МАНАПО́ЛІЯ (ад мана... + грэч. pōleō прадаю),
выключнае (манапольнае) права вытв-сці, гандлю, промыслу, кіравання (улады), якое належыць адной асобе, групе або дзяржаве; буйная галіна, у якой невял. колькасць фірм кантралюе ўсю ці большую частку яе вытв-сці або буйныя аб’яднанні (канцэрны, кансорцыумы і г.д.), якія ўзнікаюць на базе канцэнтрацыі вытв-сці і капіталу і трымаюць большую частку выпуску або продажу якога-н. тавару; рынак, на якім колькасць прадаўцоў настолькі нязначная, што кожны з іх можа паўплываць на агульны аб’ём прапанавання і цану тавару (паслуг). У нац. эканоміцы аб’ектам інтарэсу з’яўляецца манапалізм — тып эканам. адносін, калі гасп. суб’ект прапануе контрагентам (іншаму боку) прымаць рашэнні на выгадных для сябе ўмовах, выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах рыначны попыт. Формы праяўлення М.: узніманне цэн, скарачэнне вытв-сці, інфляцыя, рост аплаты працы, недаацэнка маркетынгу, рэкламы, якасці прадукцыі і інш. М. могуць мець значныя рэзервы (матэрыяльныя, фінансавыя) для ўкаранення вынікаў навук.-тэхн. прагрэсу, павелічэння прыбытку, паніжэння выдаткаў вытв-сці за кошт буйных аб’ёмаў выпуску прадукцыі, выкарыстанне больш дасканалых сродкаў працы, кваліфікаванай рабочай сілы і г.д.; аднак манапалізм можа прывесці да застою. Асн. прычыны М.: эфект маштабу (эканомія, абумоўленая пашырэннем вытв-сці); заканад. перашкоды для арг-цыі новых фірм (прадпрыемстваў), якія ўваходзяць у галіну, ліцэнзійныя, патэнтныя і інш. абмежаванні; несумленныя паводзіны ўдзельнікаў рынку, імкненне атрымаць звышпрыбытак і інш. Выдаткі і рыначны попыт з’яўляюцца асн. абмежавальнікамі М.; яны не дазваляюць манапалісту адвольна ўстанаўліваць высокую цану на сваю прадукцыю (гл. Манапольная цана). Узнікненню і ўмацаванню ўлады М. перашкаджае антыманапольнае заканадаўства. У галінах натуральнай М. (напр., у электра-, газа- і водазабеспячэнні) многія прадпрыемствы з’яўляюцца дзярж. ўласнасцю.
У.Р.Залатагораў.
т. 10, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)