ПО́ТКІН (Уладзімір Іванавіч) (н. 19.7.1953, г.п. Красныя Бакі Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. хімік-арганік.
Чл.-кар. Нац.АН Беларусі (2000), д-рхім.н. (1996). Скончыў Горкаўскі ун-т (1975). З 1975 у Ін-це фіз.-арган. хіміі Нац.АН Беларусі (з 1993 нам. дырэктара). Навук. працы па хіміі галагенвытворных арган. злучэнняў, у т. л. гетэрацыклічных. Распрацаваў метады атрымання цяжкадаступных гетэрацыклічных сістэм і поліфункцыян. арган. рэчываў розных класаў з выкарыстаннем новых высока рэакцыйназдольных селектыўных рэагентаў — нітразамешчаных галагенбутадыенаў. Адкрыў новую рэакцыю нітразлучэнняў, якая з’яўляецца зручным шляхам пабудовы ізатыязольнага цыкла. Сінтэзаваў шэраг злучэнняў з высокай біял., у т. л. проціпухліннай актыўнасцю.
Тв.:
Полихлор-1,3-бутадиены. Мн., 1991 (разам з Р.В.Кабердзіным);
Нитробутадиены и их галогенпроизводные: синтез и реакции (разам з Р.В.Кабердзіным, В.А.Запольскім) // Успехи химии. 1997. Т. 66, № 10;
Синтез и реакции смешанных галоген-1,3-бутадиенов (з імі ж) // Там жа. 1999. Т. 68, № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАХАДНЫ́Я РЫ́БЫ,
група рыб, якія робяць нераставыя міграцыі з мораў у рэкі (анадромныя міграцыі, характэрныя для асятровых, ласосевых ласасёвых, селядцовых, некат. карпавых і інш.) або з рэк у мора (катадромныя міграцыі, характэрныя для некат. бычкоў, рачных вугроў, трапічных відаў самоў). Сярод анадромных мігрантаў адрозніваюць азімыя расы (уваходзяць у рэкі з восені, падымаюцца ў вярхоўі, нерастуюць пасля зімоўкі) і яравыя (уваходзяць у рэкі вясной ці летам, падымаюцца значна ніжэй азімых рас, нерастуюць у тым жа годзе). На Беларусі ў сувязі з пабудовай на рэках плацін П.р. прыродным шляхам у вадаёмы не трапляюць.
Звычайна П.р. здольныя прыстасоўвацца ў шырокіх межах да ваганняў салёнасці вады. У час міграцыі большасць П.р. не корміцца. Перад міграцыяй яны назапашваюць рэзервовыя рэчывы (звычайна тлушч) у сувязі з вял. затратамі энергіі пры пераадольванні перашкод ( быстрыя цячэнні, парогі, вадаспады і інш.). Пасля нерасту пераважная колькасць гіне (ад знясілення і інш.). Многія віды П.р. — аб’екты промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІЗАЧА́ТКАВЫЯ СРО́ДКІ, кантрацэптывы,
сродкі, якія засцерагаюць ад цяжарнасці. Адрозніваюць мех. і хім. П.с., якія выконваюць бар’ерную функцыю і перашкаджаюць злучэнню сперматазоіда і яйцаклеткі, гарманальныя П.с., якія парушаюць фізіял. механізмы ўзнаўлення патомства. Да мех. П.с. адносяць прыстасаванні, якія прадухіляюць пранікненне сперматазоідаў у матку або перашкаджаюць развіццю ў матцы аплодненай яйцаклеткі (прэзерватывы, гумавыя дыяфрагмы, каўпачкі, унутрыматачныя сродкі). Мужчынскі прэзерватыў — адзін з найб. эфектыўных сродкаў прафілактыкі венерычных захворванняў і СНІДу. Унутрыматачныя П.с. ўводзяць у поласць маткі (могуць мець і лек. сродкі). Да хім. П.с. мясц. дзеяння адносяць рэчывы, якія выклікаюць гібель сперматазоідаў, што трапілі ў похву (напр., слабыя арган. к-ты, экстракты некат. раслін). Хім. П.с. часта камбінуюць паміж сабой і выкарыстоўваюць у выглядзе спец. паст, парашкоў і інш. Пашыраны гарманальныя лек. П.с., якія прадухіляюць цяжарнасць шляхам прыгнечвання авуляцыі і сперматагенезу, зменай уласцівасцей слізі шыйкі маткі і інш. У якасці пераральных гарманальных П.с. выкарыстоўваюць сінт. аналагі жан. палавых гармонаў або іх камбінацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАНО́ГІЯракападобныя
(Isopoda),
атрад вышэйшых ракаў тыпу членістаногіх. Вядомы з трыясу (каля 225 млн.г. назад). Каля 4500 відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных вадаёмах, некат. — у глебе. Біяфільтратары і біямеліяратары, удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, у працэсах глебаўтварэння. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары скрэбеняў, ёсць паразіты рыб і інш. ракападобных. На Беларусі найб. трапляюцца вослік вадзяны (Asellus aquaticus), у вільготнай глебе і лясным подсціле — макрыцы.
