МАБІ́ЛЬНАСЦЬ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

змяненне індывідам ці групай сац. пазіцыі, месца, якое яны займаюць у сац. структуры грамадства. Тэрмін уведзены П.​Сарокіным; шырока выкарыстоўваецца ў даследаваннях сац. структуры, для характарыстыкі ступені «адкрытасці» ці «закрытасці» сац. груп і грамадстваў. Адрозніваюць М.с. вертыкальную і гарызантальную. Вертыкальная М.с. — перамяшчэнне індывіда ці групы ў сістэме сац. іерархіі, звязанае са зменай сац. статуса. Пры гэтым вылучаюць сац. ўзыходжанне (прасоўванне індывіда ці групы да пазіцый з больш высокім прэстыжам, даходам, уладай) і сац. сыходжанне, дэградацыю (рух да больш нізкіх іерархічных пазіцый). Гарызантальная М.с. — перамяшчэнне індывіда ці групы ў сац. структуры без змены сац. статуса. М.с. можа выяўляцца як добраахвотнае перамяшчэнне ў межах сац. іерархіі або быць абумоўлена структурнымі ці арганізацыйнымі зменамі. Сярод фактараў, якія ўплываюць на М.с., — мэтанакіраваная дзейнасць некаторых паліт. і сац. ін-таў (дзяржавы, царквы, арміі, паліт. партый і інш.), змена сістэмы грамадскага ўкладу, уплыў навукова-тэхн. прагрэсу, укараненне перадавой тэхнікі і тэхналогіі, узнікненне новых прафесій, удасканаленне сістэмы адукацыі, асобасныя імкненні і інш. Для індывіда магчымасць прасоўвання ўверх азначае не толькі павелічэнне долі сац. даброт, якія ён атрымлівае, але і рэалізацыю асабістага інтэлектуальнага патэнцыялу, дасягненне пастаўленай мэты, набыццё новага сац. вопыту. М.с. садзейнічае стабілізацыі грамадства, умацаванню пазіцый асобных сац. груп і паліт. эліт за кошт іх папаўнення таленавітымі асобамі з ніжэйшых сац. слаёў. Свабода М.с. выступае адной з умоў развіцця асобы, сцвярджэння прынцыпаў сац. справядлівасці, далейшага грамадскага прагрэсу.

І.​В.​Катляроў.

т. 9, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 17—1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Адзін з найбуйнейшых правасл. манастыроў на Беларусі. З ім звязана дзейнасць магілёўскага правасл. брацтва, пераведзенага з Магілёўскага Спаскага манастыра. У канцы 18 ст. манастырскі комплекс складалі мураваныя цэрквы Богаяўленская і «цёплая» (зімовая) Іаана Багаслова (пабудавана ў канцы 1630-х г.), званіца, будынак брацкай друкарні, крамы, драўляныя будынкі шпіталя, дома ігумена, гасп. пабудовы. Буд-ва манастыра пачата ў 1618 паводле прывілея караля Уладзіслава IV. Богаяўленская царква пабудавана А.​Азаровічам у 1633—36 у стылі ранняга барока. Уяўляла сабой 3-вежавую 3-апсідную 10-стаўповую крыжова-купальную базіліку з 8-гранным барабанам і купалам (пастаўлены ў 1700) над сяродкрыжжам. Гал. фасад меў ярусную кампазіцыю, завяршаўся 2 вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Верхні ярус аздоблены плоскімі арачнымі нішамі з гіркамі. Інтэр’ер багата размаляваны, меў пазалочаны разны іканастас (17—18 ст.) работы мясц. майстроў з абразамі іканапісца А.​Пігарэвіча і інш. у сярэбраных абкладах (1755) работы магілёўскага чаканшчыка П.​Слізіка (Сліжыка). У 1657 побач з царквой пачата буд ва 4-яруснай вежы-званіцы, на якой ў 1686 устаноўлены гадзіннік. зроблены манахам Макарыем. Царква разбурана ў 1708 і 1748, у 1850 цалкам адноўлена, у 1866 адноўлены мураваная брама і званіца. Комплекс разбураны ў Вял. Айч. вайну.

Магілёўскі Богаяўленскі манастыр. Галоўны фасад Богаяўленскай царквы.

Т.​І.​Чарняўская.

