перамогі ў Мінску).

Трыгліф.

т. 15, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)