МУХА́ТАЎ (Велі) (Велімухамед; н. 5.5.1916, аул Багір, Туркменістан),

туркменскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў туркм. прафес. музыкі. Нар. арт. СССР (1965). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1951). У 1954—59 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Туркменістана. З 1972 выкладаў у Туркм. пед. ін-це (з 1982 праф.). Аўтар музыкі Дзярж. гімна Туркменіі (1946). Значны яго ўклад у развіццё нац. опернага і сімф. жанраў. Сярод твораў: оперы «Паэт і суддзя» (паст. 1947), «Захрэ і Тахір» (паст. 1953, абедзве з А.Шапашнікавым), «Канец крывавага водападзелу» (паст. 1967), балет «Белая бавоўна» (паст. 1945; з А.Зноска-Бароўскім), араторыя «Мой Ашхабад» (1981); вак.-сімф. паэма (1970), кантаты, оды для салістаў, хору і арк. (1979, 1982, 1985); 3 сімфоніі (1974—85), «Туркменская сюіта» (1950), сімф. паэма «Мая Радзіма» (1951); 3 паэмы для арк. нар. інструментаў (1965—82), хары, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1972.

т. 11, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)