т. 9, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІ́БАВА,

вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл. За 23 км на З ад Ваўкавыска, за 1 км ад чыг. ст. Мсцібава на лініі Ваўкавыск — Бераставіца, 81 км ад Гродна. 364 ж., 182 двары (1999). Базавая школа, б-ка, аптэка, магазін, клуб. Помнік архітэктуры Мсцібаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Каля вёскі гарадзішча 12—13 і 15—17 ст.

Першае паселішча на месцы М. — гарадзішча — сфарміравалася ў 12—13 ст. У 15 ст. велікакняжацкія двор і вёска пад назвай Мсцібогаў. У 1492 згадваецца ў дакументах як М. Ваўкавыскага пав. У 1572 і 1576 у М. адбываліся з’езды шляхты Рэчы Паспалітай, на апошнім з якіх вырашана абраць каралём Стафана Баторыя. У 17—18 ст. цэнтр староства ў Ваўкавыскім пав., складалася з мястэчка і замка. У 1744 атрымала магдэбургскае права. У 1792 каля М. адбылася бітва войска ВКЛ з кааліцыяй рас. войск і атрадаў Таргавіцкай канфедэрацыі. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. дзярж. мястэчка, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886—1040 ж., 103 двары, 2 царквы, касцёл, сінагога, пошта, багадзельня, 6 крам, 5 корчмаў, 3 кірмашы штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ваўкавыскага р-на. З 28.7.1967 у Гнезнаўскім с/с, у складзе саўгаса «Гнезна».

В.​У.​Шаблюк.

т. 10, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗА́ІКА (франц. mosaïque, італьян. mosaico ад лац. musivum літар. прысвечанае музам),

выява ці ўзор, складзены з кавалачкаў розных форм рознакаляровых натуральных камянёў, смальты, керамікі, дрэва (гл. Маркетры) і інш. і замацаваны ў слоі вапны, цэменту, воску і інш.; від манументальнага мастацтва. М. выкарыстоўваецца для ўпрыгожвання твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва, радзей для стварэння станковых карцін. Існуюць 2 тыпы мазаічных твораў: з маленькіх кубікаў смальты ці каменю (тэхніка, вядомая з часоў антычнасці, т.зв. рымская М.) і з тонкіх пластоў рознакаляровых мармураў і яшмы, выразаных і складзеных па контурах выявы, т.зв. фларэнтыйская мазаіка. Набор М. можа быць простым (выяву адразу набіраюць на слой цэменту ці масцікі) і адваротным (кавалачкі М. наклейваюць пярэднім бокам уніз на малюнак, выкананы на тканіне, кардоне, заліваюць цэментам, потым блок пераносяць у патрэбнае месца паверхні, якая дэкарыруецца). Блізкія да М. інкрустацыя, інтарсія.

Найб. стараж. М. вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Росквіту дасягнула ў ант. і візант. мастацтве, Італіі, Стараж. Русі і інш. У краінах ісламу з 13—14 ст. развіваецца маёлікавая М., якой упрыгожвалі парталы пабудоў і купалы маўзалеяў. У 18 ст. ў Расіі М.​Ламаносаў адрадзіў тэхніку смальтавай М. У 1870-я г. бел. мастак Н.​Сілівановіч стварыў мазаічнае пано «Тайная вячэра» ў Ісакіеўскім саборы ў Пецярбургу. Шырока вядомы М. буйных мастакоў канца 19 — пач. 20 ст.: В.​Васняцова, Р.​Гутуза, А.​Дайнекі, Г.​Клімта, Ф.​Лежэ, І.​Рабіновіча, Д.​Рыверы, Д.​Сікейраса, Б.​Тальберга, М.​Урубеля, Х.​Эрні, архітэктара А.​Гаўдзі і інш.

На Беларусі смальтавая М. вядома з 12 ст. (аздабленне пабудоў Верхняга замка і храма-пахавальні Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў г. Полацк Віцебскай вобл., Ніжняй царквы ў Гродне). М. пач. 20 ст. зберагліся ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы, фамільнай пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., будынку пазямельна-сял. банка ў Віцебску. М. з розных матэрыялаў шырока выкарыстоўваецца з 1960-х г.: інтэр’еры Палаца культуры тэкстыльшчыкаў (1963, Г.​Вашчанка), кінатэатра «Партызан» (1967, М.​Данцыг, Б.​Няпомняшчы), кампазіцыі на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (1969, А.​Бембель), «Беларусь партызанская» на фасадзе гасцініцы «Турыст» (1973, А.​Кішчанка), у афармленні станцый метрапалітэна «Маскоўская» (У.​Стальмашонак, В.​Даўгала), «Інстытут культуры» (В.​Чайка, С.​Катовіч; абедзве 1984), на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць (1998, В.​Барабанцаў) — усе ў Мінску; на тарцах дамоў у мікрараёне Усход у Мінску (1977—78, Кішчанка), г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1981, У.​Новак і інш.), Брэсце (1985) і г. Салігорск Мінскай вобл. (1986, 1997, усе У.​Крываблоцкі), трыпціх на фасадзе індустр.-пед. тэхнікума ў г. Пінск Брэсцкай вобл. (1984, У.​Самсонаў) і інш.

