ЦЕПЛАЭНЕРГЕ́ТЫКА,

галіна цеплатэхнікі, што займаецца пераўтварэннем цеплаты ў інш. віды энергіі. Для пераўтварэння цеплаты ў мех. энергію выкарыстоўваюць цепласілавыя ўстаноўкі, асн. часткі якіх цеплавыя рухавікі. Атрыманая мех. энергія прыводзіць у дзеянне рабочыя машыны розных відаў ці электрамех. генератары, што вырабляюць эл. энергію. Для прамога пераўтварэння цеплаты ў эл. энергію служаць тэрмаэлектрычныя генератары, тэрмаэмісійныя пераўтваральнікі энергіі, магнітагідрадынамічныя генератары.

Аснова сучаснай Ц. — стацыянарныя цеплавыя паратурбінныя электрастанцыі, што вырабляюць асн. частку эл. энергіі. Для энергазабеспячэння магістральных газаправодаў і пакрыцця пікавых нагрузак выкарыстоўваюцца газатурбінныя электрастанцыі. Акрамя асн. крыніцы электразабеспячэння — раённых кандэнсацыйных электрастанцый — дзейнічаюць цеплаэлектрацэнтралі. Атрымалі пашырэнне парагазатурбінныя ўстаноўкі, што даюць магчымасць паменшыць удзельны расход цяпла на вытв-сць электраэнергіі. У раёнах, аддаленых ад ЛЭП, крыніца электраэнергіі — дызельныя электрастанцыі. Трансп. цепласілавыя эл. станцыі з поршневымі рухавікамі ўнутранага згарання выкарыстоўваюцца на цеплавозах, аўтамабілях і інш.

В.​Р.​Баштавой.

т. 17, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)