АБЕЛІЁВІЧ (Леў Майсеевіч) (6.1.1912, Вільня — 3.12.1985),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1935—39), скончыў Бел. кансерваторыю (1941). Асн. дасягненні Абеліёвіча ў галіне лірыка-філас. сімфанізму. Муз. драматургія яго сімфоній вылучаецца канфліктнасцю, шматпланавасцю вобразнага развіцця. Значны ўклад Абеліёвіча ў вак. музыку. У творах 1970-х г. выявіліся рысы неакласіцызму.
Тв.:
4 сімфоніі (1962—1970), уверцюра (1955), «Гераічная паэма» (1957) і Сімф. карціны (1958) для сімф.арк.;
канцэрт для фп. (1979) і вакаліз памяці Дз.Шастаковіча (1976) з сімф.арк.;
арыя для скрыпкі і камернага арк.;
санаты;
фп. цыкл «Фрэскі»;
паэма для голасу з фп.;
зб. рамансаў і вак. цыклы на вершы М.Багдановіча, Я.Коласа, Ф.Цютчава, Р.Бёрнса, А.Пушкіна;
«Партызанскія балады» на вершы А.Астрэйкі, М.Танка, У.Дубоўкі, «Ваенныя балады» на вершы розных паэтаў;
хары, песні, музыка да радыёспектакляў.
Літ.:
Калеснікава Н. Леў Абеліёвіч. Мн., 1970;
Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974. С. 162—186.
англійскі паэт. Першая паэма «Паліна» (1833). Пра подзвіг служэння людзям паэмы «Парацэльс» (1835), «Сардэла» (1840). Вядомасць прынеслі драм.паэма «Піпа праходзіць» (1841), зб-кі «Драматычная лірыка» (1842), «Драматычныя паэмы» (1845). У 1846 пасяліўся ў Італіі. Там напісаў зб. «Мужчыны і жанчыны» (1855), псіхал. паэму «Пярсцёнак і кніга» (1868—69). Выкарыстоўваў форму драм. маналога, адметнага экспрэсіяй пачуццяў і філас. глыбінёй думкі (маналогі «Фра Ліпа Ліпі», «Андрэа дэль Сарта», абодва 1855). Зб. «Драматычныя ідыліі» (1879—80) склалі літ. стылізацыі. Аб’яднаў у сваёй творчасці эстэт. прынцыпы рамантызму і рэалізму (маст. маніфест «Пра паэта, аб’ектыўнага і суб’ектыўнага, аб мэтах апошняга, пра Шэлі, чалавека і паэта», 1851).
Тв.:
У кн.: Дьяконова Н.Я., Амелина Т.А. Хрестоматия по английской литературе XIX века. Л., 1978. С. 164—170;
Рус.пер. — у кн.: Английская поэзия в русских переводах XIV—XIX в. М., 1981. С. 418—425.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІЛІЯ́ДА»,
старажытнагрэчаская эпічная паэма, аўтарства якой (разам з «Адысеяй») прыпісваюць Гамеру. Узнікла, відаць, у 9—8 ст. да н.э. ў Іоніі на аснове паданняў пра Траянскую вайну (13 ст. да н.э.). Напісана гекзаметрам (каля 15700 вершаў). У 3—4 ст.ант. філолагі падзялілі яе на 24 песні. Як і «Адысея», верагодна, доўгі час бытавала ў вуснай форме. «І.» апавядае пра асаду грэкамі-ахейцамі г. Іліён (Троя). Яе кампазіцыя і сюжэты падпарадкаваны паэтыцы гераічнага эпасу: паход выкліканы выкраданнем траянцам Парысам Алены, жонкі ахейскага цара Менелая. Цэнтр. сюжэт паэмы — гнеў гал. героя Ахіла, абдзеленага прадвадзіцелем паходу Агамемнанам (Ахіл адмаўляецца ўдзельнічаць у бітве, пакуль ад рукі траянца Гектара не гіне яго сябар Патрокл). Ахіл забівае Гектара ў паядынку, а паэма заканчваецца апісаннем трызны па Патроклу і Гектару. На бел. мову ўрывак з «І.» пераклаў Ю.Дрэйзін, цалкам — Б.Тарашкевіч (захаваліся ўрыўкі).
