у польскай л-ры вершаваная мініяцюра жартоўнага ці сатырычнага зместу; блізкая да эпіграмы. Форма Ф. абумовіла сціслую перадачу думкі, яе лаканічнасць і афарыстычнасць. Уведзена Я.Каханоўскім. Засноўвалася на раскрыцці або высмейванні нейкай падзеі, асобы, жыццёвай сітуацыі, часта мела філас. падтэкст, пазней больш апіралася на асацыятыўнае абыгрыванне фразеалагізмаў і моўных досціпаў, паступова адыходзячы ад надзённай тэматыкі. Жанр Ф. распрацоўвалі М.Рэй, І.Красіцкі, А.Міцкевіч. Ц.Норвід, Ю.Тувім і інш.
Трымае прыгажосць сваю высока Нэта,
Калі віншую, не аддзячыць мне за гэта.
А як вянок павешу ёй перад дзвярамі,
Яго ў зямлю затопча гордымі нагамі.
О, найхутчэй прыходзьце, старасць і маршчыны,
Мо вам удасца як угаварыць жанчыну.
(Я.Каханоўскі; пер. У.Мархель)
Ф. блізкая да бел. карацелькі — невялікага, звычайна ад 2 да 6 вершарадоў, завершанага па форме і думцы паэт. твора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́ЗІЯ (ад лац. fusio сплаўленне),
гістарычна (марфаналагічна) абумоўленыя ўзаемапранікненне ці ўзаемаўплыў суседніх марфем. Напр., «расада — рас+садзіць», «вадзіць — ваджу» («дз» чаргуецца з «дж» перад «у»). Пры Ф. корань і афіксы зменныя («рука — руцэ — ручка», «мыцца — мыешся»); часам слова немагчыма падзяліць на марфемы («салдацкі»: корань «салдат» + суфікс «-ск»). Ф. характарызуецца шматзначнасцю афіксаў: у слове «дзедам» канчатак «-ам» указвае на лік (адзіночны) і склон (творны); аманіміяй афіксаў: у слове «хмарам» канчатак «-ам» указвае на мн. лік, давальны склон; сінаніміяй афіксаў: давальны склон можа выражацца канчаткамі «-у» («бацьку»), «-ы» («цётцы»), «-э» («дачцэ»); немагчымасцю ізаляванага ўжывання асноў: «зямл-», «свідрава-». Праявы Ф.: акамадацыя, асіміляцыя, дысіміляцыя, элізія, эпентэза, гаплалогія. Існуе і міжслоўная Ф. (зліццё 2 слоў): бел. «дый<ды+і», франц. du < de + le. Ф. проціпастаўляецца аглюцінацыі. Мовы, якім уласціва Ф., адносяць да флектыўных моў. Тэрмін «Ф.» ўведзены Э.Сэпірам (1921).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ГЕНБЕРГ (Hogenberg) Франц (да 1540, г. Мехелен, Бельгія — 1592),
фламандскі гравёр, мастак, картограф. Вучыўся і працаваў у Англіі, Антверпене, супрацоўнічаў з А.Артэліем, гравіраваў карты для 1-га геагр. атласа «Агляд шара зямнога» (1570). З-за рэліг. ўціску ў 1570 уцёк у г. Кёльн. У 1572 разам з кёльнскім тэолагам Г.Браўнам заснаваў шматтомную серыю «Гарады зямнога шара» (апошні, 6-ы том выйшаў у 1618) — збор выяў найважнейшых гарадоў свету, дзякуючы якому зах.-еўрап. чытачы ўпершыню пазнаёміліся з некат. гарадамі ВКЛ, з т.зв. Жыгімонтавым планам Масквы і інш. На картах і планах, створаных Х. ці пад яго рэдакцыяй, Белая Русь выступае як сінонім Маскоўскай дзяржавы.