А.​М.​Пікулік.

Мазаіка з выявай нацюрморта. Старажытны Рым. 2 ст. н.э.
Да арт. Мазаіка. Сімяон Полацкі. Мазаічная выява ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы. Паводле кардона АМ.Васняцова. Пач. 20 ст.
Да арт. Мазаіка. Дзмітрый Салунскі з Міхайлаўскага Залатаверхага сабора ў Кіеве. Фрагмент. Пач. 12 ст.
В.​Барабанцаў. Мазаіка над уваходам у царкву Усіх смуткуючых радасцей у Мінску. 1998.

т. 9, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУМЕНТА́ЛЬНЫ ЖЫ́ВАПІС,

творы жывапісу буйных памераў, звязаныя з архітэктурным асяроддзем; від манументальнага мастацтва. Адначасова творы М.ж. валодаюць і самаст. вобразным зместам, вырашаюць дэкар. задачы (наз. таксама манум.-дэкар. жывапісам). Да М.ж. адносяць вял. памераў карціны, пано, размалёўку, мазаіку, якія выконваюць у тэхніках фрэскі, а сэка, васковага жывапісу, сграфіта і інш. Спецыфіка М.ж. вымагае асаблівага ладу маст. форм: яснасці і лаканізму кампазіцыі, дакладнасці і абагульненасці малюнка, вял. колеравых плям, асаблівай прадуманасці ракурсаў і перспектывы з улікам успрыняцця з вял. адлегласці. Выкарыстоўваецца для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, пашыраны ў культавым мастацтве.

Вядомы здаўна ў мастацтве Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Грэцыі, Рыма, Візантыі і інш. Пазней развіваўся ў рэчышчы адпаведных гіст. маст. стыляў, творчасці асобных майстроў і рэліг.-культурных традыцый народаў свету. Найб. росквіту дасягнуў у эпоху Адраджэння (работы Мазачыо, Рафаэля, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы і інш.). Высокім маст. узроўнем у перыяд барока вызначаліся творы Анібале Карачы, П’етра да Картоны, класіцызму — Ш.​Лебрэна, 19 ст. — Э.​Дэлакруа, П.​Пюві дэ Шавана, Ф.​Овербека, у 20 ст. — А.​Гаўдзі, М.​Дэні, Ф.​Лежэ, Д.​Сікейраса, Д.​Рыверы, М.​Урубеля, А.​Дайнекі і інш.

