ЛЕ́БЕДЗЕВА,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Маладзечна—Смаргонь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на 3 ад г. Маладзечна, 85 км ад Мінска, 2 км ад чыг. раз’езда Асанаўскі. 1153 ж., 468 двароў (1998).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1387. У 16 ст. мястэчка Ашмянскага пав. ВКЛ. У 1638 было 6 вуліц, гандл. плошча, 121 двор, існаваў сядзібны комплекс. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Вілейскага пав. Віленскай губ. У 1861 у Л. 1099 ж., 182 дамы, у канцы 19 ст. каля 1290 ж., 160 дамоў, 2 царквы, школа, бровар, 2 заезныя дамы, 7 кірмашоў штогод. З 1921 у складзе Польшчы, у Маладзечанскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Маладзечанскага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі тут 450 ж., знішчылі 154 двары.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. ваеннапалонных. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (1869) і капліца (пач. 20 ст.).
т. 9, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)