Літ.:
Борисовская Н.А. Старинные гравированные карты и планы XV—XVIII вв. М., 1992;
Белы А. Хроніка «Белай Русі»: Нарыс гісторыі адной геагр. назвы. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕПЛАЭНЕРГЕ́ТЫКА,
галіна цеплатэхнікі, што займаецца пераўтварэннем цеплаты ў інш. віды энергіі. Для пераўтварэння цеплаты ў мех. энергію выкарыстоўваюць цепласілавыя ўстаноўкі, асн. часткі якіх цеплавыя рухавікі. Атрыманая мех. энергія прыводзіць у дзеянне рабочыя машыны розных відаў ці электрамех. генератары, што вырабляюць эл. энергію. Для прамога пераўтварэння цеплаты ў эл. энергію служаць тэрмаэлектрычныя генератары, тэрмаэмісійныя пераўтваральнікі энергіі, магнітагідрадынамічныя генератары.
Аснова сучаснай Ц. — стацыянарныя цеплавыя паратурбінныя электрастанцыі, што вырабляюць асн. частку эл. энергіі. Для энергазабеспячэння магістральных газаправодаў і пакрыцця пікавых нагрузак выкарыстоўваюцца газатурбінныя электрастанцыі. Акрамя асн. крыніцы электразабеспячэння — раённых кандэнсацыйных электрастанцый — дзейнічаюць цеплаэлектрацэнтралі. Атрымалі пашырэнне парагазатурбінныя ўстаноўкі, што даюць магчымасць паменшыць удзельны расход цяпла на вытв-сць электраэнергіі. У раёнах, аддаленых ад ЛЭП, крыніца электраэнергіі — дызельныя электрастанцыі. Трансп. цепласілавыя эл. станцыі з поршневымі рухавікамі ўнутранага згарання выкарыстоўваюцца на цеплавозах, аўтамабілях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫКЛААЛКА́НЫ, цыклапарафіны, цыкланы,
насычаныя монацыклічныя вуглевадароды агульнай формулы CnH2n, дзе n≥3. Ц. і іх вытворныя належаць да аліцыклічных злучэнняў. Паводле колькасці атамаў вугляроду ў цыкле падзяляюць на малыя (3—4), звычайныя (5—7), сярэднія (8—12) і макрацыклы (больш за 12). Асн. прыродная крыніца Ц. — нафта (гл.Нафтэны).
Малыя Ц. — газы, астатнія — вадкасці ці цвёрдыя рэчывы (C12 і макрацыклы). Добра раствараюцца ў арган. растваральніках, мала ў вадзе. Цыклы ў Ц. няплоскія (за выключэннем цыклапрапану), іх устойлівасць павялічваецца ад C3 да C6, змяншаецца да C0 і зноў нарастае. Паводле хім. уласцівасцей Ц. ад C5 аналагічныя насычаным вуглевадародам, цыклапрапан і цыклабутан — ненасычаным. Характэрны рэакцыі са змяненнем велічыні цыкла, раскрыццём цыкла і трансанулярнай цыклізацыі (паміж атамамі сярэдніх цыклаў). Аказваюць наркатычнае ўздзеянне, напр., цыклапрапан і яго фторвытворныя выкарыстоўваюць як сродак інгаляцыйнага наркозу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮЛЬПА́Н (Tulipa),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 100 (паводле інш. звестак 140) відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. У культуру ўведзены ў Турцыі (16 ст.), прамысл. вырошчванне найб. развіта ў Нідэрландах. Існуе больш за 4 тыс. сартоў. На Беларусі 1 від — Ц. лясны (T. sylvestris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў дубровах, па берагах рэк і азёр. Інтрадукавана каля 30 відаў Ц.: Грэйга (T. greigii), Каўфмана (T. kaufmanniana), позні (T. tarda), Увядзенскага (T. wedenskyi), Фостэра (T. fostenana) і інш.
Шматгадовыя травяністыя цыбульныя расліны выш. 6—50 см. Развіваюцца на працягу кароткага вясенняга перыяду (эфемероіды). Сцябло прамастойнае. Лісце (2—5) сядзячае, шырокаавальнае або ланцэтнае, голае ці апушанае. Кветкі адзіночныя, радзей у простым суквецці, яркія, рознакаляровыя. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТО́ПАР (галанд. stopper ад stop пробка),
1) у авіяцыі — зніжэнне лятальнага апарата (ЛА) — самалёта, планёра па крутой вінтавой лініі з адвольным вярчэннем вакол верт. восі.
