галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археал.) помніках. Даследуе ў комплексе стараж. помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, свяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалагічных раскопак; узнаўляе сац.-эканам. гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, даследуе шэраг пытанняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалогіяй, палеанталогіяй і інш.; цесна звязаны з дапаможнымі гіст. дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалогія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гіст. абласцях, этнічных прыкметах (скіфскі перыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалогія). Паводле храналаг. і тэр. падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца т.зв.археалагічныя культуры. Важным пытаннем з’яўляецца класіфікацыя і датаванне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалогіі выкарыстоўваюць спецыфічныя метады даследавання: параўнальна-тыпалагічны метад (вызначэнне культ. прыналежнасці і храналогіі рэчаў шляхам параўнання з аналагічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфія (умовы залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. пластоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэння), а таксама розныя метады археалагічнага датавання. Важны метад даследавання археал. помнікаў — картаграфаванне. Асобная галіна археалогіі — падводная археалогія — вывучае стараж. і сярэдневяковыя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, морах). Археал. матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.
Як навука археалогія аформілася ў 19 — пач. 20 ст. (да гэтага яна вывучала антычнасць і мела мастацтвазнаўчы кірунак). У краінах Зах. Еўропы цікавасць да нац. гісторыі, у т. л. да археалогіі, асабліва ўзмацнілася пасля Вял.франц. рэвалюцыі 1789—93, якая спрыяла абуджэнню нац. самасвядомасці. З павелічэннем колькасці археал. матэрыялаў пачаліся спробы іх класіфікацыі. У 1836 дацкі археолаг К.Ю.Томсен падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы, жал. вякі, Дж.Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэту класіфікацыю паглыбіў Е.Я.Ворса, які вызначыў храналогію бронзавага веку паводле абрадаў пахавання. З гэтага часу археалогія становіцца навук. дысцыплінай. З 2-й пал. 19 ст. ва ўсіх краінах свету праводзіліся археал. даследаванні; распрацаваны храналагічная і перыядычная сістэмы, навук. метады раскопак; адбываліся археал. з’езды і кангрэсы. У 1869—83 франц. археолаг Г. дэ Мартылье падзяліў палеаліт на перыяды: шэльскі, ашэльскі, мусцьерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Еўропе адкрыты эгейскія цывілізацыі дагамераўскай Грэцыі (Г.Шліман, А.Эванс), на Усходзе — шумерская і вавілонская культуры. Шведскі археолаг А.Мантэліус размеркаваў стараж. рэчы па тыпах, якія пазней звязаў у эвалюц. рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалагічнага метаду. У пач. 20 ст. чэшскі археолаг Л.Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасцяў і даказаў агульныя рысы культуры славян. Дзякуючы даследаванням А.С.Уварава, Д.Я.Самаквасава, Л.К.Іваноўскага, У.І.Сізова, А.А.Спіцына ўзнікла славяна-руская археалогія.
На Беларусі археал. раскопкі пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст., археал. помнікі даследавалі Т.Нарбут, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, К.П. і Я.П.Тышкевічы, А.Г.К.Кіркор, Е.Р.Раманаў, У.З.Завітневіч, В.А.Шукевіч, М.Ф.Кусцінскі, М.М.Турбін, Г.Х.Татур, Л.Ю.Лазарэвіч-Шапялевіч, З.Глогер, М.В.Фурсаў, С.Ю.Чалоўскі і інш. На актывізацыю археал. даследаванняў паўплываў 9-ы археал. з’езд у Вільні (1893). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археал. камісія, у 1927 адкрыта кафедра археалогіі (з 1929 археал. камісія ў Ін-це гісторыі Бел.АН, з 1932 секцыя археалогіі). У даваенны час археал. даследаванні праводзілі А.М.Ляўданскі, К.М.Палікарповіч, С.А.Дубінскі, А.Дз.Каваленя, І.А.Сербаў, С.С.Шутаў і інш. У 1930-я г. многія археолагі рэпрэсіраваны і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Зах. Беларусі археал. раскопкі праводзілі У.Галубовіч, Г.Цэгак-Галубовіч, З.Шмід, З.Дурчэўскі і інш. У 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі створаны сектар археалогіі, з 1980 — аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 сектары пераўтвораны ў аддзелы. У 1973 створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін у БДУ. Бел. археолагі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасць да археал. культур (У.Дз.Будзько, У.Ф.Ісаенка, М.М.Чарняўскі, У.П.Ксяндзоў, А.Г.Калечыц, Э.М.Зайкоўскі, В.Ф.Капыцін і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў, культур і этнічных утварэнняў жал. веку (А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, К.П.Шут, В.І.Шадыра, В.С.Вяргей, М.І.Лашанкоў і інш.). Даследаванні бел. археолагаў дапамаглі ўзнавіць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю стараж. гарадоў (В.Р.Тарасенка, Г.В.Штыхаў, Э.М.Загарульскі, П.Ф.Лысенка, Я.Г.Звяруга, М.А.Ткачоў, З.С.Пазняк, Т.С.Бубенька, В.М.Ляўко, Л.У.Калядзінскі, В.Е.Собаль, Ю.А.Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л.У.Дучыц, Я.Р.Рыер, У.У.Багамольнікаў, Т.М.Каробушкіна і інш.). У апошняе дзесяцігоддзе актыўна вывучаліся познасярэдневяковыя помнікі 14—18 ст. (А.А.Трусаў, А.К.Краўцэвіч, В.У.Шаблюк, І.М.Чарняўскі і інш.). Археал. даследаванні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Ін-таў археалогіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай АН (Л.В.Аляксееў, І.І.Арцёменка, Ф.Д.Гурэвіч, Н.М.Гурына, Ю.У.Кухарэнка, В.М.Мельнікоўская, П.А.Рапапорт, Г.Ф.Салаўёва, Э.А.Сымановіч, В.В.Сядоў, П.М.Траццякоў).
