КАМО́ЭНС, Камоінш (Camões) Луіш ды (снеж. 1524 або студз. 1525, Лісабон — 10.6.1580), партугальскі паэт, буйн. прадстаўнік партуг. Адраджэння. Літ. дзейнасць пачаў як лірычны паэт. Аўтар шматлікіх санетаў, напісаных у манеры Ф.Петраркі, і п’ес «Цар Селеўк» (апубл. 1645), «Філадэма» і «Камедыя пра Амфітрыёнаў» (апубл. абедзве 1587). Сусветную вядомасць яму прынесла эпічная паэма ў 10 песнях «Лузіяды» (1572) пра падарожжа Васка да Гамы ў Індыю. Паэма звязана з ант. эпічнай традыцыяй і тагачаснай культурай, міфалагічныя і фантаст. вобразы і сітуацыі ў ёй спалучаюцца з рэаліст. апісаннямі прыроды, побыту і нораваў жыхароў; услаўляюцца мужнасць і стойкасць чалавека, сцвярджаецца каштоўнасць ведаў, выкрываецца жорсткасць правіцеляў, улада золата. Твор прасякнуты верай у бязмежныя магчымасці чалавека.
Тв.:
Рус.пер. — Лирика. М., 1980;
Лузиады;
Сонеты. М., 1988.
Літ.:
История всемирной литературы. М., 1985. Т. 3. С. 399—404.