Бывае нармальны (уніз коламі) і перавернуты (уверх коламі), устойлівы і няўстойлівы, правы і левы, круты (вугал нахілу падоўжнай восі ЛА да гарызонту больш за 50°), пакаты (30—50°) і плоскі (менш за 30°). Зрыў у Ш. адбываецца ад памылкі лётчыка ці дэфекту ЛА Наўмысны Ш. — адна з фігур вышэйшага пілатажу, часам выконваецца пры выпрабаваннях ЛА і ў вучэбных мэтах.
2) Скручаны ў спіраль стрыжань з тоўстага, звычайна стальнога дроту (дыям. да 20 мм) з швартовачным кольцам на канцы. Укручаны ў грунт, дрэва, лёд служыць для швартоўкі самалётаў, планёраў, верталётаў, невял. суднаў, мацавання палатак і інш. 3) Вінтавы стрыжань з кольцам або рукаяткай на канцы для выцягвання коркаў і розных заглушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАФАТАГРА́ФІЯ,
працэс атрымання фатаграфічнага відарыса, заснаваны на візуалізацыі схаванага электрастатычнага відарыса (СЭВ), утворанага на фотаправодным слоі дыэлектрыка ці высакаомнага паўправадніка.
Працэс складаецца з атрымання СЭВ і яго праяўлення. У ксераграфіі, спосабах электрафакс і пры фотатэрмапластычным запісе СЭВ атрымліваюць экспаніраваннем экспанаваннем* раўнамерна эл. зараджанага слоя фотаправадніка. Пад уздзеяннем святла слой выбіральна разраджаецца, а астаткавыя зарады ўтвараюць СЭВ. Пры фотакандуктаграфіі для атрымання СЭВ фотаправодны матэрыял зараджаюць пасля экспаніравання экспанавання* (зарады асядаюць на неэкспаніраваных участках). У Э. на фотаэлектрэтах (гл.Электрэты) СЭВ атрымліваюць адначасовым уздзеяннем святла і эл. поля. Праяўляюць СЭВ парашком з зараджаных часціц пігменту і носьбіта або суспензіяй пігменту ў электраізалявальнай вадкасці. Для праяўлення фотатэрмапластычнага запісу матэрыял награваюць да т-ры размякчэння палімера, які дэфармуецца пад уплывам эл. поля СЭВ. Э. выкарыстоўваюць пераважна для капіравання і размнажэння дакументаў, а таксама вырабу форм для афсетнага друку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТАЛО́Н (франц. étalon),
узорны сродак вымярэння, што забяспечвае захаванне, узнаўленне і перадачу адзінак фіз. велічынь з найбольшай дакладнасцю. Вывучаецца метралогіяй.
Існуюць міжнар. і нац. Э. У залежнасці ад метралагічнага прызначэння Э. бываюць першасныя і другасныя. Першасныя Э. афіцыйна зацвярджаюцца Дзяржстандартам Рэспублікі Беларусь і наз. дзяржаўнымі. Другасныя Э. падзяляюцца на Э.-копіі (для захавання адзінак і перадачы іх памераў рабочым Э.), Э.-сведкі (для праверкі захаванасці Дзярж. Э. або для замены іх у выпадку пашкоджання ці страты), Э. параўнання (для міжнар. зверак нац. Э.), рабочыя Э. (для перадачы памераў адзінак эталонным — узорным сродкам вымярэння 1-га разраду, у асобных выпадках — найб. дакладным рабочым сродкам вымярэння, якімі карыстаюцца ў навуцы, тэхніцы і нар. гаспадарцы).
Літ.:
Бурдун Г.Д., Марков Б.Н. Основы метрологии. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВЮ́РА (франц. gravure),
1) друкаваны адбітак на паперы (ці падобным матэрыяле) з пласціны (дошкі), на якую нанесены малюнак.
2) Від мастацтва графікі, што аб’ядноўвае разнастайныя спосабы ручной апрацоўкі «дошак» і друкавання з іх адбіткаў.
