МА́РАЧКІН (Аляксей Антонавіч) (н. 10.3.1940, в. Новая Слабада Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1962), Бел.-тэатр. маст. ін-т (1972). З 1975 (з перапынкам) выкладае ў Бел. АМ (у 1990—96 заг. кафедры). У 1982—86 гал. мастак Маст. фонду Беларусі. Тэматыка яго твораў прысвечана гіст. падзеям мінулага і сучаснасці, раскрывае багацце духоўнай культуры бел. народа. Для ранніх твораў характэрны рэаліст. манера адлюстравання ў спалучэнні з аб’ёмна-пластычным, рэльефным пісьмом і сімволіка-алегарычнымі матывамі. З 1990 творы набываюць характар фармалістычных кампазіцый з камбінаванай манерай выканання і ўмоўнай перадачай аб’ёму. Стварыў партрэты выдатных дзеячаў бел. гісторыі і культуры: «Цётка» (1976), «Пачатак. Францыск Скарына» (1978), «М.​Гусоўскі» (1980), «Вераніка і Максім» (1981), «Рагнеда» (1982), «Кірыла Тураўскі» (1987), «Сымон Будны» (1989), «Канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега» (1994) і інш., серыю партрэтаў «Мае сучаснікі» (1980); філасофска-алегарычныя трыпціх «Размова аб вечнасці. Скарына і Парацэльс» (1989—90), цыкл твораў «Народныя легенды і паданні» (1990—91). Сярод тэматычных кампазіцый: «Мара пра палёт» (1974), «Жанчына з бульбай» (1975), «Гуканне вясны» (1976), «Чаканне» (1979), «Чароўныя арэлі» (1980), «Суладдзе» (1983), «Хто з вас без граху?» (1989), «Цяжар» (1991). Аўтар шматлікіх пейзажаў: «Адліга» (1974), «Дарога» (1976), «Абуджэнне» (1978), «Імкненне» (1979), «Рэчка Мнюта. Па мясцінах Я.​Драздовіча» (1978) і інш. Чарнобыльская тэма адлюстравана ў творах «Планета Палын» (1987), «Хадора» (1989), «Маці Божая ахвяраў Чарнобыля» (1990), «Палеская мадонна» (1991) і інш. Да тэм бел. фальклору звярнуўся ў творах «Прывіды зімы», «Святаяннік» (абодва 1991), «Жывы куст», «Кароль птушак», «Начны прывід» (усе 1992). Эксперыментуе ў матэрыяле. Аўтар шматлікіх маляваных дываноў.

Л.​Ф.​Салавей.

А.Марачкін Канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега. 1994.

т. 10, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСНАВЫ́Я ПЕ́СНІ,

жанрава шматскладовы цыкл каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх земляробчых народаў, асабліва ў славян і прыбалтаў. Прымяркоўваюцца да веснавога перыяду, найб. працяглага ў каляндарна-песенным крузе (у розных этнічных традыцыях амаль ад зімовага да летняга сонцавароту). Звязаны з абуджэннем прыроды, абнаўленнем зямлі і ўсяго жывога на ёй.

З усіх песень каляндарна-земляробчага круга ў веснавых песнях найб. яскрава выступае функцыя інспірацыйная (функцыя ўнушэння), якая ў старажытнасці мела магічнае, а пазней набыла асацыятыўна-сімвалічнае значэнне. Гэта асн. функцыя неаддзельная ад эстэтычнай, што вызначае прыўзняты эмац. лад песень і маляўнічыя фарбы вобразнай сістэмы. Таму пры ўсёй жанрава-тэматычнай разнастайнасці і багацці муз. адценняў веснавых песень розных народаў агульнае ў іх — усеабдымнасць гучання чалавечага голасу (які нібы пераклікаецца з галасамі прыроды), няўпыннасць рознага роду шэсцяў і карагодаў, а таксама культ расліннасці, які можа набываць розныя структурна-жанравыя характарыстыкі і стылявую афарбоўку.

