ФУ́ЗІЯ (ад лац. fusio сплаўленне),

гістарычна (марфаналагічна) абумоўленыя ўзаемапранікненне ці ўзаемаўплыў суседніх марфем. Напр., «расада — рас+садзіць», «вадзіць — ваджу» («дз» чаргуецца з «дж» перад «у»). Пры Ф. корань і афіксы зменныя («рука — руцэ — ручка», «мыцца — мыешся»); часам слова немагчыма падзяліць на марфемы («салдацкі»: корань «салдат» + суфікс «-ск»). Ф. характарызуецца шматзначнасцю афіксаў: у слове «дзедам» канчатак «-ам» указвае на лік (адзіночны) і склон (творны); аманіміяй афіксаў: у слове «хмарам» канчатак «-ам» указвае на мн. лік, давальны склон; сінаніміяй афіксаў: давальны склон можа выражацца канчаткамі «-у» («бацьку»), «-ы» («цётцы»), «-э» («дачцэ»); немагчымасцю ізаляванага ўжывання асноў: «зямл-», «свідрава-». Праявы Ф.: акамадацыя, асіміляцыя, дысіміляцыя, элізія, эпентэза, гаплалогія. Існуе і міжслоўная Ф. (зліццё 2 слоў): бел. «дый<ды+і», франц. du < de + le. Ф. проціпастаўляецца аглюцінацыі. Мовы, якім уласціва Ф., адносяць да флектыўных моў. Тэрмін «Ф.» ўведзены Э.​Сэпірам (1921).

М.​В.​Супрунчук.

т. 16, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)