род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 100 (паводле інш. звестак 140) відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. У культуру ўведзены ў Турцыі (16 ст.), прамысл. вырошчванне найб. развіта ў Нідэрландах. Існуе больш за 4 тыс. сартоў. На Беларусі 1 від — Ц. лясны (T. sylvestris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў дубровах, па берагах рэк і азёр. Інтрадукавана каля 30 відаў Ц.: Грэйга (T. greigii), Каўфмана (T. kaufmanniana), позні (T. tarda), Увядзенскага (T. wedenskyi), Фостэра (T. fostenana) і інш.
Шматгадовыя травяністыя цыбульныя расліны выш. 6—50 см. Развіваюцца на працягу кароткага вясенняга перыяду (эфемероіды). Сцябло прамастойнае. Лісце (2—5) сядзячае, шырокаавальнае або ланцэтнае, голае ці апушанае. Кветкі адзіночныя, радзей у простым суквецці, яркія, рознакаляровыя. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.