У́НСЕТ (Undset) Сігрыд (20.5.1882, г. Калунбарг, Данія — 10.6.1949),

нарвежская пісьменніца. Дэбютавала аповесцю «Спадарыня Марта Оўлі» (1907), якой вызначыла гал. праблему далейшай творчасці — эмансіпацыя жанчыны. У раманах «Шчаслівы ўзрост» (1908), «Ені» (1911), «Вясна» (1914), аповесці «Віга-Льёт і Вігдыс» (1909), зб. апавяд. «Абяздоленыя лёсы» (1912) і інш. перапляценне рэаліст. і рамант. тэндэнцый, праблемы сям’і, пачуццёвасці, грамадскай маралі. У 1920-я г. паступова эвалюцыяніравала да каталіцтва, што наклала адбітак на ўсю далейшую творчасць. Гал. яе творы — гіст. трылогія з эпохі вікінгаў і сярэдневякоўя «Крыстын, дачка Лаўранса» (1920—22) і гіст. раман «Улаў, сын Аўдуна з Хествікена» (т. 1—4, 1925—27), у якіх рамантызм у раскрыцці вобразаў і падзей накладваецца на пэўны кансерватызм светапогляду У. У раманах «Гімнадэнія» (1929), «Куст у агні» (1930), «Іда-Элісабет» (1932), «Верная жонка» (1936), кн. эсэ «Этапы» (1929) маральна-рэліг. праблематыка. Аўтар зб. вершаў «Маладосць» (1910), аўтабіягр. рамана «Адзінаццаць год» (1934), шматлікіх эсэ-ўспамінаў, перакладаў стараж.-ісл. саг, апрацовак сярэдневяковага кельцкага эпасу, аповесці для дзяцей «Сігурд і яго адважныя сябры» (выд. 1955) і інш. Нобелеўская прэмія 1928.

Тв.:

Рус. пер. — Улав, сын Аудуна из Хествикена. М., 1984;

Кристин, дочь Лавранса. Т. 1—2. М., 1994;

Йенни. Мн., 1994.

Літ.:

Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980.

Л.​П.​Баршчэўскі.

С.Унсет.

т. 16, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)