Даўж. ад 0,1 мм да 37 см (пераважна 1—5 см). Цела пляскатае, сегментаванае. 1—2 пары грудных сегментаў зрастаюцца з галавой. Грудныя ногі служаць для падачы корму да рота (1-я пара) і перамяшчэння (аднолькавыя 7 пар, — адсюль назва), брушныя часткова ператвораны ў шчэлепы. Кормяцца раслінамі і іх рэшткамі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое, у некат. — шляхампартэнагенезу. Развіццё без ператварэння. Большасць водных відаў — корм для бентасаедных рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНДРО́М НАБЫ́ТАГА ІМУНАДЭФІЦЫ́ТУ,
СНІД, вірусная хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем імуннай сістэмы; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб. Як самаст. хвароба выяўлены ў 1981 у ЗША. Найб. пашыраны ў краінах Афрыкі, Азіі, Амерыкі. Узбуджальнік — вірус (ВІЧ — вірус імунадэфіцыту чалавека), які разбурае Т-лімфацыты і макрафагі. Узбуджальнік не перадаецца паветрана-кропельным шляхам, пры быт. кантактах, праз посуд. Заражэнне адбываецца пры палавых кантактах, праз кроў і яе прэпараты, органы, тканкі інфіцыраванага донара. Магчыма ўнутрывантробнае заражэнне плода праз плацэнту і ў час родаў.
Групы павышанай рызыкі — наркаманы, гомасексуалы, хворыя на венерычныя захворванні. СНІД уключае разнастайныя другасныя інфекцыі, неўралагічныя парушэнні, злаякасныя новаўтварэнні. Першасныя праявы СНІДу (ліхаманка, павелічэнне лімфавузлоў і інш.) узнікаюць у перыяд ад 3 сут да некалькіх месяцаў, другасныя, абумоўленыя непасрэдна дзеяннем ВІЧ (гнойна-запаленчыя працэсы, пнеўманіі і інш), цягнуцца ад некалькіх месяцаў да 8—10 гадоў.
Літ.:
Покровский В.В. Эпидемиология и профилактика ВИЧ-инфекции и СПИД. М., 1996;
ВИЧ-инфекция: клиника, диагностика и лечение. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛІЧЭ́ННЕ,
сістэма правіл аперыравання са знакамі пэўнага віду, якая дазваляе даць дакладнае апісанне некаторага класа задач і алгарытмы іх рашэння; спосаб утварэння якой-н. сукупнасці (мноства) элементаў на аснове правіл атрымання новых элементаў з зададзеных зыходных. Мае фундаментальны характар, як і паняцце алгарытму. Узнікла і развівалася ў рамках матэматыкі (гл.Аперацыйнае злічэнне, Варыяцыйнае злічэнне, Дыферэнцыяльнае злічэнне, Інтэгральнае злічэнне). Пазней метады пабудовы З. пачалі выкарыстоўвацца ў логіцы (гл.Алгебра логікі, Матэматычная лінгвістыка). Агульная тэорыя З. выкарыстоўваецца ў алгарытмаў тэорыі.
