У́СЯ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 10 км на З ад г. Браслаў. Пл. 0,2 км², даўж. 680 м, найб. шыр. 450 м, глыб. 17,3 м, даўж. берагавой лініі 1,9 км, пл. вадазбору 18 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. да 18 м, на Пд і З разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і ПдУ нізкія, забалочаныя, аддзелены ад схілаў шырокай (100—150 м) поймай. Утвараюць некалькі заліваў. Востраў пл. 0,25 га, парослы хмызняком. Дно да 3 м выслана пяском, ніжэй гліністым ілам. Зарастае ў прыбярэжнай ч. на шыр. 35 м, да глыб. 3,5 м. Упадаюць 2 ручаі (у т. л. з воз. Рэйспа), злучана пратокай з воз. Бірутэ.

т. 16, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)