На Беларусі найб. стараж. ўзоры М.ж. датуюцца 11 ст. (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора і Полацкага храма-пахавальні). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца фрэскі Нясвіжскага касцёла езуітаў, Магілёўскага касцёла кармелітаў, Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплексу, мазаікі Баранавіцкага Пакроўскага сабора. У 1920—30-я г. пераважалі творы на тэмы, прысвечаныя сац. і эканам. зменам: размалёўкі ў Доме ўрада ў Мінску (М.​Лебедзева, І.​Фрэнк), кінатэатры «Мастацкі» ў Віцебску (В.​Волкаў, М.​Керзін, М.​Эндэ), пано ў будынку вакзала на чыг. ст. Негарэлае Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. (Волкаў) і інш. У 1940—41 мастакі І.​Давідовіч, Я.​Зайцаў, М.​Тарасікаў, Я.​Ціхановіч, М.​Манасзон выканалі шэраг пано ў інтэр’еры Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі ў Мінску. Сярод найб. значных работ 1950—60-х г. размалёўка плафона «Дружба народаў» у т-ры юнага гледача і пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел. т-ва дружбы з замежнымі краінамі І.​Ахрэмчыка і Давідовіча, пано «Палёт» Г.​Вашчанкі ў Палацы культуры тэкстыльшчыкаў, сграфіта «Маяк» А.​Кішчанкі і Г.​Гаркунова ў кінатэатры «Кіеў» у Мінску. Творы М.ж. 1970—90-х г. вызначаюцца шырокім выкарыстаннем алегорыі, метафары, сімволікі, зваротам да традыцый сусв. мастацтва: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» М.​Савіцкага ў Дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны, «Асветнікі» Вашчанкі ў Доме настаўніка, энкаўстыка «Стары і новы Вільнюс» С.​Катковай і З.​Літвінавай у кінатэатры «Вільнюс», мазаікі «Горадвоін», «Горад-будаўнік», «Горад навукі», «Горад культуры» на тарцах жылых дамоў у мікрараёне Усход-1, «Беларусь партызанская» на тарцы будынка гасцініцы «Турыст» Кішчанкі, на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць В.​Барабанцава (усе ў Мінску); размалёўкі «Зямля Светлагорская» Вашчанкі ў вестыбюлі палаца культуры хімікаў, пано У.​Крываблоцкага на тарцах жылых дамоў у г. Салігорск Мінскай вобл.; «Эстафета пакаленняў» Савіцкага і Кішчанкі ў санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна); «Юнацтва» Я.​Кузняцова ў клініцы НДІ радыяцыйнай медыцыны «Аксакаўшчына» Валожынскага р-на Мінскай вобл.; пано «Песня пра Радзіму» Т.​Кіршчынай у Палацы нафтаперапрацоўчага завода ў г. Мазыр Гомельскай вобл. і інш.

т. 10, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТУРГІ́Я (грэч. leiturgia),

1) найбольш важнае богаслужэнне правасл. царквы (у католікаў і пратэстантаў наз. імша). Праводзіцца звычайна ў перадабедзенны час (адсюль другая назва — абедня). Рэлігійны сэнс Л. — здзяйсненне таінства прычасці, ці еўхарыстыі. Паводле евангелляў, першая еўхарыстычная трапеза адбылася ў вял. чацвер у час Тайнай вячэры Ісуса Хрыста з апосталамі. Большасць тэкстаў правасл. Л. нязменныя, у адрозненне ад зах. традыцыі, дзе асн. іх частка мяняецца ў залежнасці ад канкрэтнага рэліг. свята. Гістарычна сфарміраваліся 3 асн. чыны Л.: блізкія паводле зместу Іаана Хрызастома, ці Златавуста (штодзённы) і Васіля Вялікага (святкуецца 10 разоў на год); папярэдне асвячоных дароў, ці Грыгорыя Дваяслова (у час вял. посту і ў першыя 3 дні Перадвелікоднага тыдня). Парадак іх правядзення выкладзены ў Служэбніку. Л. ўключае праскамідыю — спец. рытуальнае прыгатаванне «рэчыва для св. еўхарыстыі» з просвір і разбаўленага чырв. віна; Л. апавешчаных для тых, хто рыхтуецца да хрышчэння, і тых, хто адлучаны ад прычасці і каецца ў грахах; Л. верных, на якой спачатку прысутнічалі толькі хрысціяне. Л. складаецца з чытання выбраных урыўкаў з Бібліі, малітваў, шэрагу сімвалічных дзеянняў і працэсій, песнапенняў.

