ХО́ГЕНБЕРГ (Hogenberg) Франц (да 1540, г. Мехелен, Бельгія — 1592),
фламандскі гравёр, мастак, картограф. Вучыўся і працаваў у Англіі, Антверпене, супрацоўнічаў з А.Артэліем, гравіраваў карты для 1-га геагр. атласа «Агляд шара зямнога» (1570). З-за рэліг. ўціску ў 1570 уцёк у г. Кёльн. У 1572 разам з кёльнскім тэолагам Г.Браўнам заснаваў шматтомную серыю «Гарады зямнога шара» (апошні, 6-ы том выйшаў у 1618) — збор выяў найважнейшых гарадоў свету, дзякуючы якому зах.-еўрап. чытачы ўпершыню пазнаёміліся з некат. гарадамі ВКЛ, з т.зв. Жыгімонтавым планам Масквы і інш. На картах і планах, створаных Х. ці пад яго рэдакцыяй, Белая Русь выступае як сінонім Маскоўскай дзяржавы.
Літ.:
Борисовская Н.А. Старинные гравированные карты и планы XV—XVIII вв. М., 1992;
Белы А. Хроніка «Белай Русі»: Нарыс гісторыі адной геагр. назвы. Мн., 2000.
А.В.Белы.
т. 17, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)