ЛУКРЭ́ЦЫЙ (Lucretius),

Ціт Лукрэцый Кар (1 ст. да н.э.), рымскі паэт, філосаф-матэрыяліст. Аўтар паэмы «Аб прыродзе рэчаў», напісанай у форме дыдактычнага эпасу, тлумачыць вучэнне грэч. паэта Эпікура. Паэма складаецца з 6 кніг: у кн. 1-й і 2-й выкладаецца атамістычная тэорыя стварэння свету і абвяргаецца ўмяшанне багоў у людскія справы; у 3-й кнізе — вучэнне аб душы, яе матэрыяльнасці, смяротнасці і сувязі з целам; кн. 4-я — вучэнне пра чалавека, яго пачуцці; кн. 5-я — пра гісторыю развіцця чалавечага роду, узнікненне мовы; у кн. 6 тлумачыцца паходжанне рэлігіі. Мэту сваёй філасофіі Л. бачыў у вызначэнні шляху да шчасця праз пераадоленне бедстваў, страхаў перад багамі, смерцю, замагільнай карай. Твор меў вял. ўплыў на развіццё матэрыялістычнай філасофіі Адраджэння. Буйнейшым правадніком ідэй Л. быў франц. філосаф П.Гасендзі. На Беларусі паэма Л. вядома з 15 ст. Урыўкі яе распаўсюджваліся ў рукапісных зборніках твораў стараж. філосафаў, у творах Б.Буднага пра жыццё і філас. вучэнне мысліцеляў Стараж. Грэцыі і Рыма.

Лукрэцый.

т. 9, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)