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Археалогія. Раскоп на паселішчы Бароўка ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.Да арт.Археалогія. Пантыкапей, рэшткі збудавання 2 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,
галіна арганічнай хіміі, якая вывучае сувязь паміж будовай арган. рэчываў і іх біял. функцыямі. Выкарыстоўвае пераважна метады арган. і фіз. хіміі, таксама фізікі і матэматыкі. У біяарганічнай хіміі даследуюцца біяпалімеры (бялкі, тлушчы, вугляводы, ферменты, нуклеінавыя кіслоты і інш.), нізкамалекулярныя біярэгулятары (вітаміны, гармоны, прастагландзіны, антыбіётыкі, ферамоны і інш.); сінт. біялагічна актыўныя злучэнні, у т. л. лекі, пестыцыды, гербіцыды і інш. Спалучае аналіз хім. структуры, прасторавай будовы арган. злучэння з яго сінтэзам, мадыфікацыяй і вывучэннем хім. дзеяння ў сувязі з біял. функцыямі.
Склалася на мяжы біяхіміі і арган. хіміі, з’явілася лагічным працягам хіміі прыродных злучэнняў. Найб. значныя этапы станаўлення біяарганічнай хіміі: адкрыццё α-спіральнай структуры бялкоў (Л.Полінг), вызначэнне хім. будовы нуклеатыдаў (А.Тод), амінакіслотнай паслядоўнасці інсуліну (Ф.Сенгер), працы па канфармацыйным аналізе біялагічна актыўных злучэнняў (Д.Бартан, У.Прэлаг), поўны хім. сінтэз рэзерпіну, хларафілу, вітаміну B12 (Р.Вудвард). У Расіі і СССР уплыў на развіццё біяарганічнай хіміі зрабілі працы А.М.Бутлерава, М.Дз.Зялінскага, А.Е.Арбузава, У.М.Радыёнава, А.М.Белазерскага, І.М.Назарава, М.А.Праабражэнскага, М.М.Шамякіна, Ю.А.Аўчыннікава і інш. У 1960—70-я г. пачалі выкарыстоўваць у сінтэзе ферменты, напр., для камбінаванага хіміка-энзіматычнага сінтэзу гена (Г.Карана). Энзімалагічныя метады сінтэзу далі магчымасць выбіральна ператвараць прыродныя злучэнні і атрымліваць новыя біялагічна актыўныя пептыды, алігацукрыды, нуклеатыды і нуклеінавыя кіслоты. У 1970—80-я г. інтэнсіўна развіваюцца сінтэз алігануклеатыдаў і генаў, мембраналогія, аналіз структуры складаных бялкоў, сярод якіх трансаміназа, β-галактазідаза, ДНК-залежная РНК-полімераза, γ-глабуліны, інтэрфероны і мембранныя бялкі (адэназінтрыфасфатаза, бактэрыярадапсін, цытахромы P-450); даследуюцца будова і механізм дзеяння нейрапептыдаў — рэгулятараў вышэйшай нерв. дзейнасці. Біяарганічная хімія звязана з практычнай медыцынай і сельскай гаспадаркай (стварэнне імунахім. сродкаў мікрааналізу біялагічна актыўных рэчываў, сінтэз антыбіётыкаў, гармонаў, вітамінаў, стымулятараў росту раслін і рэгулятараў паводзін жывёл і насякомых), біятэхналогіяй, хім. і мікрабіял. прам-сцю. Спалучэнне метадаў біяарганічнай хіміі і геннай інжынерыі дало магчымасць атрымаць інсулін чалавека, інтэрферон, гармон росту чалавека і інш. біялагічна актыўныя злучэнні бялкова-пептыднай прыроды.
На Беларусі развіццё біяарганічнай хіміі пачалося пасля ўтварэння ў 1974 Ін-та біяарган. хіміі АН на чале з А.А.Ахрэмам. Вывучаюцца і даследуюцца: структуры і функцыі бялкоў, ферментаў, нуклеінавых кіслот і нізкамалекулярных біярэгулятараў (стэроідных гармонаў, прастагландзінаў), тонкі арган. сінтэз пестыцыдаў, лек. прэпаратаў і іншых фізіялагічна актыўных біяхім. злучэнняў. Даследаваны: біяхім. ўласцівасці стэроідаў і прастагландзінаў (Ахрэм, Ф.А.Лахвіч, У.А.Хрыпач), стэроідных і бялковых гармонаў (А.А.Стральчонак), нуклеатыдаў і нуклеазідаў (І.А.Міхайлопула), механізмы дзеяння акісляльна-аднаўляльных ферментных сістэм і іх мадэлявання (Дз.І.Мяцеліца, С.А.Усанаў), структура і арганізацыя мембранна-звязаных ферментаў (В.Л.Чашчын), таксама сінтэз новых лек. прэпаратаў на аснове гетэрацыклічных злучэнняў (Л.І.Ухава) і інш.