Сутнасная і неад’емная частка Л. — псалмодыя, антыфонны і рэспансорны спеў. Да 16 ст. музыка Л. развівалася ў рэчышчы манадыйнай традыцыі. Важнейшыя тэксты распяваліся ў традыцыйным знаменным, дзямественным, вялікім, малым, грэчаскім і інш. стылях. На Беларусі найб. пашыраны былі мелодыі т. зв. кіеўскага і балг. роспеваў, а таксама мясц. меладычныя варыянты (супрасльскія, віленскія, мірскія і інш.). У 17—18 ст. у муз. афармленні большую ролю адыгрывалі партэсныя кампазіцыі, якія паступова пачалі дамінаваць. Асобныя «херувімскія» і інш. кампазіцыі на тэксты Л. і цыклы т. зв. «службаў божых», аб’яднаныя адзінай аўтарскай задумай, стварылі М.​Дылецкі, В.​Цігоў, А.​Ведаль, С.​Давыдаў і інш. З канца 18 ст. важную ролю пачалі адыгрываць хар. канцэрты a cappella, кампазіцыі досыць вольнай формы, якія выконваліся ў час Л. (Дз.​Бартнянскі, М.​Беразоўскі, С.​Дзегцяроў, Ведаль і інш.). Росквіт правасл. музыкі канца 19 — пач. 20 ст. звязаны са стварэннем літургічных цыклаў П.​Чайкоўскага, А.​Грачанінава, А.​Кастальскага, С.​Рахманінава і інш. Да 1-й пал. 18 ст. традыц. чыны Л. — нязменная аснова літургічнай практыкі уніяцкай царквы Беларусі. Менавіта ў Л. — набажэнства, прызначанае для шырокіх колаў вернікаў, найб. актыўна ўводзіліся кампазіцыі ў новых муз. стылях. Захаваліся унікальныя помнікі уніяцкай муз. традыцыі «Херувік балгарскі» св. Іасафата Кунцэвіча (аднагалосая кампазіцыя страфічнай будовы; Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Нац. б-кі Рэспублікі Беларусь) і першы вядомы помнік шматгалосай партэснай кампазіцыі «Херувімская» з Супрасльскага ірмалоя 1639 (б-ка АН Літвы). У сучаснай бел. музыцы цыклы Л. стварылі М.​Равенскі, М.​Шчаглоў-Куліковіч, А.​Хадоска, А.​Залётнеў, А.​Бандарэнка, Л.​Шлег.

2) 3 16 ст. ў каталіцкай тэалагічнай л-ры тэрмін «Л.» абазначае сукупнасць афіц. богаслужэнняў і цырымоній.

Літ.:

Арранц М. Историческое развитие Божественной литургии. Л., 1978;

Георгиевский А.И. Чинопоследование Божественной литургии. Л., 1991;

Кандинский А. Литургия святого Иоанна Златоуста // Муз. академия. 1993. № 3;

Протопопов В. Музыка русской литургии: Пробл. цикличности // Там жа. 1996. № 3—4;

1997. № 1.

Т.​У.​Ліхач.

т. 9, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫ́СТЫКА (ад грэч. patēr, лац. pater бацька),

кананічна зацверджаныя творы т.зв. «айцоў царквы» — рымскіх і візантыйскіх багасловаў, ідэолагаў філас.-тэалагічнага вучэння і дактрын хрысц. царквы 2—8 ст., а таксама бібліяграфія і даследаванні па гэтым прадмеце. Сфарміравалася ў перыяд распаду познаантычнага грамадства, выкарыстоўвала яго культ. традыцыі. Гал. змест П. — абгрунтаванне, тлумачэнне і прапаганда прынцыпаў хрысц. рэлігіі, барацьба супраць язычніцтва, палеміка з ератычнымі плынямі ўнутры хрысціянства. Адыграла важную ролю ў фарміраванні ідэалаў культуры сярэдневякоўя, разуменні духоўнага свету чалавека таго часу.

П. ўключае царк. жанры пісьменнасці: экзегетыку (тлумачэнні), гамілетыку, палемічныя трактаты-памфлеты, казанні, павучанні, агіяграфію (гл. Жыціе), гімнаграфію (песнапенні). У выніку падзелу раннехрысц. тэалогіі на зах. і ўсх. ў 5 ст. вылучыліся адносна самаст. плыні П.: грэка-візант. (аддавала перавагу алегарычнай і сімвалічнай экзегезе) і лац. (мела больш рацыяналістычны характар). У лац. П. вызначаліся творы Юсціна-філосафа, Тэртуліяна, Амвросія Медыяланскага, Іераніма, Грыгорыя Вялікага; цэнтр. месца належыць Аўгусціну (354—430), «Споведзь» якога паўплывала на сусв. л-ру. З грэка-візант. пісьменнікаў найб. вядомыя Афанасій Александрыйскі, Васілій Вялікі, Грыгорый Назіянзін (Багаслоў), Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст, Іаан Дамаскін. У стараж. Русі перакладныя творы візант. л-ры распаўсюджваліся з 10 ст. Асабліва адчувальны ўплыў грэка-візант. П. ў «словах» Кірылы Тураўскага.

