ШТО́ПАР (галанд. stopper ад stop пробка),

1) у авіяцыі — зніжэнне лятальнага апарата (ЛА) — самалёта, планёра па крутой вінтавой лініі з адвольным вярчэннем вакол верт. восі.

Бывае нармальны (уніз коламі) і перавернуты (уверх коламі), устойлівы і няўстойлівы, правы і левы, круты (вугал нахілу падоўжнай восі ЛА да гарызонту больш за 50°), пакаты (30—50°) і плоскі (менш за 30°). Зрыў у Ш. адбываецца ад памылкі лётчыка ці дэфекту ЛА Наўмысны Ш. — адна з фігур вышэйшага пілатажу, часам выконваецца пры выпрабаваннях ЛА і ў вучэбных мэтах.

2) Скручаны ў спіраль стрыжань з тоўстага, звычайна стальнога дроту (дыям. да 20 мм) з швартовачным кольцам на канцы. Укручаны ў грунт, дрэва, лёд служыць для швартоўкі самалётаў, планёраў, верталётаў, невял. суднаў, мацавання палатак і інш. 3) Вінтавы стрыжань з кольцам або рукаяткай на канцы для выцягвання коркаў і розных заглушак.

Штопар самалёта.

т. 17, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)