Літ.:
Овчинников Ю.А. Биоорганическая химия М., 1987;
Дюга Г., Пенни К. Биоорганическая химия: Хим. подходы к механизму действия ферментов: Пер. с англ.М., 1983;
Бендер М., Бергерон Р., Комияма М. Биоорганическая химия ферментативного катализа: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКАВО́ДСТВА,
галіна земляробства па вырошчванні буракоў для цукровай прамысловасці, а таксама на харч. і кармавыя патрэбы. На долю цукр. буракоў прыпадае прыкладна 1/3 цукру, які вырабляюць у свеце, а ў краінах умеранага пояса яны адзіная крыніца яго атрымання. На кармавыя мэты выкарыстоўваюць прамысл. адходы — жамерыны і патаку, а таксама буракі ў сырым выглядзе. Частка адходаў ідзе на ўгнаенне. Цукр. буракі параўнальна маладая с.-г. культура, выведзеная ў 18 ст. ў Германіі. У выніку селекцыі, развіцця насенняводства і ўдасканалення тэхналогіі вырошчвання яны шырока культывуюцца ў краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, найб. у лесастэпавай зоне. У залежнасці ад умоў вырошчвання колькасць цукру ў караняплодах вагаецца ад 15 да 23%. Сусв. плошчы пад цукр. буракамі каля 8 млн.га. Найб. плошчы пасеваў на Украіне (лесастэпавая зона), у Расіі (Чарназёмны цэнтр, Кубань), ЗША, Францыі, Германіі, Польшчы. Невял. пл. маюць Малдова, Беларусь, Літва, Латвія, а таксама Казахстан і Кыргызстан (на арашальных землях), з краін Зах. Еўропы — Нідэрланды, Вялікабрытанія. Найб. ўраджаі атрымліваюць у краінах Зах. Еўропы — 550—600 ц/га.
Вырабляць цукар з цукр. буракоў на Беларусі пачалі ў 1830-я г., калі ў Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губ. былі пабудаваны невял. цукр. з-ды. У 1860-я г. іх было больш за 30, але з-за канкурэнцыі больш таннага цукру з Украіны да канца 19 ст. яны былі ліквідаваны. Вырошчванне цукр. буракоў на Беларусі аднавілася ў 1950-я г. адначасова з буд-вам цукр. заводаў у Скідзелі (працуе з 1951), Гарадзеі Нясвіжскага р-на (1959), Жабінцы (1963), Слуцку (1965). У Беларусі ў 1995 цукр. буракі займалі 55,4 тыс.га, або 0,9% агульнай пасяўной плошчы. Ураджайнасць каля 200—300 ц/га, штогадовы валавы збор каля 1000—1500 тыс.т (гл.табл.). Пасевы цукр. буракоў канцэнтруюцца ў 28 адм. раёнах вакол цукр. з-даў. Доля цукр. буракоў у агульных пасевах гэтых раёнаў вагаецца ад 3 да 7%. Колькасць цукру ў бураках 15—17% — значна ніжэйшая, чым на Украіне (20—22%), выхад цукру з 1 т буракоў на заводах Беларусі 12—13%. Цукр. буракі ў Беларусі сеюць на сугліністых і супясчаных мінеральных, а таксама на асушаных і акультураных тарфяна-балотных глебах. Раянаваны сорт Гала.
Буракі сталовыя пашыраны на ўсіх кантынентах і ва ўсіх земляробчых зонах, але больш ва ўмераным поясе. Ураджайнасць 400—500 ц/га (да 1000 ц), на Беларусі каля 200 ц/га. Раянаваныя сарты — Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18 і інш. Кармавыя буракі вырошчваюць у краінах умеранага пояса: ЗША, Канадзе, Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, у краінах СНД і інш. Ураджайнасць у еўрап. краінах, у т. л. ў Беларусі, 300—400 ц/га. Вырошчваюць сарты бел. (Бел. чырвоныя) і замежнай (Экендорфскія жоўтыя і інш.) селекцыі.
Н.І.Жураўская.
Пасяўная плошча і валавыя зборы цукровых буракоў у Беларусі (на тэхнічныя мэты)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎ,
горад абл. падпарадкавання ў Беларусі, цэнтр Барысаўскага р-на Мінскай вобласці. За 71 км ад Мінска. Чыг. ст. на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 154,8 тыс.ж. (1995).
Паводле В.М.Тацішчава, заснаваны на левым беразе Бярэзіны ў 1102 полацкім кн. Барысам Усяславічам (паводле інш. звестак — у 1032 кіеўскім кн. Яраславам Мудрым). Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах пад 1127 як горад Полацкай зямлі. У 1431 разбураны ў выніку міжусобных войнаў. У 13—18 ст. існаваў Барысаўскі замак. У 1542 уключаны ў Віленскае ваяв., уласнасць Я.Глябовіча. У 1563 горад атрымаў магдэбургскае права. З 1563 цэнтр староства (гл. ў арт.Барысаўская воласць), пасля Люблінскай уніі 1569 староства леннага ўладання князёў Агінскіх, потым Радзівілаў, у складзе Аршанскага пав. Віцебскага ваяв. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 неаднаразова заняты рус. і швед. войскамі. З 1793 у складзе Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскага намесніцтва. У 1796 атрымаў гарадскі герб. У вайну 1812 акупіраваны, разрабаваны і спалены франц. войскамі (гл.Барысаўская бітва 1812). У 1871 праз Барысаў прайшла чыгунка Масква—Брэст, на правым беразе Бярэзіны ўзнікла чыг. станцыя з пас. Нова-Барысаў. У 1897 у Барысаве 15 063 ж. У 1901 і 1910 моцна пацярпеў ад пажараў. У 1910 у горадзе каля 19 тыс.ж., 32 прамысл. прадпрыемствы, 112 крам, мужчынская гімназія, жаночая прагімназія, некалькі пач. школ, метэастанцыя і інш. З 1914 працавала Барысаўская жаночая настаўніцкая семінарыя. У ліст. 1917 устаноўлена сав. ўлада. У 1918 Барысаў акупіраваны герм., у 1919—20 польск. войскамі. З 1924 цэнтр раёна, у 1924—27 — акругі. З 1938 горад абл. падпарадкавання ў складзе Мінскай вобласці. У Вял. Айч вайну 2.7.1941 акупіраваны ням-фаш. захопнікамі, якія стварылі тут 6 лагераў смерці, дзе загубілі больш за 33 тыс.сав. грамадзян; дзейнічала Барысаўскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 1.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту. У 1959 — 59,3 тыс., у 1970 — 84 тыс.ж.
