БАРБАРЫ́С
(Berberis),
род кветкавых раслін сям. барбарысавых. Каля 500 відаў. Пашыраны ў Паўн. Афрыцы, умераных абласцях Еўропы і Азіі, у Амерыцы. На Беларусі дзікарослы барбарыс звычайны (Berberis vulgaris), які расце на схілах у далінах рэк, каля дарог, на ўзлесках, у светлых лясах і хмызняках, і каля 50 інтрадукаваных відаў. Найб. вядомыя барбарыс амурскі (Berberis amurensis), Зібальда (Berberis sieboldii), круглаплодны (Berberis sphaerocarpa) і Тунберга (Berberis thunbergii).
Лістападныя і шматгадовазялёныя кусты або невял. дрэвы. Барбарыс звычайны — лістападны калючы куст выш. да 2 м з рабрыстымі прамастойнымі або дугападобнымі парасткамі. Лісце скурыстае, адваротнаяйцападобнае, дробнапілаватае, у пучках. Кветкі жоўтыя, духмяныя, у павіслых гронках. Плады ягадападобныя, ярка-чырвоныя, падоўжаныя, сабраныя ў гронкі, ядомыя. Вырошчваецца ў жывых агароджах і бардзюрах. Мае шмат садовых формаў з рознай афарбоўкай лісця. Дэкар., лек., харч. і меданосныя расліны. Плады багатыя яблычнай к-той і вітамінамі, выкарыстоўваюцца ў кандытарскай і лікёра-гарэлачнай прам-сці. Кара і карані маюць лімонна-жоўтую фарбу і дубільнікі.
т. 2, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)