У матэматычнай логіцы любое З. адназначна задаецца зыходнымі элементамі (алфавітам З.), правіламі ўтварэння формул дадзенага З. (слоў ці выразаў), сукупнасцю аксіём і правіл пераўтварэння (вывядзення) яго фразеалогіі. Прыпісванне элементам З. пэўных значэнняў (гл.Семантыка лагічная) пераўтварае З. ў фармалізаваную мову. Напр., у З. выказванняў шляхам пэўнай канечнай працэдуры (доказу; улічваецца толькі праўдзівасць ці непраўдзівасць выказвання) атрымліваюць выказванні-тэарэмы (гл.Логіка выказванняў). У выніку атрымліваюць лагічную сістэму, якая фармалізуе разважанне, заснаванае на структуры складаных выказванняў у адрозненне ад унутранай структуры элементарных выказванняў. Пры З. прэдыкатаў атрымліваюць сцвярджэнні (формулы, тэарэмы) з улікам суб’ектна-прэдыкатыўнай структуры выказванняў (напр., «элемент X мае ўласцівасць P), што дае магчымасць выяўляць сувязь аб’ектаў з іх уласцівасцямі і суадносіны паміж імі, колькасна характарызаваць сувязь рэчаў, уласцівасцей і адносін з дапамогай лагічных эквівалентаў выразаў «усе», «некаторыя», «кожны» і інш. (гл.Квантары). Такое З. адпавядае логіцы прэдыкатаў, калі яно мае ўласцівасці несупярэчлівасці (кожная тэарэма агульназначная) і паўнаты (кожная агульназначная формула даказальная). З. прэдыкатаў уключае З. выказванняў і разглядаецца звычайна як яго пашырэнне шляхам фармалізацыі вывадаў, заснаваных на ўнутранай структуры выказванняў. Тэорыю З. прэдыкатаў распрацаваў ням. логік, матэматык і філосаф Г.Фрэге, чым істотна ўзбагаціў сілагістыку Арыстоцеля і традыц.сілагістыку. Абагульненне З. выказванняў — З. класаў, дзе дадаткова разглядаецца суб’ектна-прэдыкатная структура выказванняў і пры гэтым з кожным прэдыкатам (уласцівасцю) звязваецца ўся сукупнасць элементаў (клас) з разгляданай вобласці, якія маюць гэтую ўласцівасць (гл.Логіка класаў). З. класаў часам разглядаюць як фармалізаваную тэорыю мностваў, выкарыстоўваюць як дапаможны этап пры пераходзе ад З. выказванняў да З. прэдыкатаў і будуюць на базе З. выказванняў з дапамогай адпаведнай інтэрпрэтацыі яго формул.
Літ.:
Гильберт Д., Аккерман В. Основы теоретической логики: Пер. с нем. М., 1947;
Методологические проблемы развития и применения математики. М., 1985;
Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЁНІКА (ад грэч. biōn элемент жыцця, літар. які жыве),
кірунак у кібернетыцы, засяроджаны на вывучэнні асаблівасцяў будовы і жыццядзейнасці арганізмаў з мэтай стварэння больш дасканалых тэхн. сістэм або ўстройстваў. Першай спробай мадэлявання жывога (крыла птушкі) лічаць працы Леанарда да Вінчы (1452—1519). Як самаст. навука вылучылася з кібернетыкі ў 1960 на першым сімпозіуме па біёніцы ў Дайтане (ЗША). Існуюць 3 кірункі біёнікі: біялагічны — вывучэнне з’яў і працэсаў, якія адбываюцца ў жывых арганізмах з мэтай наступнага выкарыстання іх у тэхн. аспектах; тэхнічны — пабудова новых і ўдасканаленне старых тэхн. сістэм на аснове біял. ведаў; тэарэтычны — высвятленне магчымасці стварэння тэхн. ўстройства шляхам папярэдняга выпрабавання яго мадэлі. На Беларусі распрацоўваюцца біятэхн. сістэмы, сукупнасці біял. і тэхн. элементаў, звязаных паміж сабой у адзіным контуры кіравання. Створаны комплекс маніторных дыягнастычных і біятэрапеўтычных сістэм, якія выкарыстоўваюцца ў кардыялогіі (Г.І.Сідарэнка). Прапанавана эксперым. мадэляванне кіруючых сістэм (эмбрыябіёніка), што рэалізуецца ў выглядзе аперацыі органапексіі (Д.М.Голуб).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЁМА (грэч. axiōma),
палажэнне, якое прымаецца без лагічных доказаў на падставе непасрэднай пераканаўчасці; сапраўднае зыходнае палажэнне, на якім грунтуюцца доказы інш. палажэнняў навук. тэорыі. Сістэма аксіёмы не з’яўляецца раз і назаўсёды закончанай і, як і самі аксіёмы, змяняецца з развіццём чалавечага пазнання. Тэрмін «аксіёма» ўпершыню сустракаецца ў Арыстоцеля, потым праз працы паслядоўнікаў і каментатараў Эўкліда трывала ўвайшоў у геаметрыю. У сярэднявеччы пранік ў інш. навукі, а праз іх — у штодзённы побыт, дзе аксіёмай наз. суджэнні, шмат разоў правераныя на практыцы. Доўгі час аксіёма разглядалася як вечная і непарушная ісціна, што не патрабуе доследу і не залежыць ад яго. Лічылася, што спроба абгрунтавання можа толькі падарваць яе відавочнасць. Пераасэнсаванне праблемы абгрунтавання аксіёмы змяніла і змест самога тэрміна, паводле якога аксіёма не зыходны пачатак пазнання, а хутчэй яго прамежкавы вынік. Яна абгрунтоўваецца не сама па сабе, а як неабходны састаўны элемент тэорыі, пацвярджэнне якой ёсць адначасова і пацвярджэнне яе аксіёмай. У сучаснай навуцы пытанне пра ісціннасць аксіёмы вырашаецца ў рамках іншых навук. тэорый або шляхам інтэрпрэтацыі дадзенай тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Томас Вудраў (28.12.1856, г. Стантан, штат Віргінія, ЗША — 3.2.1924), дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1879), праф. права і паліт. эканоміі (1890—1902), рэктар (1902—10) у ім.
