ЦУ́КАР (ням. Zucker ад італьян. zuchero),
крышталічны харчовы прадукт салодкага смаку. Мае ў сабе цукрозы 99,75—99,9%, мінер. элементаў 0,03%. Энергет. каштоўнасць 100 г каля 400 ккал. Атрымліваюць з цукраносных культур, на Беларусі пераважна з цукр. буракоў (маюць 17—20% цукрозы). Вырабляюць Ц.-пясок, Ц.-рафінад (прасаваны, літы, рафінаваны пясок), цукр. пудру. Выкарыстоўваюць як самаст. харч. прадукт, сыравіну ў кандытарскай, хлебапякарнай, кансервавай, вінаробнай і інш. вытв-сцях.
На цукровых з-дах цукр. буракі мыюць, рэжуць на дробную стружку, з якой гарачай вадой выдаляюць цукрозу. Атрыманы дыфузны сок апрацоўваюць нягашанай вапнай (дэфекацыя) і вуглякіслым газам (сатурацыя), фільтруюць, абясколерваюць сярністым газам (сульфітацыя), выпарваюць. Утвораны утфель (цукр. сіроп, сумесь крышталікаў цукрозы і міжкрыштальнага сіропу) цэнтрыфугуюць, прамываюць, высушваюць і атрымліваюць Ц.-пясок, з якога шляхам ачышчэння (рафінацыі) вырабляюць Ц.-рафінад. Гл. таксама Цукровая прамысловасць.
т. 17, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)