ЭТАЛО́Н (франц. étalon),
узорны сродак вымярэння, што забяспечвае захаванне, узнаўленне і перадачу адзінак фіз. велічынь з найбольшай дакладнасцю. Вывучаецца метралогіяй.
Існуюць міжнар. і нац. Э. У залежнасці ад метралагічнага прызначэння Э. бываюць першасныя і другасныя. Першасныя Э. афіцыйна зацвярджаюцца Дзяржстандартам Рэспублікі Беларусь і наз. дзяржаўнымі. Другасныя Э. падзяляюцца на Э.-копіі (для захавання адзінак і перадачы іх памераў рабочым Э.), Э.-сведкі (для праверкі захаванасці Дзярж. Э. або для замены іх у выпадку пашкоджання ці страты), Э. параўнання (для міжнар. зверак нац. Э.), рабочыя Э. (для перадачы памераў адзінак эталонным — узорным сродкам вымярэння 1-га разраду, у асобных выпадках — найб. дакладным рабочым сродкам вымярэння, якімі карыстаюцца ў навуцы, тэхніцы і нар. гаспадарцы).
Літ.:
Бурдун Г.Д., Марков Б.Н. Основы метрологии. М., 1972;
Сергеев А.Г., Крохин В.В. Метрология. М., 2000.
У.Л.Саламаха.
т. 18, кн. 1, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)