МАНЦУ́ ((Manzù) Джакома) (24.12.1908, г. Бергама, Італія — 1991),

італьянскі скульптар. Ганаровы чл. АМ СССР (1967). Вучыўся ў акадэміі Чэканьяні ў Вероне (1927). Зазнаў уплыў М.​Роса. З 1941 выкладаў у АМ у Мілане, з 1955 — у летняй Міжнар. АМ у Зальцбургу. Творы вызначаюцца абвостранай дынамікай, кампазіцыйнымі кантрастамі, спалучэннем тонкай мадэліроўкі паверхні і нервова-рэзкіх ліній: серыі рэльефаў «Варыяцыі на тую ж тэму» (1939—45), «Хрыстос — чалавек сярод людзей» (1947—57), серыі скульптур «Кардыналы» (1936—69), «Танцоўшчыцы» (1951—64), «Стрыптыз» (1964—67), «Каханкі» (1965—68), прасторава-дэкар. кампазіцыі «Пасля танца» (1970-я г.) і інш. Аўтар помніка Супраціўленню ў Бергама (1978), манум. бронз. брам з рэльефамі для сабора св. Пятра ў Рыме («Брама Смерці», 1947—64), сабора ў Зальцбургу (1955—58), царквы Сінт-Лаўрэнскерк у Ротэрдаме («Брама Міру і Вайны», 1966—68). Майстар лірычнага партрэта: «Сусанна» (1937), «Галава Інге» (1958, 1960), «Дзяўчынка ў крэсле» (1955), «Партрэт Майкла Парка» (1964) і інш. Іл. гл. таксама да арт. Італія.

Літ.:

Горяинов В.В. Д.​Манцу. М., 1972;

Колпинский Ю. Д.​Манцу. [Альбом]. М., 1979.

В.​Я.​Буйвал.

Дж.Манцу. Галава Інге. 1958.

т. 10, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)