У Беларусі веснавы цыкл з’яўляецца найважнейшым кампанентам разгорнутай каляндарна-песеннай сістэмы. Ядро цыкла ўтвараюць песні з устойлівымі рытуальнымі тыпалагічна акрэсленымі абагульненымі палітэкставымі напевамі: масленічныя песні, уласна «вясна» або гуканне вясны, валачобныя песні, веснавыя карагоды (гл. ў арт. Карагод), юраўскія песні, траецкія песні, куставыя, русальныя. Другую групу складаюць песні з больш індывідуалізаванымі напевамі (паставыя, што спяваліся ў вял. пост, веснавая талака, мікольскія, «як абходзяць зялёнае жыта») і многія лірычныя, умоўна прыстасаваныя да вясны («лугавыя», «лесавыя») і інш. Спяваюць іх з пач. сакавіка («як на снезе паявяцца праталіны», «як на вясну пацягне») і да чэрвеня («дакуль зязюля кукуе»). Асн. лейтматыў вобразнай сістэмы веснавых песень — збліжэнне чалавека з прыродай, якое праходзіць як бы тры этапы: спачатку вясну клічуць (гушкальныя «на калысках» на масленіцу, абрадавыя гуканні на ўзгорках на Благавешчанне), потым выходзяць ёй насустрач (валачобныя абходы двароў, абрадавы выган жывёлы «на расу» на Юр’я, шэсці і карагоды), нарэшце як бы непасрэдна збліжаюцца з ёю («водзяць куст», «завіваюць вянкі» на Сёмуху) і праводзяць яе («пахаванне стралы», «провады русалкі» ў русальны тыдзень, які завяршае Сёмуху). Асаблівую ўстойлівасць у веснавых песнях адпаведна набываюць сюжэтна-тэматычныя комплексы: гуканне вясны (з тыповымі зачынамі «Благаславі, маці, / Вясну загукаці!», «Жавароначкі, прыляціце!», «Ой, чырачка, пташэчка»); «адмыканне лета» («Зіма з летам страчалася»), масленічныя гушкалкі («А на гарэ сонца / Калышуцца дзеўкі»), абуджэнне ўсяго жывога («Вол бушуе — вясну чуе, / Баран блее — ў поле хоча»), няўпыннае веснавое шэсце («Памажы нам, божа, / На вулачку выйсці»), дары вясны, якія пералічваюцца ў форме пытання-адказу («Ой, вясна-красна, / Што нам прынесла?»); зварот да адушаўлёнай вясны-вясняначкі (русалачкі, купалачкі) з далейшым развіццём матываў кахання. Існуюць таксама сюжэты, спецыфічныя для асобных жанраў песень веснавога цыкла (валачобных, юраўскіх, куставых, карагодных), але ва ўсіх іх аграрна-магічныя матывы і культ расліннасці пераплятаюцца з матывамі кахання і шлюбу, як і рэальных гасп. клопатаў земляроба. Паводле характару мелодыкі веснавыя песні ўключаюць (у залежнасці ад жанру і мясц. традыцыі) гранічна сціслыя напевы-формулы і больш распетыя (у межах сярэдняга меладычнага дыяпазону). Яны вызначаюцца вобразна-эмац. разнастайнасцю (у іх чутны інтанацыі закліку, заклінання, святочна прыўзнятыя, лірычныя), багаццем тэмбравых фарбаў. Выкананне тыповае для песень, якія спяваюць на вольным паветры (менавіта з імі звязана свайго роду нар. школа галаснога спеву). Для рытуальных веснавых песень характэрна антыфоннае спяванне з зычнай пераклічкай галасоў, заклікавае заключэнне на тэрцавым ці квартавым верхнім гуку, доўгія воклічы («Гу!» ці «У-у-у!») з глісандуючымі ўзлётамі ў канцы, а часам і ў сярэдзіне меластрафы («каб адгалоскі ішлі»). Веснавыя песні вядомы на ўсёй Беларусі, але размеркаванне іх у розных этнагр. зонах неаднолькавае. Гуканне вясны і карагоды канцэнтруюцца пераважна на Палессі, ва ўсходнім і цэнтр. рэгіёнах, юраўскія ў заходнім рэгіёне, гушкальныя масленічныя — на Паазер’і, валачобныя — на Паазер’і, у зах. і цэнтр. рэгіёнах, траецкія — ва ўсходнім рэгіёне і на Палессі, веснавая талака — у паўн.-ўсх., русальныя — у паўд.-ўсх. раёнах, «пахаванне стралы» — на ўсходнім, «куст» — на зах. Палессі. У сучасным побыце бел. вёскі апрача прымеркаваных да вясны лірычных найб. захаваліся абходныя песні, перш за ўсё нацыянальна вызначальныя валачобныя. Даволі жывучымі аказаліся веснавыя гуканні і карагодныя песні, але цяпер іх носьбіты — старэйшыя жанчыны, што вядзе да адпаведных змен у характары іх бытавання (іх проста спяваюць без адпаведных дзеянняў, якімі яны суправаджаліся раней). Наогул, выяўляецца тэндэнцыя адмацавання веснавых песень ад абраду пры строгай, аднак, замацаванасці ў свядомасці вяскоўцаў іх сімвалічнай значнасці і пэўнага часу выканання.

