ЦЫКЛААЛКА́НЫ, цыклапарафіны, цыкланы,

насычаныя монацыклічныя вуглевадароды агульнай формулы CnH2n, дзе n≥3. Ц. і іх вытворныя належаць да аліцыклічных злучэнняў. Паводле колькасці атамаў вугляроду ў цыкле падзяляюць на малыя (3—4), звычайныя (5—7), сярэднія (8—12) і макрацыклы (больш за 12). Асн. прыродная крыніца Ц. — нафта (гл. Нафтэны).

Малыя Ц. — газы, астатнія — вадкасці ці цвёрдыя рэчывы (C12 і макрацыклы). Добра раствараюцца ў арган. растваральніках, мала ў вадзе. Цыклы ў Ц. няплоскія (за выключэннем цыклапрапану), іх устойлівасць павялічваецца ад C3 да C6, змяншаецца да C0 і зноў нарастае. Паводле хім. уласцівасцей Ц. ад C5 аналагічныя насычаным вуглевадародам, цыклапрапан і цыклабутан — ненасычаным. Характэрны рэакцыі са змяненнем велічыні цыкла, раскрыццём цыкла і трансанулярнай цыклізацыі (паміж атамамі сярэдніх цыклаў). Аказваюць наркатычнае ўздзеянне, напр., цыклапрапан і яго фторвытворныя выкарыстоўваюць як сродак інгаляцыйнага наркозу.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 17, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)