УО́ЛТАН (Walton) Эрнест Томас Сінтан (6.10.1903, г. Дангарван, Ірландыя — 25.6.1995),

ірландскі фізік. Чл. Каралеўскай ірл. акадэміі (1935, у 1952—57 яе сакратар). Скончыў Дублінскі (1927) і Кембрыджскі (1931) ун-ты. З 1927 у Кавендышскай лабараторыі ў Кембрыджы, з 1934 у Трыніты-каледжы Дублінскага ун-та (з 1946 праф.). Адначасова ў 1952—74 у Дублінскім ін-це перспектыўных даследаванняў. Навук. працы па гідрадынаміцы, ядз. фізіцы, паскаральніках зараджаных часціц, фізіцы мікрахваль. Выказаў ідэю рэзананснага лінейнага паскаральніка з трубкамі дрэйфу (1927). Пабудаваў паскаральнік пратонаў (генератар Кокрафта — У.; гл. Каскадны генератар), ажыццявіў рэакцыю штучнага расшчаплення ядра шляхам бамбардзіроўкі атамаў літыю паскоранымі пратонамі і паказаў, што колькасць энергіі, якая выдзяляецца пры трансмутацыі хім. элементаў, дакладна адпавядае суадносінам (E = mc​2) А.​Эйнштэйна (1932; разам з Дж.Д.Кокрафтам). Нобелеўская прэмія 1951 (з Кокрафтам).

М.​М.​Касцюковіч.

Э.Т.С.Уолтан.

т. 16, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)