Губернатар штата Нью-Джэрсі (1910—12). Двойчы перамагаў на прэзідэнцкіх выбарах ад Дэмакр. партыі, 28-ы прэзідэнт ЗША (1913—21). Адміністрацыя Вільсана ў першыя гады яго прэзідэнцтва правяла шэраг прагрэс. рэформаў (прыняцце закону аб тарыфах і падаходным падатку, антытрэстаўскага закону, увядзенне 8-гадзіннага прац. дня на чыгунцы і інш.). У міжнар. палітыцы дэклараваў імкненне зрабіць ЗША вядучым абаронцам міру, аднак пры Вільсане ЗША ажыццявілі інтэрвенцыю ў Мексіку, акупіравалі Гаіці і Санта-Дамінга. У 1-ю сусв. вайну Вільсан, урад якога да 1917 прытрымліваўся нейтралітэту, спрабаваў ініцыіраваць мірныя перагаворы варагуючых бакоў, у пач. 1917 Вільсан прапанаваў кангрэсу ЗША план усталявання міру шляхам стварэння Лігі Нацый. Пры Вільсане ЗША аб’явілі вайну Германіі (крас. 1917), ажыццявілі інтэрвенцыю ў Сав. Расію. Вільсан — аўтар праграмы міру з 14 пунктаў (уключала і пункт аб стварэнні Лігі Нацый), актыўны ўдзельнік распрацоўкі і прыняцця Версальскага мірнага дагавора 1919. Нобелеўская прэмія міру 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАРО́БСТВА,
прыгатаванне вінашляхам спіртавога браджэння з вінаграду, а таксама з соку пладоў і ягад. Тэхнал. працэсы вырабу вінаграднага віна падзяляюць на першаснае вінаробства (перапрацоўка вінаграду, прыгатаванне вінаматэрыялаў) і другаснае вінаробства (апрацоўка і вытрымка вінаматэрыялаў з мэтай надання ім пэўнага смаку, букета, паху і стабільнасці).
Асн. працэс першаснага вінаробства — спіртавое браджэнне сусла, у якое ўводзяць чыстую культуру дражджэй; браджэнне можа адбывацца і на прыродных дражджах, якія ёсць у вінаградзе. Для прыгатавання мацаванага і дэсертнага віна разам з сокам зброджваюць ці настойваюць і здробнены вінаград. Для сухіх він сусла зброджваюць поўнасцю, для паўсухіх, моцных і дэсертных — часткова. Найб. эфектыўныя для вытрымкі і захоўвання віна вінныя падвалы ці вінасховішчы (наземныя памяшканні з кандыцыяніраваннем паветра). Пры вытрымцы праводзяць даліўку, пераліўку, асвятленне, фільтрацыю, купаж, ахаладжэнне і інш. аперацыі, у выніку якіх віно набывае зададзеныя якасці. У раёнах, дзе вырошчваюць вінаград, на працягу тысячагоддзяў існуе непрамысл. вінаробства. У хатніх умовах вырабляюць пераважна ардынарныя віны мацункам 9—12%.
У прам-сці для вытв-сці віна выкарыстоўваюць паточныя высокапрадукцыйныя лініі перапрацоўкі вінаграду, устаноўкі бесперапыннага браджэння, аўтаматызаваныя лініі разліву (гл.Вінаробная прамысловасць).