У Барысаве лясная і дрэваапр.прам-сць: вытв. аб’яднанне «Барысаўдрэў», Барысаўская фабрыка піяніна, Барысаўскі лесахімічны завод, з-ды мэблевай фурнітуры, шпалапрапітны (гл. асобныя арт.). Маш.-буд. і металаапр.прам-сць: Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік», Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання, Барысаўскі завод агрэгатаў, Барысаўскі інструментальны завод, Барысаўскі завод эмаліраванага посуду «Чырвоны металіст». Харч.галіна: Барысаўская макаронная фабрыка, мяса- і хлебакамбінаты, малочны і кансервавы з-ды і інш. Прадпрыемствы швейнай, хім. і хім.-фармацэўтычнай прам-сці: Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, Барысаўскі завод «Гуматэхніка», быт. хіміі, Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, палімернай тары «Паліміз» і інш.Барысаўскі хрусталёвы завод, камбінат па перапрацоўцы другаснай сыравіны, 2 з-ды жалезабетонных вырабаў, Барысаўскі камбінат прыкладнога мастацтва. Барысаўскі політэхнічны тэхнікум, мед. і пед. вучылішчы, Барысаўскі дзяржаўны аб’яднаны музей. Помнік сав. танкістам, брацкія магілы сав. воінаў і ваеннапалонных, магілы ахвяраў фашызму. Помнікі архітэктуры: касцёл (1806—23), Барысаўскі Васкрасенскі сабор, гандл. рады (1908), будынак чыг. вакзала і сінагога (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Ашмянскія грады,
фізіка-геагр. раён Беларускай грады. На ПнУ Гродзенскайі З Мінскай абласцей. Мяжуе з Нарачана-Вілейскай нізінай на Пн, Мінскім узв. на У, Верхнянёманскай ніз. на Пд, Лідскай раўнінай на ПдЗ. Выцягнута з ПнЗ на ПдУ да 110 км (заходзіць у Літву як Мядзінінкскае узв.), шыр. да 40—50 км. Далінай Зах. Бярэзіны аддзяляецца ад Мінскага узв., з якім генетычна звязана. Над суседнімі нізінамі ўзнімаецца на 75—150 м. Найб.выш. 320 м над узр. м. — г. Мілідаўская (за 2 км на ПнУ ад в. Крэва Смаргонскага р-на). Пл. каля 4 тыс.км². Ашмянскае ўзвышша — франтальныя ледавіковыя грады і вуглавы масіў, якія ўзніклі пры шматразовым насоўванні краю ледавіка вілейскай і мяркінскай лопасцяў у час Ашмянскага стадыяла перадапошняга зледзянення; зах.галіна адзінага амфітэатра канцавых марэнных утварэнняў, якія прадаўжаюцца на Пн па зах. перыферыі Мінскага узв. (да Докшыц). Прымеркавана да Валожынскага грабена і паўтарае яго арыенціроўку.
У будове ўзвышша пераважаюць адклады ніжняга і сярэдняга (1/2 магутнасці) антрапагену. З паверхні складзена з пяскоў, супескаў і суглінкаў з уключэннямі жвіру, галькі і валуноў (трапляюцца вельмі буйныя, гл.«Асілак») дняпроўскага зледзянення, з лёсападобных і зандравых адкладаў паазерскага зледзянення, азёрных, алювіяльных і балотных утварэнняў паазерскага і галацэнавага часу. Карысныя выкапні: цагельна-чарапічныя гліны, буд. пяскі і пясчана-жвіровы матэрыял, торф.
У рэльефе вылучаецца не менш як 5 кулісападобных градаў шыр. ад 1—1,5 да 5—7 км, якія складзены з гляцыядыслакаваных пародаў са шматлікімі адорвенямі і маюць скібава-складкавую структуру. Градава-ўзгоркавы і ўзгоркава-ўвалісты рэльеф са стромкімі (пераважна паўд.-зах.) схіламі мае адносныя вышыні ад 15—20 да 50—60 м (найб. выразны на ПнУ ад г. Ашмяны). Міжградавыя паніжэнні заняты даліннымі зандрамі і азёрна-алювіяльным рэльефам паазерскага зледзянення. Трапляюцца асобныя камы і лімнакамы, озавыя грады (найчасцей у паніжэннях). На стромкіх схілах развіты яры глыб. 3 м, даўж. 0,5 км. Узвышша пераразаюць скразныя даліны Бярэзіны паміж в. Гародзькі і Сакаўшчына Валожынскага р-на Мінскай вобл., Ашмянкі на ўчастку ад г. Ашмяны да в. Солы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобласці і інш. Вярхоўі рэк Ашмянка і Альшанка звязаны затарфаванай далінай прарыву шыр. 11 км. Рэкі адносяцца да бас. Нёмана. Прытокі Віліі дрэніруюць паўн.-ўсх. (Ашмянка і Уша) і зах. (Мяркіс) схілы, на паўд.-зах. схіле пачынаюцца р. Гаўя з прытокамі Жыжма і Клява, Альшанка і інш. прытокі Зах. Бярэзіны. Т-растудз. -6,6 °C, ліп. 17,1 °C, ападкаў 650—700 мм за год. Глебы найб. урадлівыя ва ўсх.ч. — дзярнова-палева-падзолістыя на лёсападобных суглінках, на астатняй тэр. дзярнова-падзолістыя на марэнных супесках і водна-ледавіковых пясках, у поймах алювіяльныя, у міжградавых паніжэннях і на месцы былых азёраў тарфяна-балотныя. Лясы (36% тэр.) захаваліся на невял. участках, найб. на З у вярхоўях Мяркіса і Альшанкі, — субары, яловыя, бярозава-асінавыя і алешнікі. Лугавая расліннасць (каля 25% тэр.) злакава-разнатраўная, разнатраўная і асаковая. Разарана каля 32% тэрыторыі. Ашмянскае ўзвышша мае адметныя краявіды, асабліва каля в. Кушляны Смаргонскага р-на і в. Жупраны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл.
