РО́ЙСДАЛ (Ruysdael, Ruisdael) Якаб ван (1628 або 1629, г. Харлем, Нідэрланды — пахаваны 14.3.1682), галандскі жывапісец; адзін з буйнейшых пейзажыстаў 17 ст. Вучыўся, верагодна, у свайго дзядзькі С. ван Ройсдала. Зазнаў уплывы П.Потэра, Я. ван Гоена, Х.Сегерса. Працаваў у Харлеме, з 1656 у Амстэрдаме. У ранніх творах адлюстроўваў сціплыя ваколіцы Харлема («Хатка ў гаі», 1646, і інш.). Каля 1650—55 вандраваў па Нідэрландах і Германіі, пісаў манумент. пейзажныя кампазіцыі, у якіх праз халодную колеравую гаму і рэзкія святлоценявыя кантрасты ўвасабляў пачуццё драм. зменлівасці жыцця («Яўрэйскія могілкі», каля 1650—55, і інш.). Пазней ствараў гар., вясковыя, марскія, рачныя пейзажы, прасякнутыя адчуваннем суровай велічы прыроды. Творы вызначаюцца дакладнасцю малюнка, матэрыяльнай адчувальнасцю форм, майстэрствам перадачы дынамікі святлопаветранага асяроддзя, багаццем каларыту: «Від вёскі Эгманд», «Пейзаж з вадзяным млынам» (1661), «Куст», «Балота», «Вятрак у Вейку» (1660-я г.), «Марскі бераг» (канец 1660—пач. 1670-х г.), «Горы Нарвегіі», «Вадаспад» і інш. Працаваў таксама ў тэхніцы афорта.
Літ.:
Фехнер Е.Ю. Я. ван Рейсдаль и его картины в Государственном Эрмитаже. Л., 1958.