Публ.:

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 1, ч. 1. СПб., 1887;

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975;

Веснавыя песні. Мн., 1979 (Бел. нар. творчасць);

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;

Земцовский И.И. Мелодика календарных песен. Л., 1975. С. 77—128;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 4, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́Д,

комплекс строга вызначаных чыннасцяў, слоўных формул, жэстаў, абумоўленых пэўнымі рэліг. вераваннямі. Абрад абслугоўваюць рэліг. культы, звязаныя з імі грамадска-прававыя акты і працоўныя працэсы. Мэта абраду — забеспячэнне магічным чынам спрыяльнага развіцця прыродных з’яў, плёну ў працы, дабрабыту, здароўя, працягласці роду і інш.

Структура абраду бывае даволі складаная: яна мае «ядро» — асн. чыннасці — і шэраг свабодных, імправізацыйных дзеянняў, за кошт якіх фарміруюцца лакальныя або часавыя варыянты. Этнічныя варыянты блізкіх абраду найб. цікавыя і інфарматыўныя. Як правіла, найб. важныя нар. абрады паходзяць з вельмі даўніх часоў. Яны фарміраваліся на архаічнай ідэалаг. аснове і з’яўляюцца рэалізацыяй глыбока закаранёных у нар. свядомасці ўяўленняў пра навакольны свет, жыццё прыроды і чалавека, адносіны чалавека з космасам і да т.п.

Бел. нар. абрады падзяляюцца на каляндарныя, звязаныя з урачыстасцямі паваротных пунктаў гадавога сонечнага цыкла, і сямейныя, якія сакралізуюць змены ў грамадскім статусе чалавека, прымеркаваныя да асн. момантаў яго жыцця: нараджэнне (гл. Радзіны), наданне імя, уступленне ў шлюб (гл. Вяселле), пахаванне. Сямейныя абрады былі ў пэўнай залежнасці ад каляндарных (напр., вяселлі дазвалялася ладзіць толькі ў непаставыя тыдні). Багатая абраднасць беларусаў сведчыць пра складанае ўзаемадзеянне нар. язычніцкай абраднасці з абраднасцю хрысціянскай (гл. Абрады рэлігійныя). Язычніцкая аснова абраду ў большасці засталася непарушная, хрысціянства наклалася на гэту сістэму тонкім пластом (наданне пэўным святам імёнаў святых, прымеркаванне сваіх міфаў, сімволікі і інш.). Так, да стараж. навагодняга свята Вялікадня далучана Пасха і паданні пра замардаванне і дзівоснае ўваскрэсенне Ісуса Хрыста, дзень Вялеса (Масленка) стаў запустамі, дзень Ярылы-Юр’я — днём св. Георгія, зялёныя святкі — Тройцай (гл. Сёмуха), Купалле — днём св. Яна і да т.п. Аднак многія абрады засталіся чыста язычніцкія, без далучэння хрысціянскай міфалогіі: пахаванне «стралы» ў Пасожжы, «куст» на Піншчыне, «жаніцьба Цярэшкі» на Полаччыне, «жаніцьба коміна» на Палессі і інш. Гэтыя абрады складаюць адметнасць бел. абрадавай творчасці. З гадавымі ўрачыстасцямі звязваецца шмат абрадаў, абумоўленых логікай святкавання, станам прыроды, прац. задачамі. Асн. з іх: памінанне продкаў (Дзяды, Радаўніца), абходы двароў з віншавальна-велічальнымі песнямі, драм. сцэнкамі, танцамі, музыкай, варажба, магічныя засцерагальныя дзеянні, абрадавыя гульні, ачышчэнне вадой і агнём, ахвяраванні і калектыўныя бяседы. Кожны значны абрад уключае асобныя элементныя абрады. Так, вясельны комплекс уключае абрад «віццё вянка», «вянок» (дзявочы вечар; гл. Саборная субота), каравайны абрад (гл. Каравай), благаславенне або пасад, царкоўны шлюб, праводзіны і сустрэчу маладых (прылучэнне да роду), дарэнне і інш.; абрад дажынак (гл. Дажынкі) — віццё вянка гаспадару, дзеянні з апошнім снапом, гуканне Спарыні. Даволі складаны комплекс абраду суправаджаў першы выган жывёлы ў поле, заворванне нівы, засеўкі і інш.

