ЛОСК,
вёска ў Гародзькаўскім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 25 км на Пн ад Валожына, 100 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Валожын. 400 ж., 187 двароў (1999).
У «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 ст.) згадваецца пад назвай Лошаск. Паводле археал. даследаванняў у 11—13 ст. тут існавала паселішча, у 14—18 ст. — Лоскі замак. У 1480 у Л. заснаваны касцёл. Уладанне Карыбутавічаў, Я.П.Мантыгірдавіча, Кішкаў, пры якіх дзейнічаў кальвінскі збор. У 1574 дзярж. дзеяч ВКЛ Я.Кішка заснаваў Лоскую друкарню. З канца 16 ст. мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі. З 19 ст. ў Забрэжскай вол. Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 592 ж., 65 дамоў, 2 царквы, касцёл. З 1921 у складзе Забрэжскай гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР. У 1972—820 ж., 242 двары.
Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Георгіеўская царква (1856), касцёл Сэрца Ісуса (1930). На тэр. вёскі — гарадзішча.
В.У.Шаблюк.
т. 9, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)