ША́РПЛЕС (Sharpless) Карл Бары (н. 28.4.1941, г. Філадэльфія, ЗША),
амерыканскі хімік-арганік. Чл. Нац. АН ЗША (1985), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1984), Ганаровы чл. Каралеўскага т-ва хіміі (1998). Скончыў Станфардскі ун-т (1968). У 1970—77 і 1980—90 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1975 праф.), у 1977—80 у Станфардскім ун-це. З 1990 праф. Даследчага ін-та Скрыпса (г. Ла-Холья, ЗША). Навук. працы па распрацоўцы новых каталізатараў для арган. сінтэзу, па сінтэзе біялагічна актыўных малекул. Развіў метады асіметрычнага каталізу хіральных малекул шляхам акіслення, якія выкарыстоўваюцца для сінтэзу новых лек. сродкаў. Адкрыў новыя каталітычныя і стэхіяметрычныя рэакцыі акіслення арган. злучэнняў: асіметрычныя эпаксідацыю (1980), дыгідраксіліраванне (1988) і амінагідраксіліраванне (1996). Медаль Б.Франкліна (2001). Нобелеўская прэмія 2001 (з У.С.Ноўлсам і Р.Наёры, гл. Дадатак).
М.М.Касцюковіч.
т. 17, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)