Многія бел. абрады маюць аналагі ў абрадавай практыцы ант. народаў. Найб. уражлівы прыклад, занатаваны ў пач. 20 ст., — абрадавы дыялог, прысвечаны хлебу. Святар, хаваючыся за вялізным мядовым пірагом на свята ўраджаю, пытаўся ў прысутных, ці бачаць яны яго, і жадаў, каб налета зусім не бачылі. Гэты абрад, які быў у язычніцкім храме ў Аргоне (на в-ве Руген), апісаны дацкім храністам 12 ст. Саксонам Граматыкам. Гл. таксама Абрадавае печыва, Абрадавыя стравы.

Літ.:

Занкевич А. Белорусские свадебные обряды и песни сравнительно с великорусскими. Спб., 1897;

Аничков Е. Весенняя обрядовая поэзия на Западе и у славян. Ч. 1—2. Спб., 1903—05;

Радзінная паэзія. Мн., 1971;

Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;

Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974;

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Яго ж. Валачобныя песні. Мн., 1989;

Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;

Зімовыя песні. Мн., 1975;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Зимние праздники. М., 1973;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Летне-осенние праздники. М., 1978;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;

Курочкін О.В. Новорічні свята українців. Київ, 1978;

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Народны тэатр. Мн., 1983;

Палескае вяселле. Мн., 1984;

Маслова Г.С. Народная одежда в восточнославянских традиционных обычаях и обрядах XIX — начала XX в. М., 1984;

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье: Обряд, песня. Мн., 1986;

Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986;

Борисенко В.К. Весільні звичаї та обряди на Україні. Київ, 1988;

Круглов Ю.Г. Русские обрядовые песни. 2 изд. М., 1989;

Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі). Мн., 1990;

Кухаронак Т.І. Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: канец XIX—XX ст. Мн., 1993;

Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993;

Беларускія народныя абрады / Скл. Л.​П.​Касцюкавец. Мн., 1994.

Л.​М.​Салавей, І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯ́ТЫ І СВЯТО́ЧНЫЯ ДНІ,