Спецыфічная асаблівасць гравюры — яе тыражнасць (магчымасць атрымаць значную колькасць раўнацэнных адбіткаў). Існуюць гравюра пукатая (часцей на дрэве — дрэварытці лінолеуме — лінагравюра) і паглыбленая (часцей на метале — афорт). Нярэдка да яе адносяць і літаграфію («плоская» гравюра). Асн. віды гравюры на метале (медзь, цынк): разцовая, сухая іголка, пункцірная манера, мецца-тынта, афорт, акватынта, мяккі лак, лавіс (маляванне кіслатой на дошцы). Шматколерныя гравюры друкуюцца з некалькіх дошак (на кожную кладуць пэўную фарбу) ці з адной пафарбаванай дошкі. Часта выкарыстоўваецца мяшаная тэхніка (дадаецца пластык, арган. шкло). Разам са станковымі гравюрамі (эстампамі) пашырана кніжная гравюра (ілюстрацыя). Гравюры належыць вял. роля ў мастацтве кнігі, карыкатуры і лубка.
Узнікненне гравюры звязана з рамёствамі, дзе былі працэсы гравіравання: разьба, набойка, ювелірная справа і інш. Гравюра на дрэве вядома ў Кітаі з 6—7 ст., у Зах. Еўропе — на мяжы 14—15 ст.Найб. значныя еўрап. Майстры 15—18 ст.: А.Дзюрэр, Ж.Кало, Рэмбрант, Дж.Піранезі, Ф.Гоя і інш. На 17—19 ст. прыпадае росквіт яп. ксілаграфіі (К.Хакусай, Хіросіге). Сярод рус. гравёраў 18—20 ст. вылучаюцца А.Зубаў, М.Махаеў, С.Галакціёнаў, А.Ухтомскі, В.Матэ, Г.Астравумава-Лебедзева, А.Краўчанка, У.Фаворскі і інш.
На Беларусі гравюра ўзнікла ў пач. 16 ст. з развіццём кнігадрукавання (гравюра ў выданнях Ф.Скарыны). У 16—18 ст. значнага ўзроўню дасягнула станковая («абразная») гравюра на дрэве: партрэт, пейзаж, гравюра-тэзіс, лубок. У тэхніцы дрэварыту працавалі П.Мсціславец, Грынь Іванавіч, Ф.Ангілейка, В.Вашчанка, П.Комар і інш. У 2-й пал. 16 ст. паявілася разцовая гравюра на метале (медзярыт) у творах Т.Макоўскага. У канцы 17 ст. ўзнікла акватынта. У пач. 19 ст. асвоена тэхніка літаграфіі (творы Ю.Азямблоўскага, Н.Орды, Я.Дамеля). У 20 ст. актыўна развіваюцца ўсе тэхнікі гравюры. У 1920-я г.найб. пашырана ксілаграфія (А.Астаповіч, З.Гарбавец, Я.Мінін, А.Тычына, С.Юдовін). У даваен. час у тэхніцы гравюры на дрэве працавалі І.Гембіцкі, М.Сеўрук, у тэхніцы афорту — Б.Малкін, Х.Тыбер, лінагравюры — Я.Горыд, літаграфіі — А.Малярэвіч, Ф.Фогт. Сярод сучасных майстроў гравюры: у тэхніцы афорту — Л.Асецкі, І.Вішнеўскі, А.Кашкурэвіч, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч; літаграфіі — А.Дзямарын, Г. і Н.Паплаўскія, В.Шаранговіч; лінагравюры — С.Герус, А.Лось, Шаранговіч; ксілаграфіі — А.Зайцаў; розных тэхніках — У.Савіч, М.Купава, А.Лапіцкая, М.Селяшчук, В.Славук, Л.Марчанка, Ю.Герасіменка, А.Шэвераў і інш.
Літ.:
Турова В.В. Что такое гравюра. [3 изд.]. М., 1986;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;
Яго ж. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
А.М.Пікулік, В.Ф.Шматаў.
Да арт.Гравюра. А.Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да трагедыі І.В.Гётэ «Фауст». 1976. Сухая іголка.Да арт.Гравюра. К.Хакусай. Каляровая гравюра на дрэве з серыі «36 відаў Фудзі». 1823—29.Да арт.Гравюра. В.Славук. Ілюстрацыя да беларускай народнай казкі «Удовін сын». 1977. Цынкаграфія.Да арт.Гравюра. Рэмбрант. Св. Іеранім пад дрэвам. Афорт і сухая іголка.