Публ.: Бел.пер. — у кн.: Тарашкевіч Б. Выбранае. Мн., 1991.; Рус.пер. — Илиада; Одиссея. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКРЭ́ЦЫЙ (Lucretius),
Ціт Лукрэцый Кар (1 ст. да н.э.), рымскі паэт, філосаф-матэрыяліст. Аўтар паэмы «Аб прыродзе рэчаў», напісанай у форме дыдактычнага эпасу, тлумачыць вучэнне грэч. паэта Эпікура. Паэма складаецца з 6 кніг: у кн. 1-й і 2-й выкладаецца атамістычная тэорыя стварэння свету і абвяргаецца ўмяшанне багоў у людскія справы; у 3-й кнізе — вучэнне аб душы, яе матэрыяльнасці, смяротнасці і сувязі з целам; кн. 4-я — вучэнне пра чалавека, яго пачуцці; кн. 5-я — пра гісторыю развіцця чалавечага роду, узнікненне мовы; у кн. 6 тлумачыцца паходжанне рэлігіі. Мэту сваёй філасофіі Л. бачыў у вызначэнні шляху да шчасця праз пераадоленне бедстваў, страхаў перад багамі, смерцю, замагільнай карай. Твор меў вял. ўплыў на развіццё матэрыялістычнай філасофіі Адраджэння. Буйнейшым правадніком ідэй Л. быў франц. філосаф П.Гасендзі. На Беларусі паэма Л. вядома з 15 ст. Урыўкі яе распаўсюджваліся ў рукапісных зборніках твораў стараж. філосафаў, у творах Б.Буднага пра жыццё і філас. вучэнне мысліцеляў Стараж. Грэцыі і Рыма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХА́ТАЎ (Велі) (Велімухамед; н. 5.5.1916, аул Багір, Туркменістан),
туркменскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў туркм.прафес. музыкі. Нар.арт.СССР (1965). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1951). У 1954—59 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Туркменістана. З 1972 выкладаў у Туркм.пед. ін-це (з 1982 праф.). Аўтар музыкі Дзярж. гімна Туркменіі (1946). Значны яго ўклад у развіццё нац. опернага і сімф. жанраў. Сярод твораў: оперы «Паэт і суддзя» (паст. 1947), «Захрэ і Тахір» (паст. 1953, абедзве з А.Шапашнікавым), «Канец крывавага водападзелу» (паст. 1967), балет «Белая бавоўна» (паст. 1945; з А.Зноска-Бароўскім), араторыя «Мой Ашхабад» (1981); вак.-сімф.паэма (1970), кантаты, оды для салістаў, хору і арк. (1979, 1982, 1985); 3 сімфоніі (1974—85), «Туркменская сюіта» (1950), сімф.паэма «Мая Радзіма» (1951); 3 паэмы для арк.нар. інструментаў (1965—82), хары, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСТАВЕ́ЛІ Шата, грузінскі паэт 12 ст. Служыў пры двары царыцы Тамары. Трапіў у выгнанне і да смерці жыў у Іерусаліме, дзе ў груз. кляштары знойдзены (1960) яго партрэт і памінальны запіс. Аўтар паэмы «Віцязь у тыгравай шкуры». Паэма пазбаўлена рэліг.-містычнай асновы, характэрнай для л-ры сярэдневякоўя. Апярэдзіўшы гуманіст. ідэалы Рэнесансу, Р. славіць чалавека як носьбіта дабра, справядлівасці, мужнасці, любові да сваёй радзімы. Абвяшчаў свабоду думак і пачуццяў, услаўляў каханне і паэзію, прадэманстраваў глыбокае пранікненне ва ўнутр. сутнасць з’яў і псіхалогію чалавека. Паэма напісана 16-стопным памерам шаіры. Багатая лексіка, метафарычнасць, афарыстычнасць, трапнасць апісанняў і параўнанняў, народнасць паэт. мовы зрабілі Р. заснавальнікам новай груз.літ. мовы. На бел. мову паэму пераклалі А.Звонак і М.Хведаровіч.
Тв.:
Бел.пер. — Віцязь у тыгравай шкуры. Мн., 1996;
Рус.пер. — Витязь в тигровой шкуре. М., 1969.