замацаваныя звычаямі і абрадамі дні, якія выражаюць пэўныя погляды, адносіны людзей да прыроды і паміж сабою. Многія склаліся ў старажытнасці. У працэсе гіст. развіцця зменьваліся, некат. адміралі, узнікалі новыя. На ранняй стадыі чалавечага грамадства, калі асн. заняткамі людзей было паляўніцтва, рыбалоўства і збіральніцтва, важнае значэнне надавалася святам, што наладжваліся ў гонар татэма, якому пакланяўся род і лічыў сваім апекуном. Татэмныя святы адбываліся ў спец. месцах, дзе захоўваліся родавыя святыні, суправаджаліся песнямі і танцамі, расказамі міфаў пра ўзнікненне роду. Святы ў гонар татэма ў некат. месцах захоўваліся і пасля таго, як род знік. Больш трывалымі і разнастайнымі былі земляробчыя святы. На Беларусі яны з’явіліся пераважна ў бронзавым і жалезным вяках, пастаянна развіваліся і сталі характэрнай рысаю культуры бел. этнасу, яго календара. Першым веснавым святам было гуканне вясны. Яго гал. элемент — спяванне веснавых песень, якімі заклікалі хутчэйшы прыход вясны, ваджэнне карагодаў, гушканне на арэлях. Абрадавай ежаю свята было печыва, якое нагадвала птушак. Гал. веснавым святам у земляробаў было валачобнае, якое пазней атрымала назву Вялікдзень. У старажытнасці яно было пачаткам новага каляндарнага года, таму ў час свята выказвалі добрыя пажаданні на ўвесь год. Ім адзначалі таксама пачатак веснавых земляробчых работ. Асн. яго элементы — абход валачобным гуртом усіх двароў (хат), спяванне валачобных песень, віншаванні. Лічылася, што валачобныя абрады спрыяюць ураджаю, дабрабыту сям’і, засцерагаюць ад хвароб. Продкаў паміналі на Радаўніцу. У канцы вясны — пачатку лета, праз сем тыдняў пасля Вялікадня, спраўлялі Сёмуху («зялёныя святкі»). Хаты ўпрыгожвалі галінкамі дрэў, двары высцілалі аерам. У гэты час у некат. рэгіёнах Беларусі спраўлялі абрад кумавання, або куставы (гл. Куст). Абавязковай абрадавай стравай у час кумавання была яечня. Гал. летнім святам беларусаў было Купалле. Яно звязана з летнім сонцастаяннем і накіравана пераважна на тое, каб садзейнічаць паспяванню ўраджаю. Для яго характэрны ўяўленні, што агонь (вогнішча — сімвал сонца), вада. расліннасць спрыяюць ураджаю, здароўю людзей. З купальскім святам звязаны шматлікія абрады, багатая купальская міфалогія бел. этнасу, у якой адлюстраваны яго паэтычны погляд на прыроду і мары пра шчаслівае жыццё. Купальская міфалогія ўвасоблена ў купальскіх песнях, карагодах, паданнях і займае важнае месца ў нац. культуры беларусаў. Цэнтральнае восеньскае свята — Багач. Яго спраўлялі пасля ўборкі збожжавых культур, напярэдадні сяўбы азімых. Сімвал свята — сявенька з жытам і васковай свечкай, якую называлі багачом. З гэтым сімвалам абыходзілі ўсе двары, пасля яго ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. З культам продкаў звязаны восеньскія Дзяды. У сярэдневякоўі ў сувязі са зменамі ў календары і пераносам пачатку новага года з вясны на зіму сфарміравалася зімовае свята Каляды. Асн. яго абрад — калядаванне. Яго ўдзельнікі хадзілі па хатах, выконвалі віншавальныя калядныя песні з пажаданнем добрага ўраджаю, дабрабыту, атрымлівалі за гэта дарункі. Істотны элемент гэтага свята — абрадавая вячэра (куцця). У час свята наладжвалі шматлікія гульні, танцы, забавы («Жаніцьба Цярэшкі», «Яшчур» і інш.), варажбу. З пашырэннем хрысціянства на Беларусі ўсталяваліся і хрысц. святы. Іх спраўляюць паводле царк. календара (правасл. і каталіцкага). Многія земляробчыя каляндарныя святы прымеркаваны да хрысціянскіх (гл. Святы рэлігійныя). Перапляліся даты правядзення хрысц. і земляробчых каляндарных свят і іх абрады. Сінкрэтычны характар у побыце набыла і міфалогія. Са з’яўленнем у сярэдневякоўі на Беларусі яўрэяў і татараў у іх асяроддзі спраўляюць іудаісцкія і мусульманскія святы. Шмат новых свят з’явілася на Беларусі ў 20 ст. Сярод іх дзярж.: Дзень Канстытуцыі (15 сак.), Дзень Перамогі (9 мая), Дзень Дзярж. герба Рэспублікі Беларусь і Дзярж. сцяга Рэспублікі Беларусь (2-я нядзеля мая), Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі — 3 ліп.), Дзень Кастр. сацыяліст. рэвалюцыі — 7 ліст. Адзначаюць таксама Дзень абаронцаў Айчыны і Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь (23 лют.), Дзень жанчын (8 сак.), Свята працы (1 мая). З’явілася многа свят, прысвечаных работнікам асобных прафесій, галін прамысловасці і сфер дзейнасці: Дзень работнікаў сац. абароны (5 студз.), Дзень бел. навукі (апошняя нядзеля студз.), Дзень міліцыі (4 сак.), Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі (7 мая), Дзень хіміка (апошняя нядзеля мая), Дзень мед. работніка (3-я нядзеля чэрв.), Дзень будаўніка (2-я нядзеля жн.), Дзень настаўніка (1-я нядзеля кастр.), Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысл. комплексу (3-я нядзеля ліст.) і інш. Апрача гэтых свят, на Беларусі пачалі адзначаць Дзень сям’і (15 мая), Дзень моладзі (апошняя нядзеля чэрв.), Дзень бел. пісьменства (1-я нядзеля вер.), Дзень маці (14 кастр.), Дзень памяці (2 ліст.), Дзень правоў чалавека (10 снеж.) і інш. Нерабочымі святочнымі днямі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца: 1 студз. — Новы год; 7 студз. — Каляды правасл.; 8 сак. — Дзень жанчын; 1 мая — Свята працы; 9 мая — Дзень Перамогі; 3 ліп. — Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі); 7 ліст. — Дзень Кастр. сацыяліст. рэвалюцыі; 25 снеж. — Каляды каталіцкія.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 14, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)