УСЯ́ЖА,

рака ў Мінскім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Гайна (бас. р. Дняпро). Даўж. 45 км, пл. вадазбору 473 км². Пачынаецца з вадасх. Астрашыцкі Гарадок у Мінскім р-не. У вярхоўі цячэ па паўд.-ўсх. схілах Мінскага ўзв., у нізоўі — па Верхнебярэзінскай нізіне. Вусце за 3 км на ПнУ ад в. Юр’ева Смалявіцкага р-на. Асн. прытокі: Дуброўка, Дзяражанка (злева) і Домелька (справа). Даліна ў верхнім і сярэднім цячэнні трапецападобная (шыр. 0,5—2 км), у ніжнім невыразная. Пойма ў верхнім і сярэднім цячэнні высокая, лугавая (шыр. 0,2—1 км), у ніжнім амаль поўнасцю асушаная (шыр. ад 1,5 да 5 км). Рэчышча на працягу 6,1 км каналізаванае. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 3,2 м³/с. На У. вадасх. Дубраўскае.

т. 16, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)