Літ.:
Марр Н.Я. Об истоках творчества Руставели и его поэме. Тбилиси, 1964;
Нуцубидзе Ш.И. Творчество Руставели. Тбилиси, 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШЛАКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Захаравіч; нарадзіўся 27.4.1951, в. Баштан Гомельскага р-на),
бел.паэт. Скончыў Гомельскі ун-т (1973). Настаўнічаў. Друкуецца з 1968. Аўтар зб-каў лірыкі «Начны паром» (1987), «Дні мае залатыя» (1993), у якіх шчыра, з любоўю да роднага краю ўзнімае праблемы экалогіі, гіст. памяці, маралі. Паэма «Лілея на цёмнай вадзе» (1994) — балючыя радкі пра чарнобыльскую трагедыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕ́Н, Арсен Адзелашвілі (? — 1843),
удзельнік сялянскага руху ў Грузіі ў 1-й пал. 19 ст. Адабраныя ў багацеяў каштоўнасці і маёмасць ён раздаваў беднякам, за што набыў павагу прыгнечанага народа. Яму прысвечана груз.нар.паэма «Песня пра Арсена» (створана ў 1840-я г., апубл. ў 1872). Яго вобраз як нар. героя ўвасоблены ў творчасці многіх пісьменнікаў, адлюстраваны ў драматургіі і кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́ЕНКА (Кастусь) (Канстанцін Ціханавіч; 12.12.1918, в. Гайшын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 15.9.1988),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1940). Працаваў у час. «Беларусь» (1945—62), з 1962 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1972—86 — час. «Полымя». Друкаваўся з 1939. Паэзія К. непарыўна звязана з лёсам свайго пакалення, якое прайшло праз выпрабаванні вайной (зб. «Ранак ідзе», 1945). Тонкая настраёвасць і лірызм у ёй спалучаюцца з узнёслым пачуццём любові да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў: зб-кі «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі», «Родны свет» (абодва 1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959). Творы больш позняга часу вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філас. разважанняў над праблемамі часу: кн. «Смага» (1962, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1972), «Слухайце ластавак» (1974), «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1979), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Калыска вятроў», «Надзея» (абедзве 1985), ліра-эпічная паэма «Трыпутнік» (1976). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі» (1967), «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма» (1988), публіцыстыкі «Амерыка здалёку і зблізку» (1971), успамінаў і эсэ «Заўсёды з Радзімай» (1980). Пісаў для дзяцей: паэма «Алёнчына школа» (1951), зб-кі вершаў і паэм «Зялёнае рэха» (1953), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанам» (1987), апавяданняў «Алесева кніжка» (1972). На вершы К. напісалі песні М.Аладаў, У.Алоўнікаў, У.Буднік, Ю.Семяняка, С.Палонскі і інш. Перакладаў творы рус., укр., малд., лат. і інш. пісьменнікаў.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1986—88.
Літ.:
Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 196—213;
Гурская А. Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.Кірэенкі. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАБІЯГРА́ФІЯ (ад аўта... + біяграфія),
1) афіцыйны дакумент з кароткімі звесткамі пра падзеі свайго жыцця.
2) Апісанне аўтарам уласнага жыцця; літаратурны жанр. Ад інш.літ. жанраў адрозніваецца большай прывязанасцю адлюстраваных падзей да рэальных фактаў асабістага жыцця. Сярод вядомых твораў сусв. л-ры «Споведзь» Ж.Ж.Русо, «Былое і думы» А.Герцэна, «Споведзь сына стагоддзя» А.Мюсэ і інш. У бел. л-ры пашыраны аўтабіягр. аповесць, раман, паэма, хроніка. Узоры аўтабіягр. твораў — аповесці «У дрымучых лясах» З.Бядулі, «Шлях з цемры» Я.Маўра, «Свая аповесць» Я.Скрыгана, «Сцежкі» А.Пальчэўскага, «Споведзь» Л.Геніюш і інш. Многія творы бел. л-ры грунтуюцца на адборы і тыпізацыі аўтабіягр. матэрыялу ў спалучэнні з маст. вымыслам. Аўтабіягр. аснову мае паэма Я.Коласа «Новая зямля», у якой аўтар, апіраючыся на жыццёвыя рэаліі сваёй сям’і, стварыў яркую энцыклапедыю бел. жыцця канца 19 — пач. 20 ст. «Чыстыя» аўтабіяграфіі бел. пісьменнікаў сабраны ў кнігах «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Да аўтабіягр. жанру адносяць таксама мемуары, дзённік, споведзь, успаміны, падарожныя нататкі; у стараж.бел. л-ры — дыярыуш.