На Беларусі П. пашыралася ў рукапісах («словы» Іаана Златавуста, Ісаака Сірына, 1428; «Павучанне Яфрэма Сірына», 1492). Ф.​Скарына ў сваіх тлумачэннях кніг Бібліі выкарыстоўваў працы Васілія Вялікага, Грыгорыя Вялікага, Іераніма, Ісаака і Яфрэма Сірыных, Іаана Дамаскіна і інш., а таксама аўтараў, якія не былі прызнаны царквой (Арыген і інш.). У 16—17 ст. з развіццём кнігадрукавання П. пашыралася побач з палемічнай літаратурай. З’явіліся пераклады лац. П. (творы Аўгусціна, зб-кі павучанняў), выдадзены «Слова пра цярплівасць і богаўхваленне» Іаана Златавуста, «Спрэчка другая хрысціяніна...» Іаана Дамаскіна (1585). Папулярнымі на Беларусі былі творы Яфрэма Сірына (зб-кі «Павучанні», 1780, «Кніга прападобнага айца нашага Яфрэма Сірына», 1768, і інш.). Працы Грыгорыя Назіянзіна, Іаана Дамаскіна, Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына перакладалі С.​Зізаній, Карповіч і інш. П. шырока выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці І.​Фёдараў, Г. і М. Сматрыцкія, С.​Кімбар, Л. і С. Зізаніі, Карповіч, Е.​Плецянецкі, І.​Вішанскі, З.​Капысценскі, П.​Бярында, І.​Гізель, І.​Галятоўскі, Л.​Барановіч, Дзмітрый Растоўскі (Туптала) і інш. асветнікі і царк. дзеячы Беларусі і Украіны. Значнае месца адведзена творам П. ў рукапісным тлумачэнні Бібліі сярэдзіны 17 ст. «Выкладъ месцъ труднейшыхъ...», а таксама ў пашыраных на Беларусі зб-ках т.зв. вучыцельнай л-ры 16—18 ст. («Пандэкты», 1592; «Анфалагіён», 1613; «Дыёптра», 1619, і інш.).

Публ.: Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968; Памятники средневековой латинской литературы IV—IX вв. М., 1970; Памятники литературы Древней Руси: Начало рус. лит., XI — начало XII в. М., 1978.

Літ.:

Аверинцев С.С. Поэтика ранневизантийской литературы. М., 1977;

История русской литературы X—XVII вв. М., 1980;

Замалеев А.Ф., Зоц В.А. Мыслители Киевской Руси. 2 изд. Киев, 1987;

Яскевіч А.А. Творы Ф.​Скарыны: Жанравая структура, філас. погляды, мастацтва слова. Мн., 1995;

Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. 4 выд. Мн., 1998.

Г.​У.​Грушавы, А.​А.​Яскевіч.

т. 12, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БСДП),

эсдэкі, палітычная партыя на Беларусі ў 1918—24. Яе папярэдніцай была Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ), якая ўяўляла сабой блок народнікаў і марксістаў. У 1915 на тэр. Беларусі, акупіраванай герм. войскамі, марксісты (І. і А.​Луцкевічы, Цётка і інш.) выйшлі з БСГ і ўтварылі Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ). Пасля расколу БСГ (крас. 1918) бел. марксісты, якія дзейнічалі ва ўсх. Беларусі, аб’ядналіся з БСДРГ і ўтварылі з ёю БСДП. Актыўнымі дзеячамі партыі былі В.​Л.​Іваноўскі, І.​І.​Краскоўскі, Луцкевічы, Я.​Ю.​Лёсік, С.​А.​Рак-Міхайлоўскі, А.​А.​Смоліч, Б.​А.​Тарашкевіч, Асн. прынцыпы БСДП: свабода, роўнасць, братэрства, дэмакратыя, прававая дзяржава. Сац. база: кваліфікаваныя рабочыя, адукаваныя сяляне, рамеснікі, інтэлігенцыя. Праект праграмы БСДП складзены ў 1919 Смолічам. Партыя стаяла за нацыяналізацыю зямлі і перадачу яе сялянам, за развіццё кааперацыі ў вёсцы. Лічыла, што для сацыялізацыі прам-сці на Беларусі яшчэ не наспелі ўмовы, што неадкладная сацыялізацыя прывядзе да «бюракратычнага сацыялізму» і эканам. катастрофы. Прапаноўвала ўвесці ўсеаг., роўнае і прамое выбарчае права з тайным галасаваннем, забяспечыць свабоду слова, друку, партый, арг-цый, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, аддзяленне царквы ад дзяржавы. Выступала за незалежнасць Беларусі як дэмакр. рэспублікі. У БССР дзейнасць партыі спынена арыштам яе актывістаў у сак. 1921. У Зах. Беларусі БСДП была ў апазіцыі да польск. ўрада. Прытрымлівалася легальных, парламенцкіх формаў барацьбы. У 1922 з БСДП вылучылася левае крыло — Беларуская партыя незалежных сацыялістаў на чале з Рак-Міхайлоўскім.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУСК,