М.Я.Камароўскі.
Ашмянскае ўзвышша каля в. Жупраны Ашмянскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВА́РЫЯ (Bayern),
зямля (адм. адзінка) на ПдФРГ. Пл. 70,6 тыс.км². 11,9 млн.чал.(1994). Адм. ц. — г.Мюнхен; найбуйнейшыя гарады: Нюрнберг, Аўгсбург, Рэгенсбург, Вюрцбург, Пасаў. Амаль уся тэр. Баварыі размяшчаецца на Баварскім пласкагор’і і Франконскім Альбе. На У невысокія горы Чэшскага і Баварскага Лесу, Шумавы; на Пд адгор’і Цірольскіх Альпаў (г. Цугшпітцэ, 2963 м). Больш за 30% тэрыторыі пад лесам. Густая сетка рэк (Дунай з прытокамі, Майн), на Пд шмат азёраў.
Клімат умераны. Сярэдняя т-раліп. 17 °C, студз. каля 2 °C, ападкаў 935 мм за год Невял. радовішчы жал. руды, бурага вугалю, солі, графіту, нафты. Большасць насельніцтва занята ў прам-сці. Каля 50% электраэнергіі даюць ГЭС. Ёсць АЭС. Вядучая галіна — машынабудаванне: электратэхнічнае, агульнае (у т. л.вытв-сць падшыпнікаў), транспартнае (аўта- і самалётабудаванне), дакладная механіка. Развіты нафтаперапрацоўка і нафтахімія, вытв-сць алюмінію. Важнае значэнне маюць тэкст. і швейная, шклокерамічная, харч. (вытв-сць сыроў, піва, масла, цукру), дрэваапр.прам-сць. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукр. буракі, хмель, агародніну, вінаград. Жывёлагадоўля. Густая сетка чыгунах (амаль усе электрыфікаваны) і аўтадарог. Суднаходства па Дунаі і Майне. Курорты. Турызм.
Гісторыя. Баварскае герцагства з цэнтрам у г. Рэгенсбург узнікла ў 6 ст. (утворана герм. племем бавараў). Правіла ў ім дынастыя Агілальфінгаў. З 591 герцагства, залежнае ад Франкскай дзяржавы, з 788 частка імперыі Каралінгаў. У 903—437 яно адноўлена, у 938—947 далучана да «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У 976 ад Баварыі аддзялілася Карынтыя, у 1156 — Усходняя марка (Аўстрыя), у 1180 — Штырыя. З 1180 Бавары. наз. герцагствам Вітэльсбахаў. У 1255 яно падзялілася на Ніжнюю і Верхнюю (з рэйнскім графствам Пфальц, далучаным у 1214) Баварыю. Пры Людвігу Баварскім (з 1314 герм. кароль Людвіг IV) уладаннямі Баварыі сталі Брандэнбург, Ціроль, Нідэрланды. Пасля перыяду раздробленасці герцагства зноў аб’ядналася ў 1505. У 16 ст. яно было цэнтрам Контррэфармацыі ў Германіі. З 1623 Баварыя — курфюрства. Яе першы курфюрст Максімілян I далучыў у 1628 да Баварыі Верхні Пфальц. Са смерцю Максіміляна II Іосіфа (1777) баварская лінія Вітэльсбахаў спынілася, і ў Баварыі правілі пфальцскія курфюрсты. З 1806 Баварыя — каралеўства. Паміж 1803 і 1815, дзякуючы саюзу з напалеонаўскай Францыяй, тэр. Баварыі значна павялічылася. З 1815 яна чл.Герм. саюза, з 1834 у герм. мытным саюзе. У 1818 Баварыя атрымала канстытуцыю. Пры Людвігу I [1825—48] культ. і навук. цэнтрам Баварыі стаў Мюнхен. Ліберальным і сац. рэформам у каралеўстве спрыяў Максімілян II [1848—64]. У час аўстра-прускай вайны 1866 Баварыя на баку Аўстрыі, з 1871 у складзе Герм. імперыі. У ліст. 1918 Людвіг III Вітэльсбах адрокся ад прастола. З 1919 Баварыя — «вольная дзяржава» ў складзе Веймарскай рэспублікі. У крас. 1919 у Мюнхене левыя абвясцілі Баварскую Сав. рэспубліку, якая ў маі ліквідавана ўрадавымі войскамі. У 1920-я г. Баварыя — цэнтр правай герм. апазіцыі супраць Веймарскай рэспублікі.
Пры нацыстах імперскім намеснікам Баварыі стаў у 1933 ген. фон Эп. Пасля 2-й сусв. вайны акупіравана войскамі ЗША, якія стварылі тут зямлю (без Пфальца).У 1949 баварскі ландтаг ухваліў рашэнне аб утварэнні ФРГ з Баварыяй у яе складзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГРАФІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці, якая спецыялізуецца на выпуску друкарскай прадукцыі: кніг, часопісаў, газет, тапаграфічных карт, каштоўных папер, бланкаў дакументаў, календароў, плакатаў, сшыткаў, альбомаў, білетаў і інш. У залежнасці ад асн. відаў прадукцыі, якія выпускаюцца паліграф. прадпрыемствам, адрозніваюць спецыялізаваныя кніжныя, газетныя, часопісныя, а таксама кніжна-часопісныя, газетна-часопісныя і этыкетка-ўпаковачныя прадпрыемствы, картаграфічныя ф-кі, прадпрыемствы спец. прызначэння, прадпрыемствы малой (аператыўнай) паліграфіі, а таксама тыя, што выпускаюць друкарскую прадукцыю культ.-быт. прызначэння. У залежнасці ад перавагі на паліграф. прадпрыемстве аднаго з асн. відаў прадукцыі адрозніваюць друкарні — прадпрыемствы, якія ў асноўным выкарыстоўваюць спосаб высокага друку, прадпрыемствы плоскага афсетнага, глыбокага, трафарэтнага і інш. відаў друку; паліграф. камбінаты выпускаюць друкарскую прадукцыю некалькімі спосабамі друку.
П.п. прайшла доўгі і складаны шлях развіцця. Тэхн. асновай паліграфіі з’яўляецца вынайдзенае каля 1440 І.Гутэнбергам кнігадрукаванне. У 16 ст. паліграфія набыла характар развітой мануфактуры. Вынаходніцтва ў 19 ст. друкарскай машыны азначала прамысл. рэвалюцыю ў паліграфіі, стварэнне паліграф. машынабудавання. 3 сярэдзіны 20 ст. ў ходзе навук.-тэхн. рэвалюцыі паліграфія развіваецца па наступных кірунках: пераход да электронных спосабаў вырабу друкарскіх форм для ўсіх спосабаў друку (выкарыстанне ЭВМ для фотанабору і электроннага колерадзялення для каляровага друку), выкарыстанне ролевага афсетнага друку на высокахуткасных машынах, стварэнне аўтам. паточных ліній у апрацоўчых цэхах, комплексная механізацыя і аўтаматызацыя вытв-сці, выкарыстанне фотатэлеграфнай тэхнікі для перадачы газетных палос.
На Беларусі развіццё П.п. пачалося з дзейнасці Ф.Скарыны, які ў 1522 заснаваў друкарню ў Вільні, выкарыстаўшы выразаныя ўручную шрыфты і застаўкі. Друкарскае майстэрства ўдасканальвалі С.Будны, В.Цяпінскі, П.Мсціславец і інш. Першая друкарня на тэр. сучаснай Беларусі — Брэсцкая (1550—70-я г.). Пазней друкарні працавалі ў Нясвіжы, Заблудаве, Слуцку, Любчы, Магілёве, Куцейне (гл. адпаведныя артыкулы). Кнігі выдаваліся на старабел., польскай, стараслав. мовах. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі адкрыты друкарні ва ўсіх губ. гарадах. У 1913 выдадзена 232 назвы кніг тыражом 212 тыс.экз. У 1920 у БССР было 76 паліграф. прадпрыемстваў; пабудаваны Дом друку (з 1960 друкарня выдавецтва «Звязда», з 1969 друкарня Выдавецтва ЦККПБ, з 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, потым Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; гл.Беларускі дом друку). У 1940 па Беларусі надрукавана 76 млн. аркушаў-адбіткаў. Пасля Вял.Айч. вайны адноўлены разбураныя паліграф. прадпрыемствы, пабудаваны Мінскі паліграфічны камбінат. З сучасных паліграф. прадпрыемстваў найб. буйныя Мінскі паліграфічны камбінат, Мінская фабрыка каляровага друку, Беларускі дом друку, Мінская шпалерная фабрыка, Гомельская фабрыка«Палесдрук», друкарня «Перамога» ў Маладзечне.
Сярод краін свету найб. развітую П.п. маюць Германія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, Швецыя, Швейцарыя, Японія і інш.Гл. таксама Друк, Выдавецкая справа, Нотадрукаванне, Картадрукаванне.
Выпуск прадукцыі паліграфічнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна народнай гаспадаркі, якая вырабляе дэкар.маст. вырабы індустр. метадамі для жылых і грамадскіх інтэр’ераў (асвятляльная апаратура і інш.), для быт. патрэб (адзенне, цацкі, сувеніры, маст. метал, шкло, кераміка, фарфор, фаянс і інш.). Вытв-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Шырокае выкарыстанне машын адрознівае М.в.в. ад прадпрыемстваў нар.маст. промыслаў, дзе пераважае ручная праца.
М.в.в. узнікла ў 16—17 ст. з развіццём мануфактурнай вытв-сці. У Еўропе асаблівую ўвагу надавалі вырабу маст. тканін, шкла (венецыянскае шкло) і керамікі. У 18 — пач. 19 ст, з’явіліся: кераміка Дж.Уэджвуда, майсенскі фарфор, сеўрскі фарфор, фарфор імператарскага фарфоравага з-да ў Пецярбургу, Дулёўскі фарфоравы завод, гжэльская кераміка, каменярэзныя вырабы (Пецяргофская гранільная ф-ка, Дзямідаўскія каменярэзныя з-ды на Урале), мастацкае ліццё (г. Каслі) і інш.
На Беларусі вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва вядомы з 9—13 ст. У 15—16 ст. склаліся цэнтры маст. апрацоўкі металу, ганчарства, вытв-сці кафлі, шкла мастацкага і інш. У 16—17 ст. майстры маст. рамёстваў з гарадоў Віцебск, Гродна, Магілёў, Орша, Полацк, Нясвіж, Слуцк і інш. працавалі ў Маскве і інш. гарадах Маскоўскай дзяржавы. З 17 ст. пашырылася ткацтва мастацкае. Мануфактурная маст.вытв-сць пачала развівацца ў 18 ст.Найб. вядомыя мануфактуры: Радзівілаў у Слуцку (выраб слуцкіх паясоў) і Карэлічах (выраб карэліцкіх шпалераў), Агінскіх у Слоніме (шпалеры), Гродзенскія каралеўскія мануфактуры А.Тызенгаўза. На мануфактурах Урэчча і Налібакаў выраблялі маст. шкло, у Копысі — кафлю, у Целяханах — маёліку і фаянс (гл.Копыская кафля, Свержанская фаянсавая мануфактура, Урэцка-налібоцкае шкло, Целяханская фаянсавая мануфактура). У 1919 у Віцебску і Магілёве арганізаваны керамічныя майстэрні, у Слуцку — ткацка-вышывальныя, у Гомелі — дрэваапрацоўчыя. У 1938 нар. ўмельцы аб’яднаны ў Бел. мастацкі прамысл. саюз. У 1965 маст. промыслы ператвораны ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці рэспублікі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел.вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастацпромыслы» (асацыяцыя нар.маст. промыслаў), з 1991 Асацыяцыя «Бел. народныя маст. промыслы», з 1993 Бел.дзярж. канцэрн нар.маст. промыслаў. Ў 1994 канцэрн у падпарадкаванні Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У склад канцэрна ўвайшлі 19 прадпрыемстваў маст. вырабаў: Брэсцкая фабрыка сувеніраў (выйшла ў 1998), Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава», Жлобінская фабрыка інкрустацыі, Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Сафія», Слуцкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы», Аршанская ф-камаст. вырабаў «Рамонак», Светлагорская ф-камаст. інкрустацыі, ф-кі маст. вырабаў у гарадах Баранавічы, Бешанковічы, Барысаў, Бабруйск, Гомель, Магілёў, Мазыр, Пінск, Слонім, Хойнікі; Цэнтр. лабараторыя нар. рамёстваў «Скарбніца», Дзярж. доследна-эксперым. прадпрыемства «Траецкае»; 16 даччыных гандл. прадпрыемстваў. Дзейнічаюць самастойныя ф-кі або ў сістэме інш. галін прам-сці: адкрытыя акц. т-вы «Мастра» ў Мінску, «Белмастацкераміка» ў г.п. Радашковічы і Івянецкі з-дмаст. керамікі (у складзе канцэрна «Белмясцпрам»), Маладзечанская ф-камаст. вырабаў (у складзе Бел. фонду культуры) і інш., а таксама шырокая сетка малых прадпрыемстваў.
Л.А.Паўловіч.
Да арт.Мастацкіх вырабаў вытворчасць. 1. Ф.Шостак. Дэкаратыўная пасудзіна «Зубр». Івянецкі завод мастацкай керамікі. 2. «Ільнаводка». Лён. Маладзечанская фабрыка мастацкіх вырабаў. З. І.Буйвіч. Пляцёнкі для садавіны. Лаза. Баранавіцкая фабрыка мастацкіх вырабаў. 4. А.Шпакаў. Кухонны набор. Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯ́СКА (Alaska),
штат ЗША, на ПнЗПаўн. Амерыкі. Аддзелены ад асн. часткі ЗША тэр. Канады. Акрамя мацерыковай часткі займае Алеуцкія а-вы, архіпелаг Аляксандра і інш.Пл. 1477 тыс.км², нас. 599 тыс.чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Джуна. Найб. гарады Анкарыдж, Кетчыкан, Сітка і Фэрбанкс. Пераважае гар. насельніцтва, якое сканцэнтравана на ПдУ, каля палавіны — у Анкарыджы. На Пн і ў цэнтр.ч. Аляскі расчлянёнае плато, якое пераходзіць у прыбярэжную нізіну, на Пд Аляскінскі хр. з найвыш. пунктам Паўн. Амерыкі г. Мак-Кінлі (6193 м). Вял. рэкі Юкан і Кускакуім. Клімат халодны, кантынентальны. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. ад -1,6 °C да -24,8 °C, ліп. 13,3—15,7 °C. Ападкаў на Пн каля 300 мм, на Пд 1500—4000 мм за год. Шматгадовая мерзлата, тундры і рэдкія лясы на Пн, хваёвыя лясы ў гарах на Пд. Па далінах рэк невял. плошчы, прыдатныя для земляробства. Вядучая галіна гаспадаркі — горназдабыўная: нафта, газ, вугаль, золата, руды серабра, медзі, ртуці і інш. Лясная, рыбная прам-сць. Жывёлагадоўля (паўн. алені, буйн. раг. жывёла, зверагадоўля), паляўніцтва. Вырошчваюць ячмень, сеяныя травы, бульбу. Турызм. Транспарт марскі, авіяцыйны, аўтамабільны, чыгуначны. Трансаляскінскі нафтаправод перасякае з Пн на Пд.
