МІРЗАЯ́Н (Эдвард Міхайлавіч) (н. 12.5. 1921, г. Горы, Грузія),
армянскі кампазітар, педагог, муз. дзеяч. Нар. арт. Арменіі (1963). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Ерэванскую кансерваторыю (1941), з 1948 выкладаў у ёй (з 1965 праф.). Старшыня праўлення Саюза кампазітараў Арменіі (з 1956). У яго творах, звязаных з нац. вытокамі і класічнымі традыцыямі, самабытна выяўлены стылявыя тэндэнцыі сучаснай арм. музыкі. Сярод твораў: кантаты «Святочная кантата» (1949), «Савецкая Арменія» (1950) і інш.; сімф. паэма «Ларэцы Сака» (1941), «Героям Айчыннай вайны» (1944), «Сімфанічныя танцы» (1946), «Святочная уверцюра» (1947), 3 сюіты (1973—81), «Паэма» (1955) для сімф. арк.; сімфонія для стр. аркестра і літаўраў (1962), «Інтрадукцыя і перпетуум-мобіле» для скрыпкі з арк. (1957), камерна-інстр. ансамблі, у т. л. стр. квартэт, саната для віяланчэлі і фп.; цыкл п’ес для фп. «Альбом для ўнучкі», рамансы, песні, музыка для кінафільмаў і інш.
т. 10, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)