гар. пасёлак, цэнтр Глускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Пціч. Вузел аўтадарог на Бабруйск, Старыя Дарогі, Любань, Акцябрскі. За 170 км ад Магілёва, 33 км ад чыг. ст. Ратміравічы, на лініі Бабруйск—Акцябрскі. 8,5 тыс. ж. (1995).

У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 2-й пал. 15 ст. як Стары Глуск (пазнейшы Глуск Пагарэлы); у 16—19 ст. — вядомы як Глуск Дубровіцкі. Належаў Гальшанскім, Хадкевічам, Палубінскім, Чартарыйскім, Радзівілам. У 16 ст. пабудаваны Глускі замак. У 18 ст. ў складзе Рэчыцкага пав. Мінскага ваяводства, з 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяводства. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Бабруйскім пав. У 1864 меў каля 3 тыс. ж.; у 1897 каля 5328 ж., 500 дамоў, нар. вучылішча, касцёл, 2 царквы, 5 сінагог. У 1911 у Глуску 6680 ж., 3 гарбарныя з-ды, драўнянастружкавая мануфактура, 22 крамы. З 17.7.1924 цэнтр Глускага раёна, з 27.9.1938 — гар. пасёлак. У 1939 — 5125 ж. У Вял. Айч. вайну з 28.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Глуску каля 3 тыс. чал. Вызвалены 27.6.1944 у ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. У 1960 у Глуску знойдзены Глускі скарб. У 1962—66 у Бабруйскім р-не. У 1977 у Глуску 6,4 тыс. ж. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці.

4 сярэднія і 1 муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Мемарыяльны комплекс землякам. Помнік двойчы Герою Сав. Саюза С.​Ф.​Шутаву. Магілы ахвяр фашызму.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,

музыка для спеваў; галіна муз. мастацтва, у якой асн. сэнсавая нагрузка ўскладаецца на пеўчы голас. Вакальная музыка (акрамя вакалізу) звязана з літ. тэкстам і таму адносіцца да жанру праграмнай музыкі. Спецыфіка вакальнай музыкі ў тым, што вак. мелас нараджаецца ў выніку цеснага ўзаемадзеяння моўнай прасодыі з уласна музычнай інтанацыяй. У стараж. формах фальклору гэтая сувязь мела сінкрэтычны характар, пасля падзелу паэзіі і музыкі на самаст. віды мастацтва — сінтэтычны. Вакальная музыка можа быць з інстр. і аркестравым суправаджэннем і без яго (а капэла). Ахоплівае камерна-вак. творы для аднаго, 2 ці 3 галасоў (песня, раманс, вак. дуэт, трыо, вак. цыкл і інш.), ансамбля ці хору (хар. мініяцюра, паэма, канцэрт), буйныя творы для хору з арк. (кантата, араторыя, вакальна-сімфанічная паэма), сцэн. творы (опера, аперэта, мюзікл). З даўніх часоў вакальная музыка выкарыстоўваецца ў рэліг. кульце. Песнапенні складаюць асн. частку богаслужэнняў правасл. царквы (літургія, усяночная, паніхіда) і каталіцкай (меса, рэквіем; гл. Царкоўная музыка). На Беларусі традыцыі вак. свецкай харавой музыкі закладзены ў канцы 15 ст. ў кантах і псальмах. Вакальная музыка займала значнае месца ў творчасці многіх пакаленняў бел. кампазітараў. У 1980—90-я г. бел. кампазітары распрацоўваюць новыя, раней амаль не ўласцівыя нац. муз. мастацтву жанры вакальнай музыкі: духоўны хар. канцэрт (Л.​Шлег, А.​Бандарэнка), літургія (А.​Залётнеў, С.​Бельцюкоў), меса (А.​Літвіноўскі), вак. сімфонія (А.​Мдывані, А.​Сонін, В.​Войцік). Вакальная музыка розных жанраў прадстаўлена і творамі кампазітараў бел. замежжа (М.​Равенскі, М.​Шчаглоў, Э.​Зубковіч і інш.).

Э.​А.​Алейнікава.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)