На думку многіх вучоных, продкі сучасных карэнных жыхароў Аляскі (індзейцаў, эскімосаў, алеутаў) паходзяць з Паўн.-Усх. Азіі. У 17 ст. эскімосы жылі пераважна ў прыбярэжных раёнах, алеуты — на п-ве алеуты — на Алеуцкіх а-вах, індзейцы — на паўд.-ўсх. узбярэжжы (тлінкіты і хайда) і ва ўнутр. раёнах Аляскі (атапаскі). У 1730-я г. Аляску даследавалі рус. экспедыцыі П.Нагібіна, В.Берынга, А.Мельнікава, І.Фёдарава, М.Гвоздзева, але адкрыццё Аляскі звязваюць з экспедыцыяй А.Чырыкава ў 1741. Першае рус. паселішча засн. ў 1784 на в-ве Кадзьяк. У 1798 рус. купцы стварылі «злучаную амерыканскую кампанію» (з 1799 наз.Рас.-Амер. кампанія), у карыстанне якой былі перададзены ўсе промыслы і выкапні на паўн.-зах. беразе Амерыкі ад 55°паўн. ш. да Берынгава праліва, на а-вах Алеуцкіх, Курыльскіх і інш. Цэнтрам Аляскі стаў г. Нова-Архангельск (цяпер Сітка). Першы гал. правіцель рус. паселішчаў у Амерыцы — А.Баранаў (1790—1818). Валоданне Аляскай прыводзіла Расію да канфліктаў з Англіяй і ЗША У 1821 рас. імператар Аляксандр I забараніў замежным суднам плаваць уздоўж берагоў рас. уладанняў на Алясцы, але неўзабаве Расія была вымушана дазволіць ЗША (1824) і Англіі (1825) мараходства і гандаль у гэтым раёне на льготных умовах. У 1839 англ. кампанія Гудзонава заліва атрымала ў арэнду на выгадных умовах частку прыбярэжнай паласы рас. уладанняў. У час Крымскай вайны 1853—56 царскі ўрад не меў неабходных сіл у раёне Ціхага ак. для абароны сваіх паселішчаў у Паўн. Амерыцы, таму вырашыў прадаць Аляску ЗША у разліку на іх падтрымку ў барацьбе за ліквідацыю ўмоў Парыжскага мірнага дагавора 1856. Паводле дагавора 30.3.1867 Аляска была прададзена ЗША за 7,2 млн. долараў (каля 11 млн.руб.). У канцы 19 ст. ў блізка размешчаным раёне Канады (Клондайк), а потым і на тэр. Аляскі былі адкрыты вял. радовішчы золата, што выклікала т.зв. «залатую ліхаманку». У 1867—84 Аляска ў падпарадкаванні ваен.мін-ва ЗША У 1884—1912 — акруга на чале з губернатарам, у 1912 пераўтворана ў «тэрыторыю» ЗША, з 1959 — штат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГІ́ЧЫНСКІ РАЁН,
на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1965). Пл. 1,9 тыс.км². Нас. 52 тыс.чал. (1997), гарадскога 34%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Драгічын, г.п.Антопаль, 133 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на пассавет Антопальскі і 14 сельсаветаў: Асавецкі, Бездзежскі, Брашэвіцкі, Вулькаўскі, Галоўчыцкі, Гутаўскі, Дзеткавіцкі, Драгічынскі, Закозельскі, Імянінскі, Немяржанскі, Папінскі, Радастаўскі, Хомскі. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) 22 населеныя пункты (1/6тэр.) забруджаны радыенуклідамі.
Раён у межах водна-ледавіковай раўніны Загароддзе, на Пн — ч.Прыпяцкага Палесся, на Пд — у межах Брэсцкага Палесся. Паверхня плоскараўнінная, 85% тэр. з вышынямі да 165 м. Найвыш. пункт 173 м (на ПнУ ад в. Крамно). Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -4,9 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 629 мм за год. Вегетац. перыяд 202 сут. На Пн раёна р. Ясельда з прытокамі Ласінцы, Плёса і інш., Дняпроўска-Бугскі канал, меліярац. каналы — Белаазерскі, Жыроўскі, Ляхавіцкі, Павіцкі і інш. У межах раёна вадасховішчы: Галоўчыцкае, Белін-Восаўцы і інш.; часткова размешчаны азёры Спораўскае і Белае. Глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (37,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (34,5%), тарфяна-балотныя нізінныя (21,9%) і інш. Пад лесам 23% тэрыторыі. Найб. лясістасць на Пд; лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і інш., чвэрць іх — штучныя насаджэнні. Балоты займаюць 15,8% тэр., 1/4 іх асушана. На тэр. раёна дзяржаўныя біялагічныя заказнікі Званец, Радастаўскі і часткова Спораўскі. Зоны адпачынку на р. Ясельда і Дняпроўска-Бугскім канале.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 96,9 тыс.га (51%), з іх асушана 41,9 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 22 калгасы, 1 саўгас, рыбгас «Навасёлкі», 23 фермерскія гаспадаркі. Асн.галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Разводзяць авечак і свіней, займаюцца пчалярствам і рыбагадоўляй. Вырошчваюць збожжавыя культуры: жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку, гарох, бульбу, цукр. буракі, лён. Прадпрыемствы харч. (сыр, хлеб, спірт), лёгкай (ватна-прадзільная ф-ка) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў, камбікорму, безалкагольных напіткаў, гематагену. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Брэст—Гомель, аўтадарогі Брэст—Гомель і Драгічын—Бяроза, Дняпроўска-Бугскі канал, нафтаправод «Дружба». У раёне 23 сярэднія, 15 базавых, 15 пач. школ, 4 муз. школы, санаторная школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, прафес.-тэхн. вучылішча, 14 дашкольных устаноў, 46 клубаў, 61 б-ка, 6 бальніц, 3 амбулаторыі, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: касцёл (да 1820) і Троіцкая царква (1784) у в. Бездзеж; царква Ушэсця (пач. 20 ст.) у в. Брашэвічы; царква Раства Багародзіцы (1737) у в. Вавулічы; Міхайлаўская царква (1780) у в. Восаўцы; Юр’еўская царква (1766) у в. Валавель; Пакроўская царква (1740) у в. Дзеткавічы; сядзіба Э.Ажэшка з капліцай-пахавальняй (1853) у в. Закозель (19 ст.); Троіцкая царква (1842) у в. Зёлава; Успенскія цэрквы ў в. Ласінцы (пач. 19 ст.) і ў в. Ліпнікі (1792); руіны сядзібы, дзе жыла Э.Ажэшка ў в. Людзвінова; царква Багародзіцы (19 ст.) у в. Ляхавічы; касцёл (19 ст.) у в. Новае Папіна; сядзіба (пач. 19 ст.) у в. Пярковічы; Праабражэнская царква (1810) у в. Папіна; Пакроўская царква (1862) у в. Радастава; царква Раства Багародзіцы (1797) у в. Субаты; Святадухаў касцёл (1750) у в. Язвіны. Выдаецца газ. «Драгічынскі веснік».