ФІЛЬМАГРА́ФІЯ (ад фільм + ...графія),
галіна ведаў, што вывучае метады і прынцыпы апісання фільмаў у даведачных работах. Існуе Ф. анатаваная, храналагічная, тэматычная, па жанрах, бягучая інфармацыйная, рэкамендацыйная і інш. Складаецца ў форме зборнікаў, даведнікаў, паказальнікаў, спісаў, аглядаў. Анатаваная Ф. ўключае вызначэнне тэмы, жанру, пераказ зместу, агульную ідэйна-маст. адзнаку і асн. вытв. звесткі (назва кінастудыі або фірмы, што выпусціла фільм, метраж і хронаметраж, колькасць частак, дату вытв-сці і выпуску на экран, склад здымачнай групы, пералік акцёраў, якія здымаліся ў фільме, атрыманыя ім узнагароды). Храналагічная Ф. паказвае агульны стан выпуску фільмаў у краіне, дае ўяўленне пра развіццё кінематаграфіі і работу асобных кінастудый, фірм, этапы творчай дзейнасці рэжысёра, сцэнарыста, акцёра і інш. удзельнікаў работы над пастаноўкай фільма. Тэматычная Ф. — матэрыял для вывучэння пытанняў, звязаных з распрацоўкай асобных тэм у кінамастацтве. Ф. мае вял. практычнае значэнне як аснова даследаванняў па пытаннях кінамастацтва і гісторыі кіно.
На Беларусі анатаваная Ф. прадстаўлена ў каталогу-даведніку «Усе беларускія фільмы» (т. 1—2, 1996—2000). Храналагічная Ф. бел. маст. і дакумент. фільмаў апублікавана ў кнігах «Гісторыя беларускага кіно» (т. 1—2, 1969—70), «Гісторыя кінамастацтва Беларусі» ў 4-х т. (т. 1, 2001), А.Красінскага «Фільмы. Героі. Час» (1975), зб-ках «Панарама беларускага кіно апошніх гадоў» (1998), «Беларускае кіно: Маладыя рэжысёры: Біяфільмаграфічны каталог» (1999). Выдаюцца тэматычныя і жанравыя каталогі дзеючага фонду маст., хранікальна-дакумент., навук.-папулярных, вучэбных і рэкламных фільмаў «Беларускія фільмы». У 2002 выдадзены каталог бел. дакумент. фільмаў «Беларуская культура і кіно». Інфарм. Ф. друкуецца ў газетах і часопісах.
І.